«Анімаёўка» запаліла новыя зоркі

Зігуля, Н. «Анімаёўка» запаліла новыя зоркі / Нэлі Зігуля // Літаратура і мастацтва. — 2026. — 9 кастрычніка (№ 39). — С. 4.

Чым запомніцца XXIX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў у Магілёве

Тры дні Магілёў жыў у рытме анімацыйнага свята. За амаль трыццаць гадоў яго існавання колькасць краін-удзельніц павялічылася да рэкорднай лічбы — 99. У трох яго конкурсах — анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці, дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці — прынялі ўдзел больш чым 2000 чалавек. Да фестывалю далучылася 11 новых краін!

АЛОЎКІ — ПЕРАМОЖЦАМ

Ідэя правядзення фестывалю належыць рэжысёру-аніматару кінастудыі «Беларусьфільм», старшыні журы асноўнага конкурсу «Анімаёўкі-2026» Ігару Волчаку. На прэс-канферэнцыі ў Магілёве ён успамінаў, што першы фестываль прайшоў у маі 1998-га ў Мінску, а ў верасні таго ж года «Анімаёўка» была арганізавана ў Магілёве і атрымала тут пастаянную прапіску. Яе арганізатарамі з’яўляюцца Магілёўскі аблвыканкам і Міністэрства культуры.

Ігар Волчак бачыць сакрэт даўгалецця «Анімаёўкі» ў тым, што гэтае свята рыхтуецца і праводзіцца прафесіянальнымі людзьмі.

— Анімацыя — ашаламляльнае мастацтва, — кажа ён. — Я ўсё жыццё атрымліваў задавальненне ад таго, што кожны дзень сустракаўся з анімацыяй. Фестываль у Магілёве дае моладзі магчымасць паказаць сябе. I нам вельмі важна перадаць ім свой вопыт.

У праграме фестывалю, як заўсёды, было шмат кінапаказаў, творчых сустрэч з рэжысёрамі-аніматарамі, майстар-класаў па стварэнні мультфильма, персанажаў, сцэнарыяў, выставак работ удзельнікаў конкурсу дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У вялікай зале кінатэатра «Радзіма» вядучыя агучылі імёны пераможцаў. Толькі ў асноўным і дзіцячым анімацыйных конкурсах іх 23! Сёлета ўладальніцай Гран-пры стала рэжысёр, мастак-пастаноўшчык студыі «Шаравая маланка» з Масквы Лізавета Хломава. Яе фільм «Чатыры прыпынкі» журы прызнала лепшай анімацыйнай стужкай фестывалю. А вось званне лепшага беларускага анімацыйнага фільма атрымала карціна рэжысёра «Беларусфільма» Аляксандра Ленкіна. «Ваўчок. Ледзянец» Алены Туравай адзначаны прызам «За салодкія пакуты і мроі».

ШКОЛА ДЛЯ БУДУЧЫХ ПРАФЕСІЯНАЛАЎ

Унікалынасць «Анімаёўкі», на думку старшыні журы дзіцячага конкурсу анімацыйных фільмаў, рэжысёра кінастудыі «Саюзмультфільм», загадчыка кафедры анімацыі і мультымедыя Маскоўскага інстытута культуры Сяргея Струсоўскага ў тым, што тут загараюцца новыя зорачкі, раскрываюцца юныя таленты. «Для дарослых высокая ацэнка не настолькі важная, як для дзіцяці, — разважае ён. — Юнае дараванне яшчэ толькі адкрывае для сябе свет мастацтва, і гэта вельмі важна для яго далейшага росту і прафесійнай арыентацыі. Сёння займацца візуальнай творчасцю можна ў розных напрамках: ствараць камп’ютарныя гульні, анімацыйныя фільмы, рэкламу ў моўшн-дызайне і гэтак далей. Самае галоўнае, што, набываючы такія навыкі і прафесію, можна жыць у цудоўным горадзе Магілёве, у любым іншым населеным пункце, нават вёсачцы, дзе толькі ёсць інтэрнэт, і прафесійна працаваць у гэтай сферы.

