Ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя

Сінькевіч, Г. Ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 24 сакавіка. — С. 4.

Свята майстэрства і прафесіяналізму: пераможцаў абласнога этапу конкурсу «Настаўнік года» вызначылі на Магілёўшчыне

Адданыя прафесіі, любяць дзяцей і пастаянна імкнуцца да самаўдасканалення — такія педагогі працуюць на Магілёўшчыне. Пацвярджэнне гэтага — абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Традыцыйна прафесійнае спаборніцтва аб’яднала сотні педагогаў. Спачатку настаўнікі праходзілі адбор у навучальных установах, пасля — на раённым узроўні.

— У завочны тур абласнога этапу падалі заяўкі 98 канкурсантаў. Яны прадстаўлялі журы вопыт педагагічнай дзейнасці і медыявізітоўку. У вочны тур па выніках прайшлі 40 педагагічных работнікаў. Сярод іх былі своеасаблівыя тандэмы. Па двое настаўнікаў прадстаўлялі гімназію і сярэднюю школу № 2 Мсціслава, сярэднюю школу № 34 Бабруйска. А гонар гімназіі № 1 Горак абаранялі адразу трое настаўнікаў, — адзначыў рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро.

Некаторыя педагогі далучаюцца да конкурсу не ўпершыню. У ліку такіх удзельнікаў — настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэй Бязлепкін.

— Спрабую свае сілы на конкурсе ўжо трэці раз. Станавіўся лідарам на вобласці, лаўрэатам на рэспубліцы. Але засталося адчуванне нейкай недаказанасці, таму вырашыў уключыцца ў конкурсны марафон зноў. Вельмі падабаецца атмасфера спаборніцтва. Падчас выканання заданняў бывае маральна складана, але стомленасць заўсёды перакрывае моцны матывацыйны зарад да прафесійнага развіцця, — падзяліўся суразмоўнік.

Цікавыя ідэі

Сёлета арганізатары падрыхтавалі для настаўнікаў насычаную праграму. Ім неабходна было правесці ўрок у незнаё­мым класе з самааналізам, прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, даць майстар-клас і міні-ўрок на сцэне, а таксама выступіць з самапрадстаўленнем.

З прапанаванымі заданнямі канкурсанты спраўляліся выдатна. На іспытах педагогі дэманстравалі выключны прафесіяналізм, наватарскія падыходы да работы.

— Прыемна было назіраць за ўрокамі ў незнаёмых класах. Настаўнікі паказвалі глыбіню валодання прадметам, выкарыстоўвалі разнастайныя адукацыйныя тэхналогіі і сродкі навучання. Яны змаглі захапіць вучняў, знайсці да іх падыход, а таксама данесці да дзяцей вучэбны матэрыял, рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял заняткаў, — паведаміла старшыня журы намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” настаўніца фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска Святлана Здаранкова.

Добра выступілі ўдзельнікі і на майстар-класах. Яны яскрава праяўлялі прафесійнае майстэрства, уменне ўзаемадзейнічаць з шырокай аўдыторыяй. Увагі былі вартыя і прэзентуемыя методыкі работы.

— Убачылі шмат цікавых ідэй. Уразілі напрацоўкі па прымяненні кантэкставых заданняў ад Яўгена Рышкевіча з Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раё­на, інтэграцыя рэгіянальнага кампанента ў навучанне ад Ільі Кіртокі з сярэдняй школы № 34 Магілёва, — заўважыў член журы намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” дырэктар гімназіі Глуска Сяргей Сяргееў.

Адзін з самых яркіх майстар-класаў прадставіў Сяргей Ходак з гімназіі Мсціслава. Настаўнік дэталёва абазначыў асаблівасці выкарыстання ментальных карт на ўроках англійскай мовы:

— Выступалі перед будучымі педагогамі — студэнтамі МДУ імя А.А.Куляшова. Сам некалі заканчваў гэты ўніверсітэт. Прыемна было зноў апынуцца ў сценах альма-матар. У ходзе майстар-класа зрабіў упор на інтэрактыўную практыку — даў студэнтам выразную схему дзеянняў па стварэнні ментальных карт, растлумачыў відавочныя плюсы іх ужывання. У сённяшніх навучэнцаў кліпавае мысленне. Ментальныя карты — гэта менавіта той інструмент, які рэальна дапамагае дзецям запамінаць вялікія аб’ёмы інфармацыі.

Сапраўднае прызначэнне

Шчыра і пранікнёна праходзіла заданне з самапрадстаўленнем. Прынцыпы і светапогляд канкурсантаў пераконвалі: прафесія для іх — не толькі праца, а сапраўднае прызначэнне.

— Настаўнік сёння — майстар шмат­задачнасці. Каб якасна вучыць і выхоў­ваць, прыходзіцца прымяраць на сябе самыя розныя ролі. Быць рэжысёрам, акцёрам, сцэнарыстам вучэбнага працэсу. Што­дзень выходжу на гэтую сцэну з радасцю, бо бясконца люблю сваіх вучняў, — расказала Юлія Усцінава з сярэдняй школы № 26 Магілёва.

— Любое дзіця нараджаецца з крыламі. Галоўная мэта педагога — расправіць іх і дапамагчы вучню адправіцца ў палёт, скіраваць на правільны шлях, — лічыць Наталля Ткачэнка з Барсукоўскай базавай школы Клімавіцкага раёна.

