Пануюць шчырасць і натхненне

Станкевіч, І. Пануюць шчырасць і натхненне / Ірына Станкевіч // Культура. — 2026. — 9 кастрычніка (№ 41). — С. 8—9.

ХХІХ Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” зноў сабраў у Магілёве аматаращ і стваральнікаў мультыплікацыйнага мастацтва: з 30 верасня па 2 кастрычніка ў горадзе на Дняпры разгарнулася яскравае свята казак і дзяцінства.

РЭКОРДНЫЯ ЛІЧБЫ

З кожным годам удзельнікаў фестывалю становіцца больш. Сёлета арганізатары — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт — атрымалі амаль 2000 заявак. Летась іх было каля 800. Гэтым разам да свята далучыліся мультыплікатары з Кеніі, Уганды, Мазамбіка, Сенегала, Палесціны, Замбіі, Рэспублікі Конга, Габона, Непала, Емена і Кот-д’Івуара — усяго з 11 краін.

— Статыстыка выразна гаворыць пра імкненне сусветнай культурнай суполкі да адкрытых і шчырых зносін. Гэта галоўны пасыл нашага фестывалю, — адзначае дырэктар Магілёўскага кінавідэапракату Марыя Каспяровіч.

Сапраўды, “Анімаёўка” — ці не адзіны фестываль, дзе пра сябе могуць заявіць не толькі прадстаўнікі розных краін, але і розных пакаленняў. У спаборніцтвы ўступаюць як сталыя, так і юныя аўтары. У прафесійным конкурсе вынікі падводзяцца па 14 намінацыях, у дзіцячай анімацыйнай творчасці — па дзевяці, выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці — па двух у трох узроставых групах.

У складзе журы — вядомыя спецыялісты, сярод старшынь — савецкі і беларускі аніматар Ігар Волчак, рэжысёр кінастудыі “Саюзмультфільм” Сяргей Струсоўскі, народны майстар Рэспублікі Беларусь Ірына Кухціна. Кожны з іх адзначыў высокі ўзровень конкурсных работ, які павялічыўся нават у параўнанні з леташнім.

— Журы ўважліва аналізуе кожны фільм, разглядае ўсё дэталёва, каб вызначыць найлепшых, — падкрэслівае Марыя Сяргееўна. — Што радуе, знаўцы кажуць пра якасдь работ. Прыкладам, расійскі эксперт Павел Шведаў заўважыў, што ўзровень анімацыі на нашым фестывалі часта бывае вышэйшым, чым на буйных замежных пляцоўках.

ЯСКРАВА I УРАЧЫСТА

Адкрыццё фестывалю, як заўсёды, прайшло яскрава і ўрачыста. На ім прысутнічалі арганізатары свята і члены журы, госці з усёй Беларусі, а таксама Расіі, Кітая, Сербіі, Казахстана. Традыцыйная тэатралізацыя і чырвоная дарожка перад кінатэатрам “Радзіма”, шчырыя натхняльныя словы, кветкі і першы паказ вялікай глядзельнай зале.

Прывітанне ўдзельнікам і гасцям фестывалю накіраваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў. Адрас агучыла начальнік аддзела па кінематаграфіі ведамства Ірына Дрыга.

У прывітанні кіраўнік ведамства падкрэсліў, што за гады існавання фестываль стаў знакавай падзеяй у культурным жыцці нашай краіны.

— Ён адыгрывае важную ролю ва ўмацаванні міжнародных сувязяў у галіне кінематаграфіі, выяўляе таленавітых маладых аўтараў, спрыяе развіццю анімацыйнай студыі Беларусі, — гаворыцца ў адрасе. — Сёлета фестываль прапануе гледачам багатую разнастайную праграму, якая ўключае паказы фільмаў з дзясяткаў краін свету, выставы, канцэрты, майстар-класы, творчыя сустрэчы.

Гаворачы пра адметнасць “Анімаёўкі”, Ірына Уладзіміраўна заўважыла:

— Гэты фестываль робяць сапраўдныя прафесіяналы. Тут збіраюцца лепшыя работы мультыплікацыйнага кіно. Важна, што ў конкурсе ўдзельнічаюць дзіцячыя анімацыйныя студыі, якія дзейнічаюць пры рэгіянальных установах культуры. Для іх гэта шанц заявіць пра сябе, пазнаёміцца з калегамі з іншых абласцей, абмяняцца вопытам, падзяліцца нюансамі работы над праектамі. Акрамя таго, прадстаўнікі прафесійнага цэху могуць запрыкмеціць будучых зорачак, каб падтрымаць іх на старце.

