Зігуля, Н. Якасна і аператыўна / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2026. — 28 сакавіка. — С. 7.У Магілёве прааналізавалі вынікі работы ідэалагічнай вертыкалі за мінулы год
Грамадска-палітычную абстаноўку ў рэгіёне, развіццё інфармацыйнага поля, рэалізацыю буйных тэматычных праектаў абмеркавалі на пашыраным пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. У ім прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Ліпніцкі, намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі, начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Беларусі Сяргей Корнеў, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашонак і іншыя.
«НЕ ХАПАЕ КАНСТРУКТЫЎНАЙ КРЫТЫКІ»
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей НАЛІВАЙКА адзначыў, што на старонках СМІ не хапае канструктыўнай крытыкі. Па яго словах, у сродках масавай інфармацыі не хапае аналітыкі, у іх не павінна быць самаўсхвалення і дэкларавання нейкіх лозунгаў. Сяргей Налівайка ўказаў таксама, што падчас правядзення адзіных дзён інфармавання ў працоўных ка-лектывах нярэдка адсутнічае дыскусійны складнік.
Начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛІПНІЦКІ нагадаў, што Дырэктыва № 12 дзейнічае амаль год, і заўважыў, што за лічбамі не відаць якасці работы:
— Ідэалогія — шырокая сфера, тут акрамя інфармацыйнай работы ёсць і эканоміка, і адукацыя, і ахова здароўя, і іншыя галіны. Па асобных кірунках вобласць мае добрыя вынікі. Але хочацца нагадаць, што інфармацыйная работа не павінна быць фармальнай. Некаторыя мерапрыемствы праводзяцца для птушачкі, і людзі на іх адкрыта сумуюць або не да канца разумеюць, пра што ідзе размова. На першым плане павінен быць чалавек, яго правы. Калі з ім не паразмаўляць, ён звернецца ў інтэрнэт і знойдзе падтрымку там. Але ці будзе яна канструктыўнай?
Аляксандр Ліпніцкі падкрэсліў важнасць работы грамадскіх арганізацыі і партый. Заклікаў больш якасна праводзіць адзіныя дні інфармавання, каб атрымліваўся канструктыўны дыялог і яны мелі эфект. Трэба больш актыўна ўцягваць моладзь у студэнцкі рух і праводзіць у гэтым кірунку інфармацыйную работу, каб бацькі ведалі, куды накіраваць сваіхдзяцей.
— За вашай работай ёсць вынік, — рэзюмаваў ён. — Гэта і тыя інфармацыйныя кампаніі, якія вы праводзіце, і Музей славы Магілёўшчыны, які пабудавалі, — усё гэта заслугоўвае пахвалы. Але заўсёды трэба задаваць сабе пытанне: ці ўсё я зрабіў, каб дзейнасць развівалася дынамічна?
ПРОСТАЙ МОВАЙ ТЛУМАЧЫЦЬ, ШТО АДБЫВАЕЦЦА
Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ адзначыў, што ў параўнанні з 2024 годам у рэгіёнах наладзілі паслядоўную сістэму публікацый пра дзейнасць Прэзідэнта, а таксама аналітычнага, крытычнага, грамадска значнага характару:
— Сёння галоўнае — павысіць якасць інфармацыйнага прадукту. І не абмяжоўвацца друкаваным фарматам. Мы павінны быць прадстаўлены ва ўсіх без выключэння сродках інфармацыі. Простай мовай тлумачыць, што адбываецца і як гэта будзе ўплываць на рэгіён.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына МУЗЫЧЭНКА агучыла вынікі па асноўных кірунках работы за мінулы год, удакладніўшы, што павышэнне эфектыўнасці ідэалагічнай работы — задача палітычная:
— У выкананне Дырэктывы № 12, першага ключавога праграмнага дакумента, які вызначае ідэалагічнае развіццё дзяржавы, у Магілёўскай вобласці створана выразная структура ідэалагічнай вертыкалі. У гаррайвыканкамах функцыянуюць аддзелы ідэалагічнай работы і па справах моладзі ў колькасці не меней чым тры чалавекі. Акрамя гэтага, ва ўсіх арганізацыях з колькасцю працоўных ад 600 і больш чалавек, а таксама ва ўстановах вышэйшай адукацыі каардынацыю ідэалагічнай работы ажыццяўляюць намеснікі кіраўнікоў і прарэктары адпаведна. Для арганізацыі больш эфектыўнай работы сёлета сумесна з таварыствам «Веды» і МДУ імя Куляшова запланаваны цыкл навучальных мерапрыемстваў, які ўключае правядзенне практыка-арыентаваных семінараў, круглых сталоў, канферэнцый.
Грамадска-палітычную абстаноўку ў рэгіёне Кацярына Музычэнка ахарактарызавала як стабільную, адзначаўшы, што па сацдаследаваннях 85 % жыхароў задаволена якасцю свайго жыцця і што насельніцтва давярае мясцовым органам улады. Маніторынг грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі дае магчымасць своечасова выяўляць актуальныя праблемы і прымаць меры па іх вырашэнні.
Начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Беларусі Сяргей КОРНЕЎ расказаў аб выніках пошукавай дзейнасці. Ён высока ацаніў дзейнасць Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» ў данясенні гістарычнай памяці да моладзі. А яго выданне — «Пошукавы веснік» — назваў унікальным метадычным дапаможнікам па правядзенні пошукавых работ.
Аб прыярытэтах у інфармацыйнай рабоце таксама казалі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег СТЭЛЬМАШОНАК і ў відэарэжыме намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ.
Нэлі ЗІГУЛЯ