Сінькевіч, Г. Ушанавалі алімпіяднікаў / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 21 ліпеня. — С. 3.
Пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных предметах ушанавалі ў Магілёве. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі навучэнцы і педагогі, якія прывялі іх да поспеху.
Сёлета Прыдняпроўскі край на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды прадстаўлялі звыш 200 навучэнцаў, з іх 93 былі прызнаны пераможцамі. У скарбонцы каманд вобласці — 21 дыплом I, 30 — II і 42 — III ступені.
— Перамогі навучэнцаў — важкі паказчык зладжанай, плённай працы педагагічнай супольнасці, адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава.
Мы выбудавалі эфектыўную сістэму, якая дазваляе выяўляць, падтрымліваць і якасна рыхтаваць да ўдзелу ў алімпіядах кожнага адоранага вучня.
Лідарам алімпіяднага рэйтынга рэгіёна стаў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3. На рахунку навучэнцаў гэтай установы — 12 дыпломаў. Выдатна праявілі сябе таксама вучні Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №1, Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча, гімназіі № 3 Магілёва.
Пераможцаў заключнага этапу падрыхтавалі 82 педагогі вобласці. Своеасаблівы ракорд у настаўніка фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэя Бязлепкіна — ён прывёў да перамогі на алімпіядзе адразу чатырох вучняў. Па 3 дыпламанты — у настаўніка фізікі і астраноміі Ліцэя БРУ Аляксандра Сугакевіча, настаўніцы біялогіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Юліі Шайтанавай і настаўніка фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Уладзіміра Грабцэвіча.
— Поспех забяспечваецца комплексным падыходам да падрыхтоўкі, — расказалаЮлія Шайтанава. — Распрацоўваю для кожнага вучня індывідуальную праграму, каб дзіця было цалкам «над матэрыялам”. Важную ролю адыгрывае пераемнасць: старэйшыя хлопцы і дзяўчаты заўсёды падтрымліваюць малодшых. Вялікай падмогай лічу абласны рэсурсны цэнтр, дзе мы працуем у цесным тандэме з калегамі. Не забываюся пра настрой і матывацыю, аказваю навучэнцам маральную падтрымку.
Мае выхаванцы не ўпершыню ўваходзяць у лік лепшых знаўцаў біялогіі ў краіне. А дзве сёлетнія выпускніцы падчас уступнай кампаніі скарысталіся прывілеем як пераможцы алімпіяд: Ганна Шульгоўская паступае без экзаменаў ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, а Аляксандра Куцава — у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
А вось Уладзімір Грабцэвіч прыводзіць вучняў да перамог з дапамогай уласнага сайта. Зацікаўленасць сучасных дзяцей інфармацыйнымі тэхналогіямі ён выкарыстоўвае на карысць навучэнцаў.
— На партале размешчана аўтарская методыка падрыхтоўкі, якая дазваляе індывідуальна падыходзіць да раскрыцця здольнасцей кожнага навучэнца. Сярод мноства яе аспектаў фундаментальнае значэнне мае развіццё матэматычных навыкаў, паколькі без іх глыбокае засваенне фізікі немагчыма. Распрацаваў курс з 15 тэм, якія ўдасканальваюць матэматычны апарат, — паведаміў педагог. — Раблю стаўку на гэтую сістэму, і вучні бліскуча праяўляюць сябе: дасягаюць перамог як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.