Дзятлава, Г. Песня роднай зямлі Алеся Казекі / Галіна Дзятлава // Літаратура і мастацтва. — 2026. — 7 жніўня. — С. 5.
Наказ пісьменніка і чалавека
27 чэрвеня 2026 года стаў апошнім днём зямнога жыцця Алеся Мікалаевіча Казекі — старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Амаль у адзін дзень — дзве даты: 68 гадоў з дня нараджэння і саракавіны…
Алесь Мікалаевіч нарадзіўся 4 жніўня 1958 года ў вёсцы Новы Юзін Кіраўскага раёна, а ў 1970-м сям’я пераехала ў вёску Чачэвічы Быхаўскага раёна. Таму сваёй малой радзімай ён лічыў гэтыя дзве невялічкія геаграфічныя кропкі на карце Беларусі. Непаўторная прыгажосць мясцін паўплывала на яго творчасць. Паэт-лірык Казека па-майстэрску ажыўляў прыроду, з вялікай мастацкай фантазіяй і прафесійнай выдумкай надзяляючы яе рысамі і якасцямі, уласцівымі чалавеку: «Зямельку сонейка сагрэла. //Пасля зімовых доўгіх сноў // Я на прачнулася й надзела // Сукенку новенькую зноў».
У кожным паэтычным радку-замілаванне родным краем, прызнанне ў шчырых і глыбокіх пачуццях да радзімы: «Няма мілей старэнькай хаты // У роднай вёсцы ля ракі — //І толькі гэтым мы багаты // Ва ўсе часы, ва ўсе вякі…»
Алесь Мікалаевіч рос і выхоўваўся ў праваслаўнай сям’і дзе шчыра верылі ў і Бога, апантана маліліся за дзяцей, за родную зямлю і за свой народ. Таму пранікнёныя радкі: «Дай сілы, Госпадзі, пражыць // Мне кожны дзень, як дзень апошні ў яго вершы «Малітва» гучаць шчыра і натуральна.
Алесь Мікалаевіч быў бясконца ўдзячны бацькам за тое, што «навучылі ісці па жыцці правільнай дарогай, ісці наперад так каб не толькі не мяшаць, але і ўсяляк дапамагаць тым, хто ідзе побач, хто імкнецца да дабра, справядлівасці, самаўдасканалення».
Гэтымі бацькоўскімі ўрокамі ён кіраваўся ўсё жыццё. I ў тым, што неабходна падтрымліваць і расціць юныя таленты, рыхтаваць сабе дастойную змену, адшукваць тыя зорачкі, якія праз пэўны час ярка заззяюць на літаратурным небасхіле, прыйдуць на змену, быў цвёрда перакананы.
З 2016 года, калі ён узначаліў Магілёўскае аддзяленне СПБ, калектыў значна памаладзеў і істотна папоўніўся, у тым ліку жанчынамі-пісьменніццамі. Рэгулярныя сустрэчы з чытачамі, асабліва з дзецьмі, прэзентацыі новых твораў і літаратурных зборнікаў сталі неад’емнай часткай работы пісьменніцкай арганізацыі.
Цеснае супрацоўніцтва звязвала і Магілёўскую абласную бібліятэку з Алесем Казекам і членамі Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Агульная мэта — выхоўваць у моладзі любоў да роднай зямлі, цікавасць да гісторыі сваёй краіны, павагу да людзей працы — яднала пісьменнікаў і бібліятэкараў, давала магчымасць распрацоўваць разам сучасныя творчыя праекты, цікавыя новаму пакаленню.
З 2010 года Магілёўскай абласной бібліятэкай праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя «Пысінскія чытанні», прысвечаная пісьменніку-франтавіку і журналісту Аляксею Васільевічу Пысіну. Алесь Мікалаевіч штогод браў удзел у чытаннях, расказваў, чым жывуць сучасныя пісьменнікі Магілёўшчыны, як бы даваў справаздачу свайму папярэдніку Аляксею Пысіну.
Ён падтрымаў ідэю арганізацыі літаратурнай гасцінай «Магія слова» пры юнацкім аддзеле Магілёўскай абласной бібліятэкі. Настаўнікам і літаратурным кансультантам стала Алена Кісель — кандыдат філалапчных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая рэгулярна праводзіць майстар-класы з пісьменнікамі-пачаткоўцамі, вучнямі школ горада.
Літаратарам добра вядома прымаўка: «Як мы дыхаем, так і пішам». Па іх творах можна меркаваць не толькі аб таленце аўтара, але і шмат сказаць пра яго чалавечыя якасці і грамадзянскую пазіцыю. Яркім праяўленнем актыўнай грамадзянскай пазіцыі, зацікаўленасці ў папулярызацыі роднай мовы, яе вывучэння і выкарыстання ў паўсядзённым жыцці з’яўляецца ўдзел магілёўскіх пісьменнікаў у літаратурным марафоне «З табой маё слова, Радзіма», што арганізоўваецца да Міжнароднага дня роднай мовы. Алесь Мікалаевіч штогод браў удзел у мерапрыемствах марафону, сустракаўся з творчай моладдзю, чытаў вершы і даваў магчымасць маладым аўтарам падаць на суд шырокай аўдыторыі свае творы.
