Магчымасць натхніць іншых

Сінькевіч, Г. Магчымасць натхніць іншых / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 21 жніўня (№ 63). — С. 9.

Імя настаўніка фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэя Бязлепкіна добра вядома ў педагагічнай грамадскасці краіны: настаўнік-метадыст карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег. Нягледзячы на салідны вопыт, Андрэй Віктаравіч удасканальвае прафесійнае майстэрства — у ліку ўдзельнікаў конкурсу “Настаўнік года” ён ужо трэці раз. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Для мяне конкурс — спосаб трымаць прафесійны тонус, — дзеліцца суразмоўнік. — Конкурсны марафон дае магутны штуршок да самаразвіцця. Умацоўваю веру ў свае сілы, адкрываю новыя кропкі росту. Гэта і праверка на трываласць: выкананне заданняў прыносіць упэўненасць, што я знаходжуся на правільным шляху. Разам з тым атрымліваю матывацыю для пашырэння гарызонтаў, бо лічу, што нас­таўнік — гэта вечны вучань.

Параўноўваючы сябе цяперашняга з тым, якім ішоў на конкурс упершыню, Андрэй Бязлепкін адзначае, што яго базавыя прафесійныя прынцыпы — індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, спалучэнне нагрузак з псіхалагічнай падтрымкай і выкарыс­танне гульнявых метадаў — засталіся нязменнымі:

— Педагог — найперш памочнік і саюзнік, які накіроўвае працэс навучання ў патрэбнае рэчышча. Гэтым пастулатам кіруюся на працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці. Натхняю навучэнцаў уласным прыкладам і гісторыямі з жыцця. Спорт вучыць не здавацца ў самых складаных сітуацыях — і я стараюся паказваць гэта сваімі ўчынкамі.

Калі прафесійнае крэда Андрэя Віктаравіча застаецца непарушным, то форма арганізацыі ўрокаў за апошні час істотна трансфармавалася. Зараз у аснове яго заняткаў — укараненне сюжэтных ліній і міжпрадметных сувязей як сістэмнай тэхналогіі:

— Раней выкарыстоўваў разнастайныя гульнявыя элементы, а цяпер распрацаваў цэласны “Канструктар сюжэтнага ўрока”. З’явілася класіфікацыя заняткаў па жанрах — квесты, падарожжы, адукацыйныя маршруты. Стандартныя руцінныя практыкаванні цалкам перафармацірую пад канкрэтны гульнявы сцэнарый. Чаму раб­лю ўпор менавіта на гэта? Сучасныя вучні — візуалы. Традыцыйная просьба “прабяжы тры кругі” выклікае ў іх нуду і ўнутранае супраціўленне. А калі кажу: “Дзеці, мы — каманда касманаўтаў, і нам трэба выканаць місію на арбіце” — іх вочы загараюцца. Сюжэт пераключае ўвагу на выкананне важнай задачы. Звычайны ўрок ператвараецца ў прыгоду, і абсалютна ўсе вучні ўключаюцца ў вучэбны працэс.

Яскравы прыклад з практыкі Анд­рэя Віктаравіча — урок-квест “Востраў скарбаў” у 7 класе пры вывучэнні тэмы “Перадачы мяча ў баскетболе”. Паводле сюжэта, камандам трэба сабраць карту, праходзячы заданні на станцыях. На адной станцыі адпрацоўваецца перадача мяча, на другой — вядзенне з абводкай стоек, на трэцяй — кіданне ў кальцо. За якаснае выкананне практыкаванняў каманда атрымлівае элемент пазла. Напрыканцы гімназісты збіраюць карту і забіраюць свой “скарб” — дадатковыя балы або права выбраць гульню на наступных занятках.

На ўроках у Андрэя Бязлепкіна фізкультура заўсёды цесна звязана з іншымі школьнымі дысцыплінамі. Навучэнцы разлічваюць траекторыю палёту мяча з пункту гле­джання матэматыкі і фізікі, вывучаюць біяхімічныя працэсы функцыянавання мышцаў, абапіраючыся на пазнанні ў хіміі і біялогіі, актыўна выкарыс­тоўваюць гістарычныя і геаграфічныя арыенціры.

Назапашаны вопыт педагога даўно выйшаў за межы гімназіі. Напрацоўкі Андрэя Віктаравіча па міжпрадметнай інтэграцыі апублікаваны ў многіх ведамасных выданнях.

— Інтэграцыя дае каласальны эфект, — заўважыў Андрэй Бязлепкін. — Яна адкрывае навучэнцам цэласную карціну свету, выклікае непад­робную цікавасць нават у тых, хто раней не любіў фізкультуру. А яшчэ паказвае практычную значнасць школьных ведаў — дзеці бачаць, што хімія ці матэматыка неабходны не толькі ў класе, але і ў штодзённасці.

