Залог поспеху — паразуменне з вучнямi

   Сiнькевiч, Г. Залог поспеху — паразуменне з вучнямi : [Настаўнік хiмii Магiлёўскага абласнога лiцэя № 2 С. Крутаў] / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 13 чэрвеня. — С. 1.

Па меркаванні настаўніка хіміі Магілёўскага абласнога ліцэя № 2 Сяргея Крутава, паспяховасць адукацыйнага працэсу напрамую залежыць ад умення педагога знайсці паразуменне з вучнямі. Калі здолеў наладзіць кантакт з дзецьмі — яны будуць радаваць сваімі поспехамі і дасягненнямі. Не атрымалася наладзіць узаемасувязь з класам — станоўчых вынікаў не чакай. Таму стварэнню спрыяльнага мікраклімату на ўроках трэба ўдзяляць такую ж увагу, як і якасці іх правядзення.

У сферы адукацыі Сяргей Сяргеевіч працуе ўжо амаль 30 гадоў. Аб тым, каб змяніць прафесію, ніколі нават не задумваўся. У педагогіку ён некалі прыйшоў свядома і ні разу не пашкадаваў аб гэтым выбары.

— Імкненне да настаўніцкай працы прыйшло яшчэ ў дзяцінстве. У мяне бабуля — выдатны педагог. Ды і школьныя настаўнікі былі цудоўныя. Сапраўдныя майстры сваёй справы, урокі якіх памятаю і зараз. Нам, вучням, хацелася быць падобнымі на іх, таму і ішлі многія ў педагагічныя ВНУ. Непасрэдна на мяне самы значны ўплыў аказала настаўніца хіміі Эма Якаўлеўна Міхалёва. Менавіта дзякуючы яе заняткам я ўсур’ёз захапіўся дакладнымі навукамі. А яшчэ ўпэўніўся ў тым, што мой прафесійны шлях — гэта шлях педагога, — расказаў Сяргей Крутаў.

Пастаўленых мэт ён прывык дасягаць, таму, ледзь атрымаўшы школьны атэстат, адправіўся працягваць адукацыю ў Новакузнецкі педагагічны інстытут. Пасля ўручэння настаўніцкага дыплома да яго паступала шмат запрашэнняў на працу. Але Сяргей Сяргеевіч вырашыў вярнуцца на малую радзіму — у Магілёў. І адметна, што пачынаць педагагічную дзейнасць прыйшоў у сваю родную сярэднюю школу № 5 горада.

Па інстытуцкім дыпломе ён мог выкладаць тры важныя прадметы: геаграфію, біялогію ці хімію. Паспрабаваў сябе настаўнік ва ўсіх гэтых профілях. Але ў выніку спыніўся на хіміі, якой і вучыць дзяцей вось ужо 25 гадоў. За гэты працяглы час ён выпрацаваў свае методыкі і падыходы да навучання.

На думку Сяргея Крутава, дзеці вучацца з задавальненнем, калі іх з задавальненнем вучаць. Таму ўрок не трэба зводзіць да пераказу інфармацыі з падручніка. Заняткі павінны быць дыялогам, напоўненым дзіцячымі адкрыццямі.

— Свае ўрокі праводжу так, каб захапіць дзяцей. Для гэтага выкарыстоўваю розныя адукацыйныя тэхналогіі ў комплексе, пастаянна знаходжуся ў творчым пошуку, скіраваным на ўдасканаленне структуры і якасці заняткаў. Калі ў цэлым, то імкнуся не столькі навучыць ліцэістаў хіміі, колькі навучыць іх вучыцца самастойна. Важнай лічу таксама практыкаарыентаванасць урокаў. Дзецям неабходна разумець, якім чынам прымяніць атрыманыя веды ў рэальным жыцці, — адзначыў Сяргей Сяргеевіч.

Значным фактарам выніковага засваення ведаў гэты неардынарны педагог лічыць і плённае ўзаемадзеянне з вучнямі. На занятках ён стараецца ўцягнуць дзяцей у сумесную дзейнасць, а таксама заўсёды пакідае ім права на памылку, тлумачыць, што памылка не нешта ганебнае, а своеасаблівы пункт росту. Ну, а выпраўленая памылка — ужо і не памылка зусім. Дзякуючы такому падыходу, з дзецьмі ў Сяргея Крутава ўсталяваліся самыя станоўчыя кантакты. Вучні не баяцца прызнацца яму ў нязробленай “дамашцы”, выйсці да дошкі або падысці з асабістым пытаннем. Напэўна, такія ўзаемаадносіны яшчэ і вынік таго, што Сяргей Сяргеевіч заўсёды прымае навучэнцаў такімі, якія яны ёсць, імкнецца дапамагчы кожнаму з іх знайсці сябе, паверыць у свае здольнасці.

Эфект ад такога стаўлення да працы адпаведны. Многія вучні Сяргея Крутава выбіраюць хімію за аснову будучай прафесіі і паспяхова здаюць яе на цэнтралізаваным тэсціраванні. Працу з адоранымі навучэнцамі Сяргей Сяргеевіч таксама ажыццяўляе вынікова. Работа арыентавана ў асноўным на ўдзел вучняў у алімпіядным руху. Настаўнік перыядычна сустракаецца з таленавітымі дзецьмі на індывідуальных занятках, распрацоўвае для іх заданні для самастойнага вывучэння, не забывае і аб маральнай падтрымцы, матывацыі. У сукупнасці з усялякай дапамогай з боку кіраўніцтва ліцэя і бацькоў наладжаная такім чынам сістэма падрыхтоўкі рэгулярна прыводзіць дзяцей да вучэбных поспехаў. Вучні Сяргея Сяргеевіча штогод упэўнена становяцца пераможцамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Сёлета двое з іх заваявалі прызавыя дыпломы на заключным этапе алімпіяды.

У педагагічнай дзейнасці Сяргея Крутава было нямала працоўных перамог. Неаднаразова гэты настаўнік адзначаўся ганаровымі граматамі і дыпломамі. Але ён працуе не дзеля ўласных узнагарод. Самыя каштоўныя для яго не асабістыя, а вучнёўскія дасягненні.