Словы — у справу

Сінькевіч, Г. Словы — у справу / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 23 снежня. — С. 4.

Механізмы павышэння якасці адукацыі абмяркоўвалі кіруючыя работнікі адукацыйнай сферы Магілёўшчыны — пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама сабрала прадстаўнікоў усіх раёнаў.

Размова выдалася прадметнай, з канкрэтнымі прапановамі і даручэннямі. За мінулы год была дасягнута станоўчая дынаміка па многіх паказчыках. Так, з 64 да 69 павялічыўся працэнт школьнікаў, якія маюць высокі і дастатковы ўзровень ведаў. Амаль у два з паловай разы паменшылася колькасць вучняў з нізкай і здавальняючай паспяховасцю. Па шэрагу прадметаў палепшыліся сярэднія балы навучэнцаў на цэнтралізаваных экзамене і тэсціраванні. За ЦЭ выпускнікам выдадзена 152 стабальныя сертыфікаты, трое маладых людзей атрымалі на ўступных іспытах максімальныя 400 балаў.

Паспяхова праявілі сябе сёлета школьнікі ў алімпіядным руху. Яны заваявалі 10 медалёў на міжнародных алімпіядах, прычым 7 узнагарод узялі выпускнікі абласнога ліцэя № 1. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцы рэгіёна заваявалі 91 дыплом.

Разам з тым у некаторых раёнах работа з высокаматываванымі дзецьмі вядзецца фармальна. Практыка паказвае, што з улікам складанасці заданняў кваліфікацыя большасці настаўнікаў дазваляе падрыхтаваць пераможцу другога і трэцяга этапаў алімпіяды. Але для гэтага трэба падключацца да работы абласных рэсурсных цэнтраў, наладжваць кантакты з трэнерскім складам і выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Таксама варта далучаць вучняў да заняткаў даследчай дзейнасцю. Першачарговая задача — забеспячэнне ўзаемадзеяння з УВА, наладжванне пераемнасці паміж школьнай і студэнцкай навукай. Сёння настаўнікам неабходна працаваць у цесным тандэме з выкладчыкамі ўніверсітэтаў, максімальна аб’яднаўшы намаганні на карысць навучэнцаў. Hi адно дзіця, матываванае на ўдзел у алімпіядах або конкурсах даследчых работ, не павінна застацца без суправаджэння.

— Істотна павысіць якасць адукацыі можна толькі праз добрасумленную зладжаную работу органаў кіравання і педагагічных калектываў. У нас яшчэ шмат незадзейнічаных рэзерваў. Трэба шукаць новыя падыходы ў рабоце і з матываванымі вучнямі, і з тымі, хто не зацікаўлены ў высокіх адзнаках. Кожны ўрок павінен мець маштабны выхаваўчы патэнцыял. Дробязей тут няма, важным з’яўляецца ўсё. Асабліва ўзаемадзеянне з сям’ёй. Бацькі павінны ўсведамляць, што яны — паўнацэнныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, — падкрэсліла начальнік упраўлення дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Марына Багданава.

Асаблівая ўвага на пасяджэнні калегіі была ўдзелена функцыянаванню ўстаноў прафесійнай адукацыі. Зараз у вобласці дзейнічаюць 24 разнапрофільныя каледжы. Прапанаваныя для навучання спецыяльнасці пастаянна абнаўляюцца, адпавядаюць сучасным запытам рынку працы. Ва ўстановах укараняюцца новыя адукацыйныя стандарты, ствараюцца цэнтры кампетэнцый, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база і супрацоўніцтва з вытворчасцю. Гэта дапамагае цалкам забяспечваць кадравыя патрэбы рэгіянальнай эканомікі. Але неабходна рухацца наперад. Кіраўніцтва каледжаў павінна думаць пра перспектыўныя планы развіцця да 2030 года, якія будуць уключаць правядзенне рамонтаў, абнаўленне абсталявання і вучэбных праграм, удасканаленне структуры падрыхтоўкі кадраў.

Абмяркоўваліся на пасяджэнні і іншыя надзённыя тэмы. Падрабязна гаварылі пра арганізацыю харчавання навучэнцаў, змест комплекснай праграмы выхавання дзяцей і моладзі на найбліжэйшае пяцігоддзе. У гэтых напрамках ёсць як дасягненні, так і недахопы.

— Фармальна адносіцца да службовых абавязкаў недапушчальна, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава. — Неабходна разам працаваць над вырашэннем наяўных праблем, сумеснымі намаганнямі рэалізоўваць адзіныя мэты. Тады замест слоў і абяцанняў пабачым сапраўдныя вынікі на справе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.