Застацца ў казачнай гісторыі…

Васілевіч, А. Застацца ў казачнай гісторыі… / Анастасія Васілевіч // Мастацтва. — 2026. — № 7. — С. 16—18.

У Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася доўгачаканая прэм’ера — «Тры мушкецёры» Ігара Казакова паводле Аляксандра Дзюма. З прыгодніцкага романа пра Д’Артаньяна атрымалася фантасмагарычная трагікамедыя, у якой спалучаецца казка і сучасная рэчаіснасць.

Ігар Казакоў — рэжысёр, вядомы сваімі театральнымі працамі як у Беларусі, так і ў Pacіi. У 2023 годзе ён быў абвешчаны намінантам Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатан Маска» ў катэгорыі тэатра лялек за спектаклі «Рэвізор» (Петразаводск) і «Гогаль. Трыпціх» (Екацярынбург), а летась стаў лаўрэатам «Залатой Маскі» з пастаноўкай «Зойкина кватэра» (Екацярынбург). Спектаклі Казакова вельмі глядацкія, аднак прафесійная супольнасць і крытыкі таксама чакаюць прэм’еры, якія часта становяцца флагманскімі на тэатральных фестывалях. Сінтэтычны стыль пастановак Казакова, яго метады працы з акцёрам і лялькай, любоў да гратэску і буфанады робяць яго рэжысёрскі почырк пазнавальным.

Калісьці Ігар Казакоў з’яўляўся галоўным рэжысёрам Маіілёўскага абласнога тэатра лялек, дзе паставіў больш за дваццаць спектакляў. У асноўным Казакоў выбірае класічныя творы — часцей за ўсё сатырычныя альбо трагічныя. Галоўнае, каб літаратурны матэрыял можна было б абвастрыць, давесці да гратэску, сутыкнуць з сучаснасцю. Тут можна прыгадаць яго нашумелыя беларускія пастаноўкі: «Гамлет» паводле Шэкспіра ў жанры «трагіфарс», хуліганісты «Кандзід» паводле Вальтэра з паўраспранутымі акцёрамі альбо «На дне» паводле Горкага з гіганцкай лялькай Ганны ўздоўж авансцэны. Ёсць у Казакова і інтанацыйна ціхія, камерныя спектаклі, як «Сіняя-сіняя» паводле Караткевіча — пра лёс і чалавечы выбар.

Беларускі глядач больш ведае пастаноўкі Ігара Казакова, зробленыя ў тандэме з мастачкай Таццянай Нерсісян, з якой працуе і яшчэ адзін знакаміты «лялечнік» — Яўген Карняг. Аднак расійскія прэм’еры Казакоў апошнім часам выпускае з Кацярынай Шымановіч — беларускай мастачкай, якая актыўна супрацоўшчае з расійскімі тэатрамі, а нядаўняй яе прэм’ерай у Беларусі стаў спектакль «Майстар і Маргарыта» ў Маладзёжным тэатры эстрады.

Тэатр лялек — вотчына Казакова, аднак апошнім часам ён пашырае сваю творчую геаграфію і заходзіць на тэрыторыю драмы, у Магілёўскім абласным тэатры ідзе ягоная «Пікавая дама» паводле Пушкіна, а цяпер і «Тры мушкецёры» паводле Дзюма. Гэтыя спектаклі і драматычныя, і адначасова «лялечныя». Рэжысёр прэпаруе класічны тэкст, прапаноўваючы сваю версію падзей.

Д’Артаньян і тры мушкецёры — у працоўных аранжавых камізэльках. Гэта супрацоўнікі «Зелянбуду», якія прыбіраюць восеньскае лісце на вулщах горада. Робяць яны гэта неахвотна, марудна. Д’Артаньян (Аляксей Цыбін) старэйшы з «зелянбудаўцаў» распачынае гісторыю аб мінулых часах. Ударам па шчытку ён сам запускае «музычную шкатулку» на даху сцэнічнага павільёна — маленькі аркестрык, які сімвалізуе часы доблесці і гонару. Д’Артаньян распавядае, як знайшоў на вуліцы грошы, а потым і бабулю, якая іх страціла. Настальгічна ўспамшае дзяцінства, у якім дзейнічаў закон «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Згадвае сваіх аднакашнікаў — Мілэдзі з 10 «А» і трох мушкецёраў… Менавіта праз прыём тэатра ў тэатры і распачынаецца гісторыя: «зелянбудаўцы» здымаюць камізэлькі і выпраўляюцца здзяйсняць подзвігі пад заўзятую музыку Леаніда Паўлёнка.