Па словах Ірыны Дрыгі, беларускае анімацыйнае кіно цяпер на ўздыме, Міністэрствам культуры прынята стратэгія па развіцці нацыянальнай анімацыі да 2030 года, якая прадугледжвае і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці мультыплікацыйных фільмаў, і пераход у пракаце да поўнага метра, і стварэнне мультсерыялаў — усё тое, што карыстаецца попытам у гледача і актыўна развіваецца.

З’ЯДНАНЫЯ ІДЭЯЙ

Фестываль — гэта не толькі конкурсная праграма, але і выдатная пляцоўка для спецыялістаў, каб наладзіць кантакты, падзяліцца ідэямі і думкамі.

Беларускі рэжысёр, сцэнарыст Алена Турава звярнула ўвагу на тое, што ў Магілёве збіраюцца адмыслоўцы, апантаныя адным лёсавызначальным жанрам — анімацыяй:

—Для іх мультфільм не проста маляваная гісторыя, гэта частка, калі не сэнс, жыцця.

Сама ж Алена Віктараўна літаральна напярэдадні фестывалю скончыла працу над серыялам “Ваўчок”. Арыентаваны на малодшы школьны ўзрост мультфільм складаецца з 12 эпізодаў. Праект быў задуманы рэжысёрам Ірынай Тарасавай, якая стварыла шэсць эпізодаў, а над іншымі працавала Алена Турава.

— Дарэчы, голас Ваўчка я знайшла тут, на мінулай “Анімаёўцы”. Ім стаў юны акцёр Даніэль Мінькоў, які раней агучваў Дзім Дзімыча ў вядомым расійскім серыяле “Фіксікі”, — расказала рэжысёр.

Падчас “Анімаёўкі” прафесіяналы мелі магчымасць абмяняцца думкамі па самых актуальных пытаннях. Сярод іншага была ўзнята тэма штучнага інтэлекту.

— Гэта няблага, — упэўнены рэжысёр, сцэнарыст, педагог Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Ленкін. — Але не трэба разглядаць яго як панацэю. Гэта ўсяго толькі інструмент — як аловак або ласцік. Да яго яшчэ неабходны чалавечыя талент і працавітасць.

— ШІ — гэта ўжо частка нашай рэальнасці, — выказаў сваю думку графічны дызайнер і нейракрэатар Алег Корсак. — Мы бачым, як нейрасеткі ствараюць рэалістычныя фота, пішуць музыку і манціруюць відэа. Свет мяняецца на вачах, і фестываль ідзе ў нагу з часам.

Размова таксама вялася пра мінулае і будучае анімацыйнага кіно — як беларускага, так і сусветнага, гаварылі пра прасоўванне стужак на міжнароднай арэне, тэматыку і попыт. Так, супрацоўніца ВГІКа, мастак-пастаноўшчык Марына Курчэўская засяродзіла ўвагу на праблеме падрыхтоўкі кадраў. А расійскі журналіст, кіназнавец, сцэнарыст і рэжысёр Алег Капкоў распавёў пра гісторыю савецкай мультыплікацыі.

СУСТРЭЧЫ I МАЙСТАР-КЛАСЫ

Акрамя фестывальных паказаў, у кінатэатрах праходзілі фан-сустрэчы, творчыя вечарыны і майстар-класы. Да прыкладу, у “Космасе” адбылася падзея, якая змяніла прадстаўленне магіляўчан і гасцей горада аб лічбавым кантэнце. Майстар-клас “ШІ-мультфільмы: ад ідэі да ўвасаблення” сабраў аншлаг. Разам з нейракрэатарам Алегам Корсакам удзельнікі мерапрыемства ў рэальным часе прайшлі ўвесь шлях вытворчасці стужкі. Спікер наглядна паказаў, як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць аўтарам увасабляць самыя смелыя ідэі ў жыццё.

Цікавымі атрымаліся сустрэчы з кітайскім рэжысёрам, аніматарам і аўтарам коміксаў Нэнь Сі, які ўпершыню стаў ганаровым госцем і членам журы “Анімаёўкі”. Падчас творчай вечарыны “Шаўковыя сны: мастацтва кітайскай мультыплікацыі” рэжысёр правёў экскурс у гісторыю кітайскай анімацыі і расказаў, як яна эвалюцыянавала ад класічнага малявання да сучасных камп’ютарных тэхналогій. Гледачы змаглі ўбачыць кароткаметражныя працы яго студэнтаў. Яшчэ Чэнь Сі зладзіў майстар-клас па стварэнні GIF-анімацыі пры дапамозе класічнай тэхнікі перакладкі “Цені Паднябеснай: мастацтва папяровай анімацыі”.

Беларускую нацыянальную традыцыйную ляльку Берагіню выраблялі ўдзельнікі і госці фестывалю разам з Ірынай Кухціной. Сяргей Струсоўскі правёў майстар-клас “Хто твой герой?”. Алена Турава раскрыла “Тайны музычнай шкатулкі”, а “Сакрэты стварэння сцэнарыяў для анімацыі” — Сяргей Капкоў.

