Шчаслівы шанц Валерыі Азаранкі

Зiгуля, Н. Шчаслівы шанц Валерыі Азаранкі : [Валерыя Азаранка — ўладальніца Гран-пры мiжнароднага фестывалю «Шчаслівы шанц» у Расii] / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 11 сакавiка. — С. 3.

У Магілёве віншуюць сваю зямлячку Валерыю Азаранку з чарговай перамогай. Яна стала ўладальніцай Гран-пры міжнароднага фестывалю «Шчаслівы шанц» у Расіі.

Валерыя не аднойчы пацвярджала званне найлепшай вакалісткі на міжнародных арэнах у Балгарыі, Украіне, Расіі і Беларусі. Стымулам для далейшых поспехаў стаў нядаўні ўдзел у праекце ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама «Азбука беларускага арнаменту». На вуліцах горада з’явіліся білборды, упрыгожаныя беларускімі сімваламі энергіі, росквіту і сонца. Побач з арнаментамі — партрэты зорак Магілёўшчыны, якія спрыяюць захаванню нацыянальных духоўных традыцый і развіццю беларускай культуры. Сярод іх ёсць і Валерыя.

Фестываль «Шчаслівы шанц», у якім прымалі ўдзел калектывы, салісты і педагогі-канкурсанты дзіцячых школ мастацтваў, цэнтраў дзіцячай, народнай творчасці, студэнты навучальных устаноў, прафесійныя выканаўцы, хоры, аркестры, ансамблі, тэатры з розных краін, стаў знамянальным яшчэ для адной юнай магілёўскай спявачкі — Анастасіі Гарнічар. У сваёй узроставай катэгорыі яна перамагла ў намінацыі «эстрадны вакал». Абедзве дзяўчынкі займаюцца вакалам у Магілёўскай гімназіі №1 у педагога па вакале Вольгі Гарнічар.