«Анімаёўка» б’е рэкорды

Зігуля, Н. «Анімаёўка» б’е рэкорды / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2026. — 3 кастрычніка. — С. 15.

Магілёўскі форум анімацыі ведаюць далёка за межамі краіны

Журы XXIX Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2026», які праходзіў у Магілёве з 30 верасня па 2 кастрычніка, прыйшлося нялёгка. Таму што гэта не проста нейкі мультпарад, а сапраўдны творчы конкурс, прычым вельмі сур’ёзны. І з кожным годам інтарэс да фестывалю расце: пачынаўся ён з 47 дзяржаў-удзельніц, а сёлета іх ужо 99. І гэта не адзіны рэкорд: з розных краін паступіла амаль 2 тысячы заявак.

САКРЭТЫ ПОСПЕХУ

Традыцыйна найлепшыя работы вызначаліся ў трох конкурсах фестывалю: анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці і дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Аднак сёлета да іх дабавілася яшчэ адна намінацыя — «Найлепшы аніматар анімацыйнага фільма».

Па словах старшыні журы конкурсу анімацыйных фільмаў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Ігара ВОЛЧАКА, сакрэт даўгалецця фестывалю просты і крыецца ён у шчырасці:

— Калі мы толькі задумвалі гэты праект у мінскім кінатэатры«Кастрычнік», гэта быў нават не фестываль, а проста сціплае свята анімацыі. Пераехаўшы ў Магілёў, ён набыў зусім іншы маштаб і афіцыйны статус. Я бываў на многіх міжнародных фестывалях і ведаю, якіх намаганняў патрабуе арганізацыя мерапрыемства такога ўзроўню. Сёння да нашай справы ёсць вялікая цікавасць і з боку дзяржавы, і з боку людзей, якія шчыра гараць анімацыяй.

Начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына ДРЫГА падкрэсліла, што «Анімаёўка» — адзін з самых доўгажывучых фестываляў:

— І сакрэтаў яго шматгадовага поспеху некалькі. Па-першае, анімацыйнае кіно — такі жанр, які разлічаны на самую розную публіку — ад малых да дарослых. Па-другое, гэты фестываль ствараюць сапраўдныя прафесіяналы. Тут жа — і работы дзіцячых студый анімацыі. Гэта значыць, мы можам убачыць, дзе ў нас падрастаюць таленавітыя дзеці, і ў перспектыве знайсці сабе будучых прафесійных майстроў.

Анімацыйнае мастацтва ў Беларусі зараз перажывае ўздым, упэўнена Ірына Дрыга:

— Міністэрствам культуры прынята стратэгія развіцця нацыянальнай анімацыі на 2026-2030 гады. Яна мае на ўвазе і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці анімацыйных фільмаў, і пераход да запатрабаваных менавіта ў пракаце поўнаметражных фільмаў, анімацыйных серыялаў. Нашы аніматары выбіраюць самыя папулярныя тэмы — казкі, прыгоды вядомых герояў у сучасным свеце, сучасныя гісторыі.

Гэта нетакія невялікія і кароткія мульцікі, як было, можа, некалькі гадоў таму. Гэта ўжо сапраўды вялікая анімацыя, якая на экране глядзіцца самавіта.

«ТАЯМНІЦЫ АЛЕКСАНДРЫІ»

Расказала Ірына Дрыга і пра маючыя адбыцца прэм’еры «Беларусьфільма»:

— 8 кастрычніка стартуе прэм’ера анімацыйнага серыяла «Ваўчок». Ён можа выглядаць як цэльны фільм на 60 хвілін, а потым яго можна глядзець па серыях. Што цікава, упершыню гэты фільм паказалі якраз на магілёўскай зямлі — у Александрии, дзе адбыўся яго перадпрэм’ерны паказ. I ён вельмі зацікавіў дзяцей. Акрамя таго, у нас вядзецца праца над поўнаметражнымі фільмамі «Дзяўчынка і трактар», «Каманда ратавальнікаў».

Дарэчы, госця форуму рэжысёр і аніматар Алена ТУРАВА працуе над праектам, таксама звязаным з магілёўскай зямлёй:

— Ён называецца «Таямніцы Александрыі». Аказваецца, Александрыя добрая і вядомая яшчэ і тым, што ў яе наваколлях размяшчаецца беларуская акадэмія… чараўнікоў. А чым там займаюцца і чаму вучаць, з кім змагаюцца і сябруюць — усё гэта, я спадзяюся, наш глядач таксама ўбачыць на перадпрэм’ерным паказе на свяце «Купалле» ў Александрыі.

КУЛЬТУРНЫ БРЭНД

«Анімаёўка» — знакавая падзея не толькі для Магілёўскай вобласці, але і для ўсёй краіны, лічыць начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр ЖЫГУН:

— Гэты фестываль наглядна дэманструе, што цікавасць да Беларусі і анімацыйнага кіно расце. І, вядома, наш форум не ведае меж — мы паказваем, што Магілёўшчына заўсёды гатова прымаць гасцей і весці дыялог на культурнай прасторы. «Анімаёўка» — адзін з нашых брэндаў. У наступным годзе адбудзецца юбілейны, трыццаты, фестываль. Я ўпэўнены, што мы яшчэ прырасцём у геаграфіі — і свята ў наступным годзе будзе яшчэ больш маштабным.

Нэлі ЗІГУЛЯ Фота БелТА

ВІНШУЕМ!

Гран-пры «Анімаёўкі-2026» заваявала стужка расійскага рэжысера Елізаветы Хломавай «Чатыры прыпынкі».

Дыплом «Майстру анімацыі» і прыз «Вялікі аловак» уручылі мастаку лялечнай анімацыі, выкладчыку Усерасійскага дзяржуніверсітэта кінематаграфіі Марыне Курчэўскай. Найлепшым беларускім анімацыйным фільмам стала стужка «Правільныя правілы. Свята без гаджэтаў» рэжысера Аляксандра Ленкіна. Заахвочваючы дыплом «За салодкія пакуты і мроі» атрымала рэжысёр Алена Турава за фільм «Валчок. Ледзянец». Найлепшым аніматарам анімацыйнага фільма названы рэжысер з Бельгіі Фонг Нікалас, які прадставіу на фестывалі сваю стужку «Абдымкі».

Пераможцам дзіцячага конкурсу у намінацыі «Найлепшы беларускі анімацьійны фільм» стала стужка выхаванцаў студыі тэатра і кіно «Арткадр» — « Анел і сіні матылёк».

Прызы ў некалькіх узроставых групах атрымалі і ўдзельнікі конкурсу дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.