У межах фестывалю прайшла таксама прэзентацыя анімацыйнай студыі “Карандаш” Магілёўскага ДП “Кінавідэапракат”. Яго кіраўніца Дамініка Беневаленская разам са сваімі падапечнымі падлеткамі паказала, як ствараецца мультфільм ад ідэі і першых накідаў на паперы да ажыўлення персанажаў і іх агучкі. Дарэчы, студыйцы ўжо знялі мультфільм, прэм’ера якога неўзабаве адбудзецца ў адным з кінатэатраў Магілёва.

“САЮЗМУЛЬТФІЛЬМУ” — 90!

Сёлета на “Анімаёўцы” адбылося святкаванне юбілею самай вядомай і самай, бадай, старэйшай мультыплікацыйнай студыі на постсавецкай прасторы. Творчую сустрэчу правёў Сяргей Капкоў, які прапанаваў расшыфраваць код, што прымушае гледачоў зноў і зноў звяртацца да мультыплікацыйнай класікі.

— Усе вы, думаю, добра ведаеце мультфільм “Том і Джэры”, — звярнуўся да юных гледачоў Сяргей Уладзіміравіч. — Сюжэт нескладаны: кот ганяецца за мышкай. Такі звычайны харчовы ланцужок. Задача ката — злавіць, задача мышы — уцячы. Дзе адбываецца дзея — невядома. Калі — таксама. Гэта можа быць Лондан, Нью-Ёрк або Мехіка. Гэта можа быць пачатак, сярэдзіна або канец XX стагоддзя…

А цяпер возьмем для прыкладу наш мульцік “Ну, погоди!”. Здавалася б, той жа харчовы ланцужок: воўк і заяц. Але… Мы дакладна ведаем, што дзеянне праходзіцьу Маскве (згадайце эпізод з “Астанкіна”) і ў 1980 годзе (у кадры Алімпіяда-80). I вось ужо мы, савецкія, а цяпер рускія і беларускія дзеці, успрымаем яго як нешта сваё, роднае.

Прааналізавалі гледачы разам з экспертам іншыя мультфільмы кінастудыі: “Мама для маманцяняці”, “Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе”, “Ільвяня і Чарапаха”, “Чабурашка”.

— Гэта ўвогуле цікавая стужка, — сказаў пра апошні з пералічаных Сяргей Капкоў. — Хто такі Чабурашка — невядома, адкуль ён, чым прываблівае — таксама. Але чамусьці мільёны дзяцей шчыра палюбілі яго. Вось загадка!

СЯРОД НАЙЛЕПШЫХ

Аналізуючы тэматыку конкурсных работ, жанры і творчае самавыяўленне аўтараў, Сяргей Струсоўскі адзначыў шчырасць і памяркоўнасць беларускіх мультыплікатараў:

— Калі ўвесь свет некуды гоніцца, змена кадраў адбываецца ўсё хутчэй і хутчэй, беларускія стужкі, як і ў мінулыя гады, вызначаюцца сваёй дасканаласцю, уважлівасцю да дэталяў, павольнасцю. Гэтая акалічнасць была адзначана са станоўчага боку, лічы, усімі маімі калегамі.

Вынікі конкурсаў ва ўрачыстай абстаноўцы падчас закрыцця фестывалю ў вялікай зале кінатэатра “Радзіма” абвясцілі Ігар Волчак, Сяргей Струсоўскі і Ірына Кухціна.

Гран-пры фестывалю атрымаў фільм “Чатыры абстаноўкі” рэжысёра Лізаветы Хломавай (Расія).

У намінацыі “Найлепшы беларускі анімацыйны фільм” прыза “Вялікі аловак” удастоена стужка “Правільныя правілы. Свята без гаджэтаў” ад Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёра Аляксандра Ленкіна. Найлепшае эксперыментальнае анімацыйнае кіно — “Бывай, балкон!” рэжысёра Ульяны Лавор (Беларусь, Расія).

Найлепшым мультфльмам, створаным дзецьмі да 10 гадоў, стаў “Вясна ўжо зусім блізка” (калектыўная праца, студыя “Саmеrа-etc”, Бельгія); мультфільмам, аўтарам якога ўжо споўнілася 10, але яшчэ няма 17, — “Чырвоны швэдар” (калектыўная работа, Кансерваторыя вытанчаных мастацтваў у Казвіне, Іран).

Дыпломам “Майстар анімацыі” і Вялікім алоўкам за значны ўклад у развіццё анімацыі ўзнагароджана выкладчыца Усерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кінематаграфіі імя С.А. Герасімава Марына Курчэўская.

Ірына СТАНКЕВІЧ