Скачкоўскі, А. Год быў паспяховы, і мы ідзём наперад! / Аляксандр Скачкоўскі ; гутарыла Алена Вінаградава // Звязда. — 2025. — 30 снежня. — С. 7.
2025 год для філіяла прайшоў пад знакам юбілейнага — работнікі адзначылі 25-годдзе Магілёўскага філіяла ў самым пачатку года, у студзені, і ўвесь гэты час падраздзяленне ўпэўнена рухалася па шляху развіцця, як, зрэшты, і ўсе гады свайго існавання. Як адзначыў дырэктар Аляксандр Скачкоўскі, амаль 26 гадоў таму кіраўніцтва «Белмытсэрвісу» загадала жаданне адкрыць філіял у Магілёве — і ўсё спраўдзілася. Дзякуючы калектыву за гэтыя гады філіял вырас у падраздзяленне прадпрыемства з высокімі стандартамі якасці і надзейнасці. Пра тое, як Магілёўскі філіял завяршае свой юбілейны год, які сённяшні дзень калектыву і якія найважнейшыя задачы вырашыць ужо ўдалося, а якія — на парадку дня, наша размова з кіраўніком Аляксандрам СКАЧКОЎСКІМ.
НАШЫ КЛЮЧАВЫЯ ДАСЯГНЕННІ
— Год мы завяршаем з сапраўды добрымі вынікамі, — кажа дырэктар філіяла. — І я хацеў бы адзначыць некалькі ключавых дасягненняў нашага падраздзялення ў 2025 годзе.
Па-першае, стварэнне магчымасці афармлення ўсіх неабходных дакументаў у адным месцы значна спрасціла працэс бесперашкоднага перамяшчэння транспарту па тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).
Па-другое, у сувязі з пашырэннем пераліку тавараў, якія маркіруюцца, нам удалося асвоіць новае сучаснае праграмнае забеспячэнне — такім чынам, мы значна павялічылі аб’ёмы маркіроўкі прадукцыі.
Яшчэ адзін важны момант — транспартна-лагістычны цэнтр «Бабруйск-Белмытсэрвіс» уключаны ў эксперымент па ўжыванні навігацыйных пломб пры перавозцы лесаматэрыялаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі, змешчаных пад мытную працэдуру экспарту ў Рэспубліцы Беларусь аўтамабільным транспартам, якія перамяшчаюцца праз тэрыторыі Расійскай Федэрацыі для наступнага выбыцця з тэрыторыі ЕАЭС. ТЛЦ «Бабруйск-Белмытсэрвіс» таксама ўнесены ў пералік ведамасных пунктаў мытнага афармлення для здзяйснення мытных аперацый і правядзення мытнага кантролю ў дачыненні да адзення, якое было ва ўжыванні.
Па-трэцяе, працягнулася развіццё рознічнай сеткі продажаў, адкрыліся новыя крамы ў Магілёве і Бабруйску. І гэта было не проста наша рашэнне — гандлёвыя пункты мы адкрылі з улікам пажаданняў і просьбаў пакупнікоў. У сферы грамадскага харчавання мы мадэрнізавалі абсталяванне і пашырылі асартымент прадуцыі, якая выпускаецца ў нашым кафэ. Цяпер вырабляем піцу і выпечку, што прыйшліся даспадобы пакупнікам, прычым не толькі жыхарам Магілёва, але і гасцям горада.
ПАСЛУГІ — «ПАД КЛЮЧ»
— У кожнага філіяла ёсць свая адметная рыса. Якая яна ў Магілёўскага філіяла?
Мы маем 12 пунктаў абслугоўвання ў рэгіёне, і нашай адметнай рысай з’яўляецца спецыялізацыя на аказанні комплексных паслуг «пад ключ» ва ўмовах адсутнасці наземных рэспубліканскіх пунктаў мытнага афармлення. Філіял распрацоўвае і рэалізоўвае аптымальныя лагістычныя схемы таварапатокаў з мытным афармленнем, спрыяючы далейшаму развіццю эканомікі ва ўмовах санкцыйнага ціску ў дачыненні да суб’ектаў Рэспублікі Беларусь і ЕАЭС. Адным з ключавых кірункаў дзейнасці філіяла з’яўляецца развіццё сэрвісаў у рэгіёне, садзейнічанне экспартным пастаўкам у розныя краіны і далёкае замежжа, у тым ліку ў краіны «далёкай дугі». Візітнай карткай нашага філіяла сталі хуткасць і якасць.
ЭКСПЕРТЫ Ў СВАЁЙ СПРАВЕ
Адным з галоўных кірункаў дзейнасці Магілёўскага філіяла РУП «Белмытсэрвіс» з’яўляецца стварэнне новых і ўдасканаленне дзеючых лагістычных ланцужкоў, развіццё бяспечных міжнародных транспартных калідораў.
— Для павелічэння руху тавараў праз тэрыторыю Магілёўскага рэгіёна і скарачэння выдаткаў грузавозчыкаў Магілёўскай і Мінскай абласцей мы максімальна задзейнічаем наяўную інфраструктуру ТЛЦ «Магілёў-Белмытсэрвіс» з улікам планаванай рэканструкцыі. Для прасоўвання паслуг па навешванні і зняцці навігацыйных пломб ініцыяванае пытанне па размяшчэнні ў пункце пропуску «Звянчатка — Панятоўка» дзяржаўных службаў, неабходных для перамяшчэння тавараў, якія падлягаюць мытнаму, фітасанітарнаму, ветэрынарнаму і іншым відам кантролю на сумежным баку. Гэта дазволіць перамяшчаць грузы па самым кароткім шляху з захаваннем усіх патрабаванняў заканадаўства ЕАЭС. Прапрацоўваецца і пытанне пераадрасацыі грузаў, якія паступаюць у кантэйнерах і вагонах з Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Казахстана, Манголіі праз чыгуначныя станцыі агульнага карыстання Орша, Калядзічы — на чыгуначныя станцыі Магілёва. Мы прымаем самы актыўны ўдзел у гэтай рабоце — як эксперты ў галіне мытных і транспартных паслуг.
