Пачэсны статус

Свірко, І. Пачэсны статус : Магілёву ўручаны сертыфікат культурнай сталіцы Садружнасці 2013 / І. Свірко // Рэспубліка. — 2013. — 22 лютага. — С. 1.

Пачэсны статус

Магілёву ўручаны сертыфікат культурнай сталіцы Садружнасці 2013 года

Старажытны Магілёў сёлета ў цэнтры ўвагі. Горад двойчы аб’яўлены культурнай сталіцай — Беларусі і СНД. Днямі адбыліся ўрачыстасці з нагоды ўручэння яму сертыфікату «Магілёў — культурная сталіца Садружнасці 2013 года». Знамянальна, што наданне Магілёву гэтага пачэснага статусу супала з сёлетнім старшынствам Беларусі ў СНД, дэвізам якога з’яўляецца інтэграцыя на карысць чалавека, умацаванне добрасуседства, развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне павышэнню даступнасці экалагічных тэхналогій, пашырэнне дыялога культур.

Штогод у Магілёве праходзіць каля 3 тысяч культурных падзей, у ліку якіх і шэраг буйных міжнародных фестываляў і форумаў. У горадзе працуюць 105 узорных, народных і заслужаных творчых калектываў. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана каля 700 аб’ектаў з больш чым 3 тысяч помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі і мастацтва, якія захаваліся на тэрыторыі Магілёўшчыны.

— Мы вельмі ганарымся, што такое высокае званне атрымаў наш горад. У насычанай праграме культурных мерапрыемстваў гэтага года — многа конкурсаў для юных мастакоў, у якіх выхаванцы нашай школы будуць прымаць самы актыўны ўдзел. Хвалюемся, хаця б паспець усюды. Адзін з бліжэйшых пройдзе ўжо вясной. Дзеці рыхтуюць работы па тэме «Магілёў — лепшы горад Зямлі», — падзялілася з «Р» Надзея Міхайлава, дырэктар Магілёўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў.

З асаблівым хваляваннем чакае хуткага адкрыцця ў родным горадзе чарговага Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.контакт» калектыў Магілёўскага абласнога тэатра лялек.

— Сёлета мы прадставім гасцям і ўдзельнікам свой новы праект — спектакль «Гамлет» паводле Шэкспіра. Упершыню на фестывалі тэатр лялек будзе працаваць для дарослых, — распавёў дырэктар калектыву Уладзімір Андрэенка. Дарэчы, як прадстаўнікі культурнай сталіцы СНД, магілёўскія лялечнікі пакажуць сёлета сваё мастацтва ў Расіі — у Белгарадзе і Бранску.

— Я ганаруся сваім родным горадам. Вельмі многа таленавітых людзей, творчых асоб — выхадцаў з яго — сёння вядомыя не толькі на беларускіх сцэнах, але і за мяжой. Думаю, сёлета ў культурным жыцці Магілёва адбудзецца многа розных яркіх падзей, і ён будзе сустракаць яшчэ больш сяброў і гасцей. За апошнія гады горад расквітнеў, стаў вельмі прыгожым. Я кожны раз заўважаю гэта і радуюся, калі прыязджаю дадому, — расказала заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева і прызналася, што ў родны горад хацела б прыехаць сёлета з вялікай сольнай праграмай, каб паказаць яе на фестывалі «Залаты шлягер», менавіта ён у 1998 годзе стаў для спявачкі лёсавызначальным.

Па меркаванні арганізатараў, сёлетні праект «Культурная сталіца» будзе самым насычаным па колькасці мерапрыемстваў і «зорнасці» яго ўдзельнікаў.