Выхоўваць даследчыкаў і вынаходнікаў

Сінькевіч, Г. Выхоўваць даследчыкаў і вынаходнікаў / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 13 сакавіка. — С. 8.

Робататэхніка, праграмаванне і ментальныя арыфметыка: у ДЦРД № 1 Магілёва стварылі STEAM-цэнтр

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Магілёва выхаванцаў актыўна далучаюць да сучасных тэхналогій. Тут дзейнічае STEAM-цэнтр, дзе малышы ў гульнявой форме знаёмяцца з асновамі робататэхнікі, праграмавання, ментальнай арыфметыкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сучасныя дзеці ў літаральным сэнсе растуць з гаджэтамі ў руках. Для іх гэта натуральная частка жыцця. Каб яны не толькі спажывалі гатовы кантэнт, трэба з ранняга ўзросту вучыць іх усвядомленаму і бяспечнаму ўзае­мадзеянню з тэхналогіямі. Менавіта гэта матывавала наш калектыў аформіць STEAM-цэнтр. Адно з памяшканняў абсталявалі робататэхнічнымі наборамі і канструктарамі, інтэрактыўнай панэллю з праграмным забеспячэннем, дыдактычнымі матэрыяламі, шматфункцыянальнай мэб­ляй. У гэтым асяроддзі выхаванцы мо­гуць адчуць сябе сапраўднымі даследчыкамі і вынаходнікамі, — паведаміла педагог дадатковай адукацыі Валянціна Каліноўская.

Пад кіраўніцтвам Валянціны Міхайлаўны пры STEAM-цэнтры функцыянуюць тры аб’яднанні па інтарэсах. На занятках гуртка “Інфарматыка без разеткі” малышы вывучаюць азы алгарытмізацыі і логікі без выкарыстання камп’ютараў. Наведваючы аб’яднанне “Юны праграміст”, хлопчыкі і дзяўчынкі асвойваюць пачатковы ўзровень праграмавання. А гурток “Займальны сарабан” дапамагае ім зразумець асаблівас­ці ментальнай арыфметыкі.

— Заняткі праходзяць раз на тыдзень у падгрупах да дзесяці чалавек, што дазваляе ўдзяляць увагу кожнаму выхаванцу. Такі фармат стварае камфортную і прадукцыйную атмасферу. Дзеці робяць уласныя міні-праекты, паспяхова выступаюць у творчых конкурсах, — расказала суразмоўніца.

Найбольш значнага поспеху выхаванцы Валянціны Каліноўскай дасягнулі летась. Яны атрымалі перамогу на міжнародных спаборніцтвах MatataWorld Robotics Competition.

— Анлайн-спаборніцтвы арганізоўваюцца вядомай кампаніяй MatataStudio. У 2025 годзе ў іх удзельнічала больш за 100 каманд з 12 краін. Мае малышы выступалі ў малодшай групе, дзе выкарыстоўваліся робататэхнічныя наборы Coding Set. Яны праграмавалі робатаў, рашалі лагічныя задачы. Мы атрымалі галоўную конкурсную ўзнагароду. Для дзяцей гэтая перамога стала наг­лядным пацвярджэннем таго, што праца і настойлівасць прыво­дзяць да вялікага выніку. Выхаванцы змаглі прадэманстраваць свае таленты, набылі ўпэўненасць у сабе, смеласць у ідэях, — адзна­чыла Валянціна Міхайлаўна.

Па яе меркаванні, у тэхнічных гуртках у дзяцей фарміруюцца важныя навыкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі развіваюць канцэнт­рацыю і памяць, вучацца планаванню, камунікацыі і самааналізу.

— Ранняе знаёмства з алгарытмамі, робататэхнікай і логікай спрыяе станаўленню ў выхаванцаў сістэмнага крытычнага мыслення, якое спатрэбіцца ў любой сферы. Яны становяцца больш матываванымі і падрыхтаванымі да школьнага навучання, таму будзем пашыраць адукацыйныя магчымасці STEAM-цэнтра, — падкрэсліла Валянціна Каліноўская. — У планах — укараненне новых робататэхнічных набораў і камплектаў, распрацоўка дадатковых аўтарскіх вучэбных модуляў, правядзенне сямейных майстар-класаў. Наша мэта — стварыць прастору, дзе дзеці змогуць расці, тварыць і ўпэўнена ўваходзіць у свет сучасных тэхналогій.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі