Маркава, С. Эстафету прыме Гродна : [Магілеў перадае статус культурнай сталіцы Гродна] / С. Маркава // Рэспубліка. — 2013. — 3 снежня. — С. 4.
Магілёў перадачу статусу культурнай сталіцы адзначыць яскравым канцэртам, выставамі і адкрыццём памятнага знака.
— Гэтую ганаровую эстафету сярод беларускіх гарадоў на 2014 год прыме Гродна. А статус культурнай сталіцы СНД дастанецца кіргізскаму Ошу і казахстанскай Алматы, — удакладніў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец.
Урачыстае «складанне паўнамоцтваў» намечана на 9 снежня. У святочным канцэрце прымуць удзел мясцовыя артысты, зоркі беларускай эстрады і краін СНД. Гэтай падзеі таксама прысвечана выстава-прэзентацыя «Культурныя традыцыі Магілёва: ад мінулага да сучаснасці», якая адкрыецца ў Палацы культуры вобласці, флэш-моб «Магілёў — культурная сталіца-2013». У гонар свята раней звычайнага запаліць свае агні галоўная ёлка горада. Змянілі традыцыйную дату свайго шэсця і Дзяды Маразы. Калі ў мінулыя гады казачныя героі са сваімі Снягуркамі рабілі «праменад» па галоўных вуліцах Магілёва на Каляды, то ў гэтым пройдуць 8 снежня.
Адной з самых галоўных падзей перадачы эстафеты стане таксама ўрачыстае адкрыццё памятнага знака каля Магілёўскага гарвыканкама. Ён будзе нагадваць аб пачэсным званні культурнай сталіцы Беларусі і СНД, якую абласны цэнтр насіў на працягу ўсяго 2013 года.