Апошняя сустрэча Алеся Мікалаевіча Казекі з супрацоўнікамі і чытачамі Магілёўскай абласной бібліятэкі адбылася 17 чэрвеня за круглым сталом «Начало, пути к Великой Победе», прымеркаваным да 85-годдзя пачатку вайны і гераічнай абароны Магілёва. У зале сабраліся даследчыкі гісторыі вайны, бібліятэкары вобласці, прадстаўнікі грамадскасці і моладзь. Алесь Мікалаевіч пазнаёміў з творчасцю магілёўскіх пісьменнікаў, прысвечанай тэме вайны і генацыду беларускага народа, расказаў гісторыю сваёй сям’і, паказаў відэакліп на свой верш «Посреди тишины».
У гісторыю сучаснай беларускай паэзіі А. М. Казека ўвайшоў са сваёй глыбокай патрыятычнай лірыкай, у аснове якой трагічныя факты ваеннай гісторыі краіны і сям’і, якія прыйшлося перажыць прадстаўнікам роду Казекі разам з усім народам. Асабліва жудаснай старонкай гэтай вайны стаў генацыд беларусаў, знішчэнне вёсак разам з людзьмі. Усім вядома трагедыя Хатыні, у той час, як у Борках Кіраўскага раёна 15 чэрвеня 1942 года за адзін дзень было спалена 2028 чалавек — усё насельніцтва вёскі і шасці пасёлкаў. 14 Хатыней разам! Першым пра гэтую трагедыю паэтычным радком расказаў Аляксей Пысін, а Алесь Казека ў паэме «Марыйка» праз прызму перажыванняў вясковай дзяўчыны Марыйкі (маці паэта), якая цудам ацалела, але страціла сваіх блізкіх, выказаў боль не толькі сваёй сям’і, але і ўсёй Беларусі.
«- Ойча наш, да Цябе на Нябёсы // У пакоры звяртаюся я: // Ад бяссэнсавых лютых забойстваў // Збаві, Госпадзі, людзі Твая!» — гэтымі словамі галоўная гераіня паэмы звяртаецца да Бога і моліць абараніць людзей ад жорсткасці і захаваць мір на планеце.
Літаратурная музычна-пластычная кампазіцыя па паэме «Марыйка» ў пастаноўцы рэжысёра А. Ярашук, у якой задзейнічаны навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, больш за пяць гадоў з поспехам ідзе і на вялікай сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, і на малых сцэнічных пляцоўках усіх раённых цэнтраў вобласці і па-за яе межамі.
Сястра Алеся Мікалаевіча — член Саюза пісьменнікаў Беларусі Надзея Драбышэўская — пераклала «Марыйку» на рускую мову, і трагедыя спаленых Борак стала даступнай і зразумелай рускамоўным чьггачам.
Каля абеліска ахвярам Борак, дзе Алесь Мікалаевіч адзін на адзін застаўся са сваімі думкамі, да яго прыйшлі радкі верша «Посреди тишины». Словы, пакладзеныя на музыку, у выкананні саліста Магілёўскай абласной філармоніі Паўла Любчанкі кранаюць сэрца кожнага слухача і з’яўляюцца найбольш праўдзівымі і эмацыянальнымі з yсіx музычных твораў апошняга часу.
Правільныя словы пра Алеся Мікалаевіча Казеку і яго творчасць сказаў паэт Сяргей Украінка — яго зямляк, ураджэнец быхаўскай зямлі: «Не здзіўляйся: гэты паэт, нават калі толькі ў марах бярэ ў рукі сявеньку, не перастае быць рупліўцам-сейбітам — ён засявае ўдзячныя душы, такія як твая, зярняткамі дабрыні, спагады і чуласці. Як і кожны творца, ён заўсёды перапоўненьі самымі рознымі пачуццямі, але першым сярод іншых у яго стаіць пачуццё любові да Радзімы. Ен не падзяляе Айчыну на «вялiкyю», — краіну Беларусь — і «малую» — мясціну, «дзе пупавіна закапана». Бацькаўшчына— непадзельная і адвечная. І наўрад ці існуе для паэта нешта больш высакароднае, чым усведамленне сваёй знітаванасці з роднай зямлёй. Творы гэтага паэта ніколькі не мізарнеюць, а наадварот, несумненна вылучаюцца — празрыстасцю пачуццяў, непадробнасцю перажыванняў, бясконца роднымі ці не кожнаму беларусу пахамі лесу і свежаўзаранай раллі».
Як вядома са старажытнарымскай прыказкі, напісанае застаецца. Творы, напісаныя Алесем Мікалаевічам Казекам, застануццаў гісторыі айчыннай літаратуры, а словы «Стремитесь к Богу, к Любви, к Себе», пакінутыя чытачам Магілёўскай абласной бібліятэкі на зборніку вершаў «Древний тракт. Возвращение», гучаць як наказ Алеся Казекі пісьменніка і чалавека — тым, хто жыве сёння і будучым пакаленням.
Галіна Дзятлава