Паралельна з неабходнасцю міжпрадметнай інтэграцыі Андрэй Віктаравіч выступае за лічбавізацыю прадмета і тэхналагічнае аснашчэнне спартзалаў. Настаўнік шырока выкарыстоўвае рэсурсы штучнага інтэлекту. Аднак яго бачанне фізкультуры XXI стагоддзя ідзе яшчэ далей:

— Дзецям патрэбен фітнес-бранзалет для кантролю нагрузкі, інтэрактыўныя трэнажоры і дадаткі з 3D-візуалізацыяй тэхнікі. Калі вучань бачыць на экране, як мяняецца яго пастава падчас бегу, гэта матывуе мацней за сотні слоў настаўніка. Гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца, каб фізкультура стала лабараторыяй здаровых звычак.

Працоўны прыярытэт Андрэя Бязлепкіна — далучэнне навучэнцаў да алімпіяднага руху. Сёлета ён дасягнуў у гэтай справе знакавых вынікаў — падрыхтаваў адразу чатырох пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды:

— Сакрэт высокіх дасягненняў заключаецца ў карпатлівай працы і веры ў кожнага вучня. Мае выхаванцы вельмі розныя: нехта прыйшоў у 5 класе, хтосьці рызыкнуў у 10-м, калі ўсе вакол казалі “позна”. Але іх аб’ядноўвае характар і гатоўнасць кінуць выклік даволі цяжкім вы­прабаванням.

Падрыхтоўку да алімпіяд Андрэй Бязлепкін грунтуе на трох асноўных вектарах. Першачарговае для яго — індывідуальны падыход і псіхалогія:

— Вучу дзяцей не столькі практыкаванням, колькі ўнутранай стойкасці: ніколі не здавацца, не апускаць рукі. Шмат працуем над стрэсаўстойлівасцю, бо на алімпіядзе патрэбны як веды, так і ўменне сабрацца падчас іспытаў або ў чаканні тураў.

Алімпіяда па фізкультуры даўно перастала быць спаборніцтвам у рамках формулы “хутчэй, вышэй, мацней”, таму Андрэй Віктаравіч інтэгруе тэорыю і практыку:

— Адзін з найважнейшых пунктаў — стварэнне каманды-сям’і. Гэта, напэўна, галоўнае. Мы заўсёды разам перажываем няўдачы і разам радуемся поспехам.

Наперадзе ў Андрэя Бязлепкіна — абарона гонару Магілёўшчыны на рэспубліканскім фінале конкурсу “Настаўнік года”. Ён прадставіць цалкам сфарміраваную, пацверджаную практыкай і больш як 50 публікацыямі сістэму работы:

— Рыхтуючыся да выступлення на рэспубліканскім узроўні, раблю акцэнт на трансляцыі аўтарскіх напрацовак. Ключавая мэта — паказаць, што фізкультура можа быць прасторай для ўсебаковага развіцця дзіцячай асобы. Перамогай для мяне будзе нават не дыплом, а магчымасць натхніць іншых педагогаў, атрымаць прызнанне таго, што мая методыка дзейсная. Калі на конкурсе змагу даказаць, што кожнае дзіця можа раскрыць свой патэнцыял праз фізічную культуру, — значыць, перамог па-сапраўднаму.

У сваёй рабоце Андрэй Бязлепкін выкарыстоўвае аўтарскі алгарытм “Канструктар сюжэтнага ўрока”, які дазваляе ператварыць любыя стандартныя заняткі ў сюжэтную прыгоду. Педагог апісаў яго сутнасць у пяці кроках.

1. Мэта. Выразна вызначыць, чаму дзеці павінны навучыцца (напрыклад, “развіваем вынослі­васць” або “адпрацоўваем пэўную тэхніку”).

2. Сюжэт і ролі. Прыдумаць гісторыю, у якую “агарнецца” мэта (“мы — ратавальнікі”, “мы — даследчыкі”, “мы — каманда на Алімпія­дзе”). Важна: настаўнік — не строгі правяраючы, а саюзнік.

3. Станцыі і заданні. Разбіць практыкаванні на станцыі, звязаныя з сюжэтам, і дадаць на іх пазнавальную “зачэпку” (загадку, пытанне з іншага прадмета).

4. Праходжанне. Правесці ўрок, падтрымліваючы легенду, выкарыстоўваючы павароты (раптоўныя змены ўмоў) і музычнае суправаджэнне.

5. Рэфлексія. Завяршыць заняткі абмеркаваннем: чаму мы навучыліся, што было самым складаным і як сюжэт дапамог справіцца з нагрузкай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