Вольга Пазднякова з сярэдняй школы № 2 Горак параўнала кіраванне класам з яздой на аўтамабілі. Настаўніца пастаянна выкарыстоўвае на занятках тэматычныя формы, прымяненне знаёмых вобразаў дазваляе вучням бачыць структуру ўрока, аператыўна ўспамінаць вывучанае за кароткі тэрмін рэфлексіі.

Крэатыўным было выступленне Кацярыны Шыкуць з сярэдняй школы № 34 Бабруйска. Яна расшыфроўвала генетычны код настаўніка. На яе думку, у асобе педагога абавязкова павінна прысутні­чаць любоў да дзяцей, творчасць, цярпенне, энергічнасць, уменне здзіўляць і весці за сабой.

А вось Святлана Рэянтовіч з сярэдняй школы № 21 Магілёва ўпэўнена: школа — насамрэч жыццё, бо гэты будынак прасякнуты дыханнем, рухам, смехам, характарам, марамі. Незвычайную алегорыю настаўніца выкарыстала наконт педагагічнай працы. Як былая альпіністка яна прывяла паралелі паміж выкладаннем і пакарэннем вяршынь:

— Рэгулярна здзяйсняю творчае ўзыходжанне праз школьную адукацыйную прастору па маршруце “Пачатковыя класы”. Для дзяцей я праваднік у свет ведаў. За гады ў прафесіі сабрала багаты метадычны рукзак. У ім тэхналогіі развіццёвага навучання, праектных задач, шматвектарнага чытання, крэатыўнага мыслення. Імкнуся разгледзець здольнасці вучняў, ства­рыць для кожнага ўласную адукацыйную траекторыю. Даю навучэнцам першы трывалы падмурак, які дазваляе ім смела і без перашкод далей ісці па вучэбнай дарозе.

Шматлікія выступленні наглядна паказалі: удзельнікі выконваюць сваю работу з неабыякавасцю і натхненнем. Значна, што конкурс стаў для педагогаў пляцоўкай для абмену вопытам, падарыў новыя знаёмствы і станоўчыя ўражанні.

— Конкурсны тыдзень быў напоўнены запамінальнымі падзеямі і эмоцыямі. Дзялілася сваімі напрацоўкамі, пераймала знаходкі калег. Адкрыла ў сабе дадатковыя прафесійныя грані, убачыла кропкі для росту, — выказалася прадстаўніца гімназіі Асіповіч Анастасія Гарадзецкая.

Парад педагагічных дасягненняў

Фінішную рысу конкурсу падводзі­лі на дыялогавай пляцоўцы. У нефармальнай гутарцы гаварылі аб выключнай важнасці спаборніцтва для педагагічнай грамадскасці.

— Конкурс “Настаўнік года” — парад педагагічных дасягненняў. Магілёўскія педагогі паказалі сябе ўлюбёнымі ў сваю прафесію людзьмі. Яны не проста даюць веды, а вучаць дзяцей беражліва захоўваць нацыянальную культуру і традыцыі, прывіваюць ім асноўныя каштоўнасці беларускага народа, з’яўляюцца прыкладам для моладзі, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Уладзімір Далжанкоў.

У ходзе размовы разважалі і аб тым, якім павінен быць настаўнік года. Выснова была аднагалоснай: толькі прафесіяналізму тут недастаткова.

— Уладальнік гэтага ганаровага статусу, па сутнасці, стане настаўнікам нас­таўнікаў, будзе ўвасабляць айчынную сістэму адукацыі. Акрамя прафесіяналізму, гэты чалавек павінен валодаць высокімі маральнымі якасцямі. Гэта таксама пат­рыёт, які кожным сваім урокам, выступленнем ці словам абавязаны дэманстраваць любоў да роднай краіны і разуменне адказнасці за яе будучыню. Бо будучыня Беларусі знаходзіцца менавіта ў руках педагогаў, — лічыць прарэктар па навуковай рабоце Акадэміі адукацыі Вольга Зелянко.

Імёны пераможцаў конкурсу называлі ва ўрачыстай атмасферы. На святочнай цырымоніі неаднойчы гаварылі пра тое, як шмат у Магілёўскай вобласці таленавітых настаўнікаў.

— Усе канкурсанты — Педагогі з вялікай літары. Наогул настаўніцтва нашай вобласці знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку і прафесійным удасканаленні. З такімі настаўнікамі сфера адукацыі рэгіёна будзе дынамічна развівацца і паспяхова функцыянаваць, — падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава.

Пераможцамі ў прадметных намінацыях былі прызнаны настаўнік гісторыі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Яўген Рышкевіч, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Горак Вольга Пазднякова, настаўніца пачатковых класаў гімназіі Асіповіч Анастасія Гарадзецкая, настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэй Бязлепкін, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 3 Асіповіч Ганна Лісіцкая, настаўніца хіміі гімназіі № 1 Горак Кацярына Залатарская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вяйнянскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Алена Ковалева.

У новых намінацыях “Малады дырэктар” і “Малады настаўнік” лепшымі сталі дырэктар сярэдняй школы № 2 Бялыніч Сяргей Лістапад і настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Бабруйска Анастасія Бірукова. Цяпер гэтыя педагогі — каманда, якая хутка будзе прадстаўляць Прыдняпроўскі край на заключным этапе конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара