Дух радасці і чараўніцтва // Культура. — 2026. — 25 верасня. — С. 3.
XXIX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” ўваходзіць у фінальную фазу падрыхтоўкі: заяўкі адгледжаны, конкурсная праграма сфарміравана. З 30 верасня па 2 кастрычніка Магілёў стане казачным парталам у свет мультыплікацыі.
Сёлета арганізатары атрымалі амаль 2000 заявак з 99 краін. Упершыню паступілі стужкі з Габона, Емена, Замбіі, Кеніі, Кот-д’Івуара, Мазамбіка, Непала, Палесціны, Рэспублікі Конга, Сенегала і Уганды.
“Анімаёўка” традыцыйна адкрывае публіцы шырокую панараму сучаснай мультыплікацыі і дае магчымасць выказацца тым, хто робіць у гэтай сферы першыя крокі. Нароўні з прафесіяналамі, для якіх прадугледжана 14 намінацый, удзельнічаюць юныя аўтары, што спаборнічаюць у дзевяці катэгорыях. Асобна праходзіць конкурс дзіцячага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: самыя маленькая творцы, ад пяці гадоў, рыхтуюць малюнкі і фігуркі любімых персанажаў. Сярод новаўвядзенняў — намінацыя “Найлепшы аніматар”.
Яна звяртае ўвагу на працу тых, хто ажыўляе экранных герояў, надаючы ім харакгар, пластыку і рух.
Пераможцаў вызначыць міжнароднае журы. У яго складзе спецыялісты з пяці краін — Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая і Сербіі. Гэта рэжысёры, сцэнарысты, мастакі, крытыкі, выкладчыкі і кіраўнікі замежных студый. Такая разнастайнасць забяспечыць аб’ектыўную ацэнку з улікам актуальных патрабаванняў кінарынку.
У фестывальныя дні, акрамя конкурсных паказаў, пройдуць сустрэчы, выставы, майстар-класы, прысвечаныя розным этапам стварэння мультфільма — ад задумы і сцэнарыя да працы з гукам і візуальным рашэннем. Кожны ахвотны зможа паспрабаваць сябе ў традыцыйнай маляванай, лялечнай, пластылінавай і папяровай анімацыі, а таксама ў саломапляценні. Асобная ўвага — сучасным тэхналогіям. На адным з майстар-класаў раскажуць, як штучны інтэлект выкарыстоўваецца аніматарамі і дзе яго магчымасці дапаўняюць творчыя рашэнні чалавека. Акрамя таго, будуць абмяркоўвацца і іншыя тэхналагічныя напрамкі, у тым ліку віртуальная рэальнасць.
Праграма дазволіць пазнаёміцца з рознымі школамі. Госці паглыбяцца ў культуру Усходу праз прызму кітайскай мультыплікацыі. Чакаецца і размова з шэф-рэдактарам студыі “Саюзмультфільм” пра тэндэнцыі аўтарскай анімацыі на прыкладах работ маладых расійскіх рэжысёраў. Айчынныя майстры падзеляцца вопытам, распавядуць пра сучаснасць і будучыню індустрыі ў нас, прадставяць найлепшыя карціны.
Паказы выйдуць за межы абласнога цэнтра: стужкі прэзентуюць ва ўсіх раёнах Магілёўшчыны, а таксама ў кінатэатрах іншых рэгіёнаў Беларусі.
1962 карціны заяўлена на конкурсах анімацыйных фільмаў і дзіцячай анімацыйнай творчасці. 99 краін аб’ядноўвае “Анімаёўка-2026”. 150+ дзіцячых работ удзельнічае ў конкурсе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.