Дзень роднай мовы

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў рамках творчага настрою «Твой стыль – мова» ў бібліятэцы прайшоў цыкл мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, культуры і традыцый.

Для вучняў 8-га класа ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Магілёва» была арганізавана лінгвагульня «БелМова: перазагрузка». Удзельнікі спаборнічалі ў конкурсах «Назаві адным словам», «Наадварот», «Перакладчыкі», разгадвалі загадкі і рэбусы, аднаўлялі «рассыпаныя» прыказкі, гулялі ў рыфмы «жывы – нежывы», а таксама наведалі віртуальна «Музей народнага побыту». Заданні патрабавалі логікі, кемлівасці і добрага ведання роднай мовы. Каманды прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, актыўнасць і шчырую цікавасць да беларускай мовы.

Для малодшых школьнікаў адбылася гасцёўня «Дзень добры, беларуская хатка!». Дзеці здзейснілі пазнавальнае падарожжа ў свет беларускай традыцыйнай культуры: пазнаёміліся з убраннем хаты, даведаліся пра ролю печы і «чырвонага кута», успомнілі, чаму бусел лічыцца сімвалам шчасця. Удзельнікі разважалі пра паняцці «Радзіма» і «Бацькаўшчына», пра гасціннасць беларусаў і сямейныя традыцыі, чыталі вершы, адгадвалі загадкі, знаёміліся з народнымі прыметамі, малявалі і гулялі ў народныя гульні. Завяршылася сустрэча вясёлай гульнёй «Бульба» і цёплымі пажаданнямі здароўя і шчасця.

Таксама былі арганізаваны кніжныя выставы: «Беларуская кніга натхняе», «Роднай мовы пералівы», якія знаёмілі наведвальнікаў з багатай літаратурнай спадчынай Беларусі.

Мова – гэта душа народа. Пакуль жыве мова – жыве народ. Запрашаем усіх жадаючых далучыцца да свету роднага слова!

Views: 7