СЭРВІС 24/7
— З гэтага года ў вас запрацаваў новы сэрвіс — пункт абслугоўвання карыстальнікаў платных дарог СР5. Раскажыце пра гэта падрабязней.
— Сапраўды, з сакавіка 2025 года на базе нашага філіяла пачаў функцыянаваць пункт абслугоўвання карыстальнікаў АГС-сістэмы для платных дарог. Асноўная мэта стварэння пункта — даць максімальна поўны спектр паслуг, звязаных з выкарыстаннем платных дарог, — у адным месцы і ў рэжыме «24/7». Кліентам даступныя ўсе ключавыя аперацыі без прывязкі да стандартнага працоўнага дня, што асабліва зручна для дальнабойшчыкаў і тых, хто працуе без выхадных.
— Якія паслугі там можна атрымаць?
— Спектр самы шырокі: афармленне дагавораў на карыстанне платнай дарогай, выдача і прыём прылад электроннай аплаты, папаўненне балансу на прыладах. Нашы спецыялісты дадуць кансультацыю па правілах праезду і тарыфах, дапамогуць у вырашэнні іншых пытанняў, якія ўзнікаюць у карыстальнікаў платных дарог.
У НАГУ З ПРАГРЭСАМ
— Задачы перад калектывам стаяць маштабныя, і, каб іх паспяхова вырашаць, неабходная адпаведная тэхнічная аснашчанасць. — Працэс удасканалення ў гэтым кірунку ў нас ідзе пастаянна. У 2026 годзе плануецца мадэрнізацыя складскога абсталявання, уключаючы абнаўленне шмат’ярусных стэлажных сістэм, што забяспечыць больш эфектыўнае выкарыстанне складскіх плошчаў. На ТЛЦ «Магілёў-Белмытсэрвіс» запушчаны халадзільныя і маразільныя камеры для тавараў, якія патрабуюць асаблівых умоў захоўвання. Тэмпература халадзільнай камеры падтрымліваецца ў дыяпазоне ад 0 да + 5 °C, з магчымасцю рэгулявання тэмпературы ўзалежнасці ад віду тавару, у маразільнай камеры — у выглядзе рэфкантэйнера — ад 0 да — 18 °C. Таксама на ТЛЦ ёсць абсталяванне для выгрузкі легкавых аўтамабіляў, у тым ліку з кантэйнераў, што павышае эфектыўнасць лагістычных аперацый і пашырае магчымасці па апрацоўцы розных грузаў.
ЛАГІСТЫЧНЫ КЛАСТАР БАБРУЙСК
Транспартна-лагістычны цэнтр у Бабруйску, адно са структурных падраздзяленняў Магілёўскага філіяла, мае зручныя транспартныя зносіны і ўласныя пад’язныя чыгуначныя пуці. Мы пацікавіліся ў Аляксандра Аляксандравіча, якія перавагі ўсё гэта дае.
— ТЛЦ «Бабруйск-Белмытсэрвіс» з’яўляецца адзіным інфраструктурным аб’ектам у гэтым рэгіёне, які працуе з таварамі, што знаходзяцца пад мытным кантролем і прыбываюць рознымі відамі транспарту. У выніку нядаўняй рэканструкцыі з’явіўся сучасны мультымадальны тэрмінал для поўнай лагістычнай апрацоўкі тавараў, якія прыбываюць на аўтамабільным і чыгуначным транспартах, уключаючы перавалку. Гэтыя перавагі дазваляюць цалкам інтэграваць суб’екты гаспадарання ў транзітную сістэму рэгіёна і Рэспублікі Беларусь у цэлым. Кампаніі могуць ажыццяўляць мытнае афармленне і складскую апрацоўку практычна любых катэгорый тавараў унутры тэрыторыі цэнтра, без неабходнасці дастаўкі грузаў у іншыя рэгіёны. Акрамя таго, наяўнасць сучаснага мытнага тэрмінала стымулюе прыцягненне новых інвестыцый і стварае дадатковыя працоўныя месцы.
РУХАВІК ПОСПЕХУ
— Аляксандр Аляксандравіч, наш выпуск выходзіць напярэдадні навагодніх свят. Што вы скажаце свайму калектыву, што вы скажаце пра свой калектыў і што яму пажадаеце?
— Калектыву Магілёўскага філіяла хочацца выказаць самыя добрыя і цёплыя словы. Нашы агульныя дасягненні — гэта заслуга кожнага супрацоўніка. Напярэдадні свят хачу выказаць шчырую падзяку ўсім нашым працаўнікам. Жадаю, каб ва ўсіх спраўдзіліся запаветныя жаданні! Жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і натхнення для новых здзяйсненняў. Упэўнены, што калектыў і далей будзе дэманстраваць высокі прафесіяналізм і высокія вынікі, а філіял — умацоўваць свае пазіцыі ў рэгіёне ва ўмовах сучаснага рынку. Усіх з Новым годам і Калядамі!
Алена ВІНАГРАДАВА.