Сінькевіч, Г. Якасна і своечасова / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 4 жніўня. — С. 8.
Падрыхтоўка да новага навучальнага года, арганізацыя харчавання навучэнцаў, выхаваўчая работа — гэтыя тэмы сталі галоўнымі на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.
Сёлета на гэтыя мэты выдзелена звыш 115 млн рублёў. На стадыі завяршэння — будаўніцтва сучаснай сярэдняй школы на 1020 месцаў у Магілёве. У 38 установах агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляюцца капітальныя рамонты і мадэрнізацыя. Вядзецца работа па стварэнні неабходных умоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Да пачатку навучальнага года плануецца адрамантаваць асфальтавае пакрыццё бегавых дарожак у 10 школах, яшчэ ў трох выконваецца поўнае абнаўленне спартыўных пляцовак. Акцэнт зроблены на стварэнні даступнага інклюзіўнага асяроддзя: у 9 навучальных установах абсталююць пандусы, тактыльныя элементы, мнемасхемы і таблічкі са шрыфтам Брайля. Абнаўляецца і парк школьнага транспарту: за кошт рэспубліканскага бюджэту будуць закуплены 15 аўтобусаў, яшчэ 2 адзінкі тэхнікі паступілі дзякуючы спонсарскай дапамозе. У ліку прыярытэтаў — бяспека адукацыйнага працэсу. Усе ўстановы адукацыі абсталяваны ручной трывожнай сігналізацыяй, амаль усюды ўсталяваны сродкі відэаназірання.
— Падрыхтоўка да 1 верасня — наша агульная першачарговая задача, якая патрабуе максімальнай мабілізацыі і адказнасці на месцах. Кожная ўстанова адукацыі абавязана своечасова быць гатовай да новага навучальнага года, — арыентавала калег начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава.
У ходзе пасяджэння калегіі была дэталёва прааналізавана эфектыўнасць выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі. Каб аб’яднаць намаганні розных ведамстваў і выбудаваць адзіныя падыходы ў гэтым кірунку, у вобласці распрацавалі спецыяльную матрыцу планавання і зацвердзілі комплексную праграму выхавання дзяцей і моладзі.
Падмуркам выхаваўчай работы застаюцца патрыятызм і станаўленне актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Набірае моц рух «Юныя патрыёты Магілёўшчыны», створана 78 ваенна-патрыятычных клубаў. Сапраўдным магнітам для школьнікаў стаў абласны цэнтр патрыятычнага выхавання на базе кадэцкага вучылішча — летась яго наведвалі больш за 10 тысяч вучняў. Павялічваецца колькасць школьных музеям узнікаюць новыя акцэнты ў рэалізацыі праграмы «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма», рэгіянальнага праекта *#Мая_Зямля_Прыдняпроўе» і рэспубліканскага «ШАГ». Пашыраюцца межы праекта «Школа — тэрыторыя здароўя» ім ахоплена ўжо 301 установа адукацыі.
Упор робіцца і на фарміраванне інфармацыйнай культуры навучэнцаў. У гуртках юных блогераў і карэспандэнтаў займаюцца звыш 3 тысяч хлопцаў і дзяўчат. Што тычыцца працоўнага выхавання, то паўсюдна пераходзяць ад тэорыі да практыкі.
За школамі замацавалі паспяховыя мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі — ужо заключена 226 адпаведных дагавораў. У напрамку духоўна-маральнага выхавання нядаўна падпісана Праграма супрацоўніцтва паміж галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама і Магілёўскай і Бабруйскай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы, створаны 13 рэсурсных цэнтраў. Адметна, што ўстановы адукацыі не працуюць у адрыве ад сям’і. У рамках праекта «Бацькоўскі ўніверсітэт» педагогі выходзяць у працоўныя калектывы, праводзяць»Важныя сустрэчы па суботах».
Да таго ж на пасяджэнні дасканала разгледзелі арганізацыю харчавання навучэнцаў, забеспячэнне пераемнасці на ўсіх узроўнях метадычнай вертыкалі і рэалізацыю Канцэпцыі развіцця дашкольнай адукацыі. У фокусе апынуліся і вынікі Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі. Магілёўшчына замацавалася на лідарскіх пазіцыях у краіне: па ключавых кампетэнцыях паказчыкі навучэнцаў аказаліся вышэйшымі за агульнарэспубліканскія. Дакладчыкі падкрэслілі, што такі поспех стаў магчымы дзякуючы плённай працы ўсёй педагагічнай супольнасці рэгіёна. Каб утрымаць высокую планку, было вырашана стварыць спецыяльныя творчыя групы настаўнікаў і запусціць лакальнае даследаванне якасці ведаў, якое будзе рэгулярна праходзіць на абласным узроўні.
Урачыстым момантам пасяджэння калегіі стала ўшанаванне работнікаў сістэмы адукацыі.