Партос (Аляксандр Зянькоў), Атос (Захар Чарнецкі) і Араміс (Уладзіслаў Страхаў) — быццам бы мушкецёры не па сваёй ахвоце, якія паддаліся выказванню Д’Артаньяна аб іх пакаленні: «Няма ў вас духу гэтага, няма чалавечнасці». Першую іх бойку з гвардзейцамі рэжысёр вырашыў у камічным ключы. Рухі мушкецёраў нагадваюць зачын элегантнага танца: скрыжаваўшы шпагі, яны павольна праходзяць туды-сюды ўздоўж авансцэны.

Гумар у спектаклі перманентны: гэта спосаб справіцца і з жорсткасцю рэальнасці, і з густанаселеным раманам, які поўніцца інтрыгамі. З’яўленне Людовіка (Аляксандр Палішчук) вырашана праз гіганцкую галаву-ляльку, якую ён на сябе апранае. Неадпаведна тонкае цела, пгго трымае такі велічэзны твар, выглядае камічна. Аднак і трагізму ў гэтым дастаткова — камандзір роты Дэ Трэвіль таксама прыходзіць са знятай лялечнай галавой, праз якую і камунікуе з Людовікам. Паўстае тэма «галоў з плеч», якая хвалюе ўсіх пры каралеўскім двары. З люка ў сцэне паказваюцца чатыры маленькая лялькі. Гэта мушкецёры, лёс якіх і вырашаюць Людовік з Дэ Трэвілем. Праз кантрасг маштабаў відавочным робіцца іх безабароннае становішча. А як толькі кароль вырашае памілаваць мушкецёраў, сябры ізноў набываюць чалавечы памер: з люка замест лялек высоўваюцца чатыры дарослыя мужчыны.

Сэнсавае поле, узаемаадносіны герояў у «Трох мушкецёрах» выбудоўваюцца ў тым ліку праз суадносіны маштабаў лялькі, прадмета і акцёра. Герцаг Бэкінгем (Максім Чарнюк) найперш дэманструе сваю ружовую шпагу ў чалавечы рост, якая сімвалізуе яго мужчынскую сілу. З дапамогай шпагі Бэкінгем узаемадзейнічае спачатку з фрэйлінамі (Вікторыя Шатава, Ганна Шмат, Дар’я Лоттан), а ўжо потым — з каралевай Ганнай (Марыя Рудакова).

Прадметы ў спектаклі Казакова гавораць болей, чым словы. Праз узаемадзеянне з рэквізітам і сцэнаграфічнымі элементамі героі адкрыта дэманструюць свае імкненні, жаданні і мары. Дыяментавыя падвескі, праз якія і распачаліся прыгоды, звісаюць з велічэзнага бюста. Ён, як і сама гісторыя пра ўпрыгожанне, нібыта слон у пакоі — яго ўсе бачаць, але пра яго не гавораць.

Пластычны эцюд кардынала Рышэлье (Аляксандр Куляшоў) з крэслам — адна з самых моцных сцэн у спектаклі. Гэтае крэсла – трон, і шыбеніца, якую герой намагаецца пратэставаць пад песню «Мая любоў» Уладзіміра Кузьміна. Кардынал паўстае чалавекам уразлівым, далікатным, бездапаможным у імкненні знайсці каханне. Аднак тут жа і адлюстраванне ўсёй лютасці каралеўскага двара і дзеянняў Рышэлье.

Мілэдзі (Алена Крыванос) у Казакова не чыстае зло, а трыксцер. у фінале яна робіць апошні фокус, які атрымоўваецца. Мушкецёры думаюць, што расправіліся са злыдняй, а калі сыходзяць, галава Мілэдзі зноў паднімаецца па-над чорнай бліскучай сукенкай. Як нічога ніякага, гераіня сыходзіць са сцэны.

Д’Артаньян нібыта становіцца Дон Кіхотам, што запрашае мушкецёраў у вандроўку да здзяйснення подзвігаў. Але яны так і застаюцца «зелянбудаўцамі», якія выбіраюць руціннае жыццё, кар’ерны рост і простае людское шчасце. А галоўны герой вырашае пасяліцца ў казачнай гісторыі Дзюма і захоўваць мушкецёрскія ідэалы.

Ігар Казакоў не дае адказаў пра перамогу дабра ці зла, ён даследуе вытокі лютасці праз гумар і гратэск. А ці ўвогуле былі гэтыя мушкецёры? Альбо гэта асабістая гісторыя Д’Артаньяна аб страчаных ідэалах, дзяцінстве і юнацтве, у якіх трава была зелянейшай? «Тры мушкецёры» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра — спектакль лёгкі і эскізны, аднак цэласны. Гэта не звыклая драматычная пастаноўка, а пост-драматычны эксперымент, у якім кожная сцэна — нумар, напоўнены гэгамі і адсылкамі да масавай культуры.