Пруднiкава, В. Песенны водар «Медунiцы» / Валянцiна Пруднiкава // Магілёўскія ведамасці. — 2003. — 1 красавiка. — С. 2.
Народны ансамбль беларускай песні «Медуніца» Палаца культуры і тэхнікі «Хімвалакно» добра ведаюць на Магілёўшчыне і за яе межамі. I вось напрыканцы лютага стала вядома, што ён стаў першым у вобласці, якому прысвоена званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Так Міністэрства культуры адзначыла важкі уклад удзельнікаў ансамбля ў захаванне i развіццё нацыянальнай песеннай культуры, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць і высокае выканальніцкае майстэрства.
Прыгадаем, што ансамбль «Медуніца» быў створаны ў 1989 годзе. I з таго часу яго нязменным кіраўніком з’яўляецца Валянціна Жук. Зараз у складзе калектыву 25 аматараў народных спеваў і музыкі, а ў репертуары больш за 100 узораў песеннага мастацтва. Шмат гэтых твораў гучаць у аранжыроўцы вядомага ў нашай вобласці музыканта Уладзіміра Сянькова, які ўзначальвае інструментальную групу ансамбля. Калектыў вызначаецца не толькі цудоўным вакальным, але і танцавальным майстэрствам.
За гады творчай дзейнасці ансамбль стаў лаўрэатам і дыпламантам звыш 15 рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў. У яго паслужным спісе — перамогі на першым рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці «Беларусь — мая песня» ў Мінску, міжнародным фестывалі фальклору «Вянок дружбы» ў Магілёве, міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах Віцебскай вобласці і інш.
Ансамбль «Медуніца» належыць да ліку тых творчых калектываў, якія не спыняюцца на дасягнутым, актыўна прапагандуюць беларускую культуру, магілёўскую песенную і музычную спадчыну, традыцыі беларускага народа.