Літаратурная гадзіна «Зямля бацькоў, зямля святая»

18 лiстапада ў бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна «Зямля бацькоў, зямля святая», прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча – аднаго з самых адметных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 8-га класа ДУА «Сярэдняя школа №5 г. Магілёва».

Падчас сустрэчы вучні пазнаёміліся з асноўнымі этапамі жыцця пісьменніка: яго дзяцінствам у Оршы, цікавасцю да гісторыі і легенд, ваенным ліхалеццем, вучобай у Кіеве, творчым станаўленнем і росквітам літаратурнага таленту. Асобая ўвага была нададзена яго драматычным, паэтычным і празаічным творам. Вучнi таксама праглядзелі ўрыўкі з кінафільмаў, пастаўленых паводле твораў пісьменніка, паўдзельнiчалi ў інтэрактыве – падбіралі назвы да малюнкаў У. Караткевіча i адказвалі на пытанні віктарыны.

Асабліва кранальным стаў заключны момант – літаратурны снэк. Пасля прачытання верша «Вагеньчык у яблынным садзе…» усе прысутныя пачаставаліся восеньскімі яблыкамі, як сімвалам светлай і паэтычнай атмасферы твораў пісьменніка.

Юбілейная падзея дапамагла вучням адчуць магію слова класіка беларускай літаратуры, яго любоў да роднай зямлі і павагу да яе гісторыі.

Views: 45