Малако з настроем

Зігуля, Н. Малако з настроем / Нэлі Зігуля, Алена Даўжанок // Звязда. — 2026. — 26 мая. — С. 8—9.

ААТ «Бабушкина крынка» ведае, чым здзівіць спажыўца

Магілёўская кампанія з душэўнай назвай — адзін з лідараў па вытворчасці малочных прадуктаў у Беларусі. Яе магутнасці дазваляюць перапрацоўваць 72 тысячы тон малака ў месяц. Сёння з гэтай карыснай сыравіны тут вырабляюць больш чым 300 найменняў рознай прадукцыі пад маркамі «Бабушкина крынка», «Веселые внучата», «Свежие новости», «Это вкусно», «Greco». Адна толькі назва малочнай смакаты выклікае жаданне яе паспрабаваць. Хіба бабуля нешта нясмачнае прапануе сваім унучатам?! У Год беларускай жанчыны было цікава даведацца, якую ролю ва ўсім гэтым выконваюць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

СМАЧНА ЕСЦІ

Як жартуюць тутэйшыя мужчыны: «Жанчыны ў нас генерыруюць ідэі, а мы іх рэалізуем — арганізуем вытворчы працэс». Генеральны дырэктар ААТ «Бабушкина крынка» Аляксандр РУДЗЕНЯ пацвярджае, што на прадпрыемстве сапраўды працуюць самыя што ні на ёсць гаспадарлівыя жанчыны. Тэхнолагі распрацоўваюць некалькі дзясяткаў навінак у год. Літаральна месяц таму ў продаж паступіла новая распрацоўка — ёгурт«Creamy». Попыт на яго расце, аб’ёмы пастаўкі ў гандаль павялічваюцца.

— Прадукт з высокім (5 %) утрыманнем тлушчу мае сметанковую кансістэнцыю, — пералічвае перавагі намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Наталля КІСЯЛЁВА.

— Наш спажывец ёгурт ужо ацаніў, аддзел продажу актыўна прапрацоўвае прасоўванне яго на рынкі знешніх краін, у прыватнасці Расіі. Там таксама зацікавіліся нашым «Creamy».

Тутэйшыя тэхнолагі не баяцца эксперыментаваць, прапаноўваючы разам з класічнымі фруктова-ягаднымі варыянтамі ёгуртаў прынцыпова нетыповыя. Ёгурт з напаўняльнікам «Жытні хлеб з карыцай» як раз з гэтай серыі. Вельмі сытны і карысны. Павышаны попыт назіраецца на незвычайныя варыянты сметанковага масла — з дабаўленнем багавіння, сванскай солі, зеляніны. Лідары продажаў — вырабы з казінага малака. Яно прысутнічае ў сырах «Chevre», «Сарга», «Манчега», малочных прадуктах для дзіцячага ўзросту.

— Урачы рэкамендуюць ужываць казінае малако, таму што яно лягчэй засвойваецца, там багацейшы мінеральны склад, — аргументуе Наталля Кісялёва.
Прадпрыемства адным з першых у краіне адрэагавала на даручэнне Прэзідэнта рабіць з сухога малака гатовую прадукцыю.
— У Асіповічах запусцілі лінію па вытворчасці цукерак з рознымі смакавымі напаўняльнікамі, — расказвае Наталля Кісялёва. — Там жа знаходзіцца ўчастак вытворчасці сухіх сумесяў для кактэйляў і марожанага — кожнага прадукту вырабляем па тры наймення. Вельмі зручны варыянт. Спажывец пры жаданні зможа сам зрабіць сабе смакату з сухой сумесі. Апошняя навінка — сцікі з «хуткім малаком». У маленькай упакоўцы сумесі на адну шклянку. Развёў у вадзе — і спажывай. Гэты прадукт стваралі з прыцэлам на экспарт, паколькі айчынны рынак перанасычаны малаком «адразу ад каровы». «Хуткае малако» больш запатрабаванае ў Афрыцы, іншых краінах, дзе няма малочнай вытворчасці.
МАЛОЧКА У ТРЭНДЗЕ

«Бабушкина крынка» — прадпрыемства сучаснае, паспяхова канкурыруе з сусветнымі лідарамі. Напрыклад, Кітай прывабліваюць разнастайнасць і якасць прадукцыі, якую тут вырабляюць. Ён зацікаўлены стварыць на сваей тэрыторыі сумеснае з магілёўскай кампаніяй прадпрыемства. Гэты праект знаходзіцца ў стадыі актыўнага абмеркавання.