У Магілёве Сяргей Струсоўскі прадстаўляў праект«Нашы героі». У рамках яго майстар-класа юныя аніматары вучыліся рабіць у сваіх смартфонах малюнкі і ажыўляць іх з дапамогай штучнага інтэлекту.

Тым, хто збіраецца звязаць свой лёс з анімацыяй, Сяргей Струсоўскі параіў скарыстацца бясплатнымі лекцыямі праекта «Анімацыя ў тваім смартфоне», якія прапануе «ВКонтакте» кафедра анімацыі і мультымедыя Маскоўскага інстытута культуры.

— Дзіця можа зайсці туды і без дапамогі дарослага, маючы толькі смартфон і інтэрнэт, рабіць графіку, — кажа суразмоўнік. — Наша місія не проста паказаць, але яшчэ і навучыць. Для мяне як загадчыка кафедры гэта прынцыпова важна. Я хачу, каб да нас прыходзілі ўжо падрыхтаваныя дзеці.

Рэжысёр «Беларусьфільма» Алена Турава з удзячнасцю ўспамінала, як расійскі рэжысёр Юрый Бутырын у свой час паўплываў на яе дэбютны фільм. «Калі б не ён, магчыма, і дэбюту не было б, усміхаецца яна. — Ён мяне вучыў на гэтым фільме, расказваў, як ставіць камеру, якія сцэны трэба адсейваць. Наогул, пры дапамозе расійскіх калег вырасла цэлае пакаленне нашых аніматараў. Дарэчы, галоўны герой прэм’ернага анімацыйнага серыяла «Ваўчок. Ледзянец» размаўляе голасам расійскай зоркі з папулярнага серыяла «Фіксікі» ДзімДзімыча. Так што наша ўзаемадзеянне працягваецца.

ПЛЯЦОЎКА ДЛЯ СТАРТУ

Менавіта так назвала фестываль дырэктар магілёўскага прадпрыемства «Кінавідэапракат» Марыя Каспяровіч. На яе думку, фестываль дапамагае павышаць якасць айчынных анімацыйных работ. Гэта добрая пляцоўка для знаёмства, творчасці і развіцця цікавых праектаў.

Такога ж меркавання прытрымліваецца начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга.

— Анімацыйнае мастацтва Беларусі перажывае ўздым, — падкрэсліла яна ў размове з журналістамі. — Міністэрствам культуры прынята Стратэгія развіцця нацыянальнай анімацыі з 2026 да 2030 года, якой прадугледжана і павелічэнне колькасці анімацыйных фільмаў. Самыя папулярныя тэмы, якія выбіраюць нашы аніматары — казкі, прыгоды вядомых герояў у сучасным свеце, новыя гісторыі.

8 кастрычніка ў Беларусі стартавала прэм’ера анімацыйнага серыяла — «Ваўчок». Пераддэбютны яго паказ адбыўся сёлета на свяце «Апександрыя збірае сяброў» на Шклоўшчыне. Начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры адзначыла, што гэта першыя крокі рэалізацыі Стратэгіі развіцця нацыянальнай анімацыі. Сёння ў рабоце знаходзяцца таксама поўнаметражныя анімацыйныя фильмы «Дзяўчынка і трактар», «Каманда ратавальнікаў», а таксама «Таямніцы Александрыі», дзеянні якога адбываюцца на Магілёўшчыне.

— Вельмі важна, што на фестывалі акумулююцца найлепшыя работы не толькі прафесійных майстроў анімацыйнага кіно, але і дзяцей, — рэзюмавала Ірына Дрыга. — Тут мы можам убачыць, дзе ў нас падрастаюць таленавітыя дзеці, параўнаць іх з аднагодкамі з іншых краін і знайсці для беларускага кінематографа будучых прафесійных майстроў.

Дарэчы, званне «Лепшага беларускага дзіцячага анімацыйнага фільма» атрымала работа выхаванак студыі тэатра і кіно «АртКадр» з Гомеля Ксеніі Цімашэнка і Ксеніі Шалюх «Анёл і сіні матылёк». I гэта добры старт у вялікую анімацыю.

Нэлі ЗІГУЛЯ