Сінькевіч, Г. Музыка дабра / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 30 снежня. — С. 4.
Маштабную дабрачынную акцыю з такой назвай ладзяць у перыяд навагодніх свят у Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я.Глебава. 3 дапамогай творчасці педагогі і навучэнцы дораць надзею і веру ў цуды цяжкахворым дзецям.
— Духоўна-маральнаму выхаванню вучняў удзяляем вялікую ўвагу. Ва ўстанове развіты валанцёрскі рух, бо мы ўпэўнены: далучэнне да дабрачыннасці выхоўвае ў дзецях міласэрнасць, спагадлівасць, чуласць. Новы год — час здзяйснення жаданняў. Прапануем нашым навучэнцам стаць чараўнікамі для аднагодкаў, якія трапілі ў бяду, — паведаміў дырэктар Аляксандр Курсакоў.
Акцыю «Музыка дабра» ва ўстанове арганізуюць звыш пяці гадоў. У дні зімовых канікул навучэнцы сумесна з настаўнікамі выступаюць з дабрачыннымі канцэртамі, збіраюць грашовыя сродкі, цацкі, канцылярскія прылады. Рэчы пасля перадаюцца ў рэгіянальнае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду.
У рамках ініцыятывы ў гімназіі-каледжы ажыццявілі некаторыя запаветныя дзіцячыя мары.
— Зрабілі цуд для Марата Новікава з Асіповіч. Юнак з захворваннем апорна-рухальнага апарату сур’ёзна захапляецца мастацкай фатаграфіяй. Мы падарылі яму фотаапарат. Варвары Акунёвай са Шклова дапамаглі атрымаць у падарунак веласіпед. Для Міхаіла Малашэнкі э Мсціслава набылі вертыкалізатар: дзякуючы гэтаму медыцынскаму прыстасаванню, хлопец змог устаць на ногі і зрабіць першыя крокі. У Ліліі Курык са Шклова, якая вельмі любіць спяваць, з нараджэння парушэнні зроку — ёй уручылі прафесійныя навушнікі і планшэт. Істотны уклад унеслі ў збор сродкаў на лячэнне Уладзіслава Кандратава, Кірыла Кубарава, Лізаветы Курапаценка, Данііла Пархоменкі, Мікіты Крупенчука, Рамана Цвяткова, Арцёма Падзьялоўскага. Многія з іх палепшылі стан здароўя, — расказаў Аляксандр Яўгенавіч.
Сёлета ва ўстанове імкнуцца здзейсніць навагоднія жаданні Ігара Тузава і Германа Кірылава з Асіповіцкай спецыяльнай школы-інтэрната. Герман марыць аб шрубавёрце, які дазволіць падрыхтавацца да ўдзелу ў алімпіядзе па працоўным навучанні. А мара Ігара — уласныя хадункі-ралатар: прылада забяспечыць юнаку мабільнасць і паспяховую сацыялізацыю ў грамадстве.
— Вынікі акцыі традыцыйна падводзім у студзені на святочным мерапрыемстве «Гімназія-каледж збірае сяброў». Нашы вучні паказваюць гасцям свае таленты, ва ўрачыстай атмасферы ўручаюць падарункі маленькім адрасатам, дзеляцца з імі пазітыўным настроем, — адзначыў Аляксандр Курсакоў.
Добрыя справы вучні і педагогі гімназіі-каледжа робяць не толькі пад Новы год — пастаянна дапамагаюць дзецям, састарэлым людзям, клапоцяцца пра бяздомных жывёл.
— Магчымасць зрабіць навакольны свет дабрэйшым аказвае на навучэнцаў каласальнае выхаваўчае ўздзеянне, — падкрэсліў Аляксандр Яўгенавіч. — Валанцёрства найлепшым чынам спрыяе фарміраванню ў светапоглядзе вучняў трывалых маральных прынцыпаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.