— Падпісана Пагадненне аб намерах, ідзе дэталёвае абмеркаванне асартыменту, які патрабуецца на кітайскім рынку, — канстатуе генеральны дырэктар. — Прадукцыя будзе ісці ў продаж пад нашым брэндам, паколькі ён сёння вядомы ў Кітаі. Падчас паездкі туды атрымалася пабываць у гіпермаркеце горада Лохэ, насельніцтва якога больш чым два мільёны. Там ёсць і наша масла, і ёгурты, і малако, і сухія сумесі для кактэйляў і марожанага.

У Паднябесную малако будзе пастаўляцца ў выглядзе сухіх сумесяў, а на месцы з яго зробяць гатовыя прадукты — ёгурт, марожанае, сыр і гэтак далей.

Прадукцыя ААТ «Бабушкина крынка» прываблівае не толькі Кітай.

— Сёння распрацоўваем для Інданезіі прадукты, якія будуць адноўлены з сухога малака, — адзначае Аляксандр Рудзеня. — Там ствараюцца праграмы па павелічэнні спажывання насельніцтвам малака, і наша прадукцыя запатрабавана. Дарэчы, цяпер мы пастаўляем яе ў 23 краіны свету!

Прадпрыемства актыўна працуе над паглыбленай перапрацоўкай малака.

— Умоўна кажучы, раскладваем яго ўжо не тое што на малекулы, а на атамы, — кажа кіраўнік прадпрыемства. — Будзем выдзяляць звышнарматыўны бялок з сыроваткі і малака, каб накіроўваць яго на іншыя віды прадукцыі. Высокабялковыя прадукты запатрабаваныя ва ўсім свеце, бо гэта здаровае харчаванне. Плануем будаўніцтва новага цэха па вытворчасці канцэнтратаў сыроватачнага бялку і далейшай паглыбленай яго перапрацоўкі.

УМОВЫ ПЕРШ ЗА УСЕ

ААТ «Бабушкина крынка» — гэта цэлы комплекс сучасных прадпрыемстваў: непасрэдна кіруючая кампанія холдынга «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкина крынка», якая знаходзіцца ў Магілёве, плюс 12 філіялаў  у райцэнтрах вобласці і цэх па вытворчасці сыроў у Бялыніцкім раёне. Кіраўніцтва кампаніі зацікаўлена, каб усе гэтыя калектывы былі як адна сям’я. Па словах намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Алены ШУМЕЙКА, усе работнікі з’яўляюцца членамі прафсаюза і знаходзяцца пад абаронай гэтай арганізацыі. Наладжаны кантроль за захаваннем заканадаўства, павышэннем дабрабыту, работнікам аказваецца ўся прававая і кансультатыўная дапамога.

— Сёлета на сваё першае месца ў кампанію прыйшлі 6 маладых спецыялістаў, — кажа Алена Шумейка. — Усім прапанаваны варыянты вырашэння жыллёвых пытанняў. На сёння чаргі на атрыманне месца ў інтэрнаце прадпрыемства няма.

На першым плане — клопат пра здароўе супрацоўнікаў. Штогод прадпрыемства страхуе работнікаў ад няшчасных выпадкаў. Для зручнасці працуючых на прадпрыемстве і ў яго філіялах арганізавана работа выязных груп медперсаналу для правядзення дыспансерызацыі ў працэсе працоўнага дня.

У найбліжэйшых планах прадпрыемства — стварыць для работнікаў яшчэ больш прывабныя ўмовы працы.

— Для зніжэння нагрузкі на людзей устанаўліваем робатаў, якія будуць аўтаматычна засыпаць сыравіну, — удакладняе Аляксандр Рудзеня. — Ужо не чалавек будзе паднімаць мяшкі, а робат. Таксама наладзім аўтаматычнае складаванне мяшкоў. Сёння ў нас гэтым пакуль займаюцца людзі.

Калектыў аб’ядноўвае не толькі агульнае месца працы, але і розныя мерапрыемствы — спорт, экскурсіі, святы. На Дзень Перамогі ў святочнай калоне работнікаў прадпрыемства, якія апрануліся ў спецыяльна пашытую да 9 Мая ваенную форму ўзору 1941-1945 гадоў, было бачна здалёк.

Прадпрыемства можа пахваліцца сваімі шматлікімі дынастыямі. Тут наогул многія працуюць сем’ямі, у тым ліку інтэрнацыянальная сям’я Антоні і Анжэлікі Уквусіке, працоўныя дынастыі Шаршнёвых, Кавалевічаў, Чыстовых, Марозавых, Кудасавых, Пілецкіх.

