У Магiлёве з’явiлiся скульптуры багоў Гермеса i Вялеса

   Зiгуля, Н. У Магiлёве з’явiлiся скульптуры багоў Гермеса i Вялеса / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2017. — 25 студзеня. — С. 7.

Магілёўскае прадпрыемства «Магілёўаўтадар» вырашыла зрабіць свой унёсак ва ўпрыгожванне горада. Скульптуры вышынёй больш чым два метры з’явіліся ў нішах прыгожага будынка з калонамі на вуліцы Першамайскай, дзе знаходзіцца адміністрацыя прадпрыемства.

— Магілёўшчына знаходзіцца на скрыжаванні шляхоў, звязваючы рускія, украінскія, польскія і беларускія землі, — патлумачыў гэтую ідэю намеснік генеральнага дырэктара РУП «Магілёўаўтадар» Сяргей Тылец. — Яна была і на шляху «з варагаў у грэкі», яе неаднаразова перасякалі расійскія і замежныя імператары і імператрыцы. Вось мы і вырашылі ўшанаваць заступнікаў дарог, якімі былі грэчаскі Гермес і славянскі Вялес. Гэта была задумка нашага былога кіраўніка Аляксандра Мініна і доктара архітэктуры, прафесара кафедры «Горадабудаўніцтва» БНТУ Армена Сардарава. А ўвасобілі яе ў жыццё магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў і яго мінскія калегі.

Дарэчы, менавіта дзякуючы магілёўскім дарогабудаўцам міжнародныя трасы М-4 (Мінск—Магілёў) і М-5 (Мінск—Гомель) рэканструяваны пад першую катэгорыю. І нават зараз, у зімовы час, працягваецца будаўніцтва стратэгічна важнага аб’екта — моста цераз раку Сож у раёне Слаўгарада. Ён звяжа гэты райцэнтр з Краснаполлем і дасць магчымасць Слаўгараду стаць бліжэй да мяжы з Расіяй.