НЕ ТОЛЬКІ ПРЫГАЖУНІ

У складзе амаль трохтысячнага калектыву ААТ «Бабушкина крынка» сапраўды шмат жанчын. Акрамя тэхнолагаў, іх хапае сярод спецыялістаў па кантролі якасці, якія пільна адсочваюць працэс стварэння прадуктаў, і супрацоўнікаў лабараторыі, якія адсочваюць бяспечнасць прадукцыі. Сярод супрацоўніц, дзякуючы якім дасягаюцца поспехі ў рабоце прадпрыемства, — начальнік вытворчай лабараторыі Алена Якубава, кантралёр харчовай прадукцыі вытворчай лабараторыі Таццяна Волкава, інжынер-радыёлаг Аксана Блогіна.

35 гадоў працуе на прадпрыемстве кантралёр харчовай прадукцыі натуральнамалочнага цэха Вікторыя Волкава. Яна добра ведае, што значыць якасная прадукцыя. З любоўю да прафесіі ставяцца начальнік цэха па вырабе натуральнамалочнай прадукцыі Ірына Кузьмянкова і майстар гэтага ж цэха Таццяна Кавалёва.

Якасць прадукцыі дасягаецца за кошт многіх складнікаў, у тым ліку беражлівасці. А ў жанчын гэта прыродная рыса. На прадпрыемстве абавязкі вядучага спецыяліста па беражлівай вытворчасці выконвае Вераніка САЛАДКОВА. У нядаўнім конкурсе па павышэнні прадукцыйнасці працы сярод прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці, арганізаваным СЭЗ «Магілёў», праект ААТ «Бабушкина крынка» атрымаў найвышэйшую адзнаку ў намінацыі «Найлепшая практыка ўкаранення беражлівай вытворчасці».

— Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што мы прайшлі навучанне і ўключыліся ў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па развіццю прамысловасці, — расказвае Вераніка Саладкова. — У якасці эксперыментальнага ўчастка была выбрана лінія INDEX па разліву натуральнамалочнай прадукцыі ў бутэльку. Мы пралічылі магчымыя прыпынкі, пераналадкі і гэтак далей, распрацавалі карэкціруючыя мерапрыемствы і пачалі іх укараняць. Раней мы разлівалі 120 тон гатовай прадукцыі за суткі, цяпер — 140 тон. Плануем набыць дадатковае абсталяванне, што дазволіць павялічыць аб’ём вытворчасці на 15 %. Цяпер працуем над тым, каб скараціць тэрміны закупа сыравіны, што таксама прывядзе да павышэння вытворчасці працы.

ЗОНА АДКАЗНАСЦІ

Сыравінныя зоны «Бабушкиной крынки» знаходзяцца ў 19 раёнах Магілёўшчыны з 21. Прадпрыемства шчыльна працуе з сельгасарганізацыямі, якія пастаўляюць ёй малако. Аказвае ім метадалагічную дапамогу, a таксама паслугі па заатэхніі, абслугоўванні даільнага абсталявання і гэтак далей. Спецыялісты прадпрыемства замацаваны практычна за ўсімі гаспадаркамі вялікай сыравіннай зоны. Дапамагаюць у лячэнні жывёл і іх утрыманні, бо ад гэтага залежыць якасць сыравіны.

— Мы забяспечваем іх сродкамі дэзінфекцыі, абслугоўваем іх абсталяванне, а ў выпадку няштатнай сітуацыі нашы спецыялісты адразу ж выязджаюць на месца, — расказвае Аляксандр Рудзеня. — Дзве сельгасарганізацыі: адна наша — «Бабушкино подворье» ў Хоцімскім раёне, другая ў даверным кіраванні — «Новая Друць» у Бялыніцкім раёне. Апошняя — на асаблівым кантролі. Мы дапамагаем ім не толькі ў бягучай дзейнасці, але і ў інвестыцыйнай, у развіцці і паляпшэнні эканамічнай сітуацыі. Сваімі дзеяннямі мы робім усё для таго, каб сыравіна была якасная. I вынікі ёсць. Прэтэнзій да малака, якое пры паступленні на прадпрыемства праходзіць строгі ўваходны кантроль, у тым ліку на радыяцыю і ўсе іншыя паказчыкі бяспекі, няма.

Нягледзячы на тое, што філіялы кампаніі адпавядаюць усім патрабаванням часу, яны штогод мадэрнізуюцца. У найбліжэйшым будучым на філіяле «Слаўгарадскі» плануецца ў рамках праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны ўдасканаліць цэх па вытворчасці сыроў з узвядзеннем ачышчальных збудаванняў.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Алена ДАЎЖАНОК.