7 жніўня ярка, весела і цікава прайшлі мерапрыемствы ў бібліятэках горада ў межах праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё!».
Так, дзіцячая бібліятэка-філіял імя А.С.Пушкіна запрасіла юных наведвальнікаў на гульню-віктарыну «Слоўная мазаіка», якая аб’яднала тых, хто любіць і шануе беларускую мову. Удзельнікі мерапрыемства праверылі свае веды па-беларуску, успомнілі малавядомыя словы і цікавыя моўныя факты.
Для чытачоў дзіцячай бібліятэцы-філіяла № 4 прайшла літаратурная гульня «Мая краіна Беларусь». Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй роднага краю, адказвалі на пытанні аб нашай Радзіме, успаміналі святы нашай краіны, падарожнічалі па абласцях Беларусі. Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя атрымалі закладкі ў выглядзе карты нашай краіны.
Чытачы дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 9 у гэты дзень адправіліся ў цудоўнае падарожжа па кнізе К.Ляшкевіч «Мирский замок». Дзеці разгадвалі загадкі, стваралі герб, малявалі старажытны двор і адкрывалі таямніцы замка. Пазнаёміліся са знакамітым заснавальнікам замка і магутным родам Радзівілаў.
Інтэлектуальная гульня-віктарына «Беларусь. Гісторыя і сучаснасць» з дапоўненай рэальнасцю прайшла ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 10. Удзельнікі актыўна адказвалі на пытанні віктарыны і паспаборнічалі з сябрамі ў тым, хто лепей ведае мясціны роднай Беларусі.
Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К.Маркса арганізавала беларускую пляцоўку «Мудрасць вякоў – ад прадзедаў да нас». Падчас мерапрыемства ўдзельнікі даведаліся пра значэнне роднай мовы ў жыцці чалавека, разгадвалі беларускія прыказкі, прымаўкі, у якіх адлюстроўваецца старадаўняя мудрасць і душа беларускага народа. А таксама знаёміліся з кніжнай выставай «Прымаўкі ды прыказкі мудрай мовы прывязкі».
«Мая чароўная Беларусь!», – так называлася гульня-віктарына, арганізаваная ў бібліятэцы-філіяле № 1 імя Я.Коласа. Удзельнікі змаглі праверыць свае веды пра Беларусь, пра найбольш знакамітыя гісторыка-культурныя, прыродныя і прамысловыя аб’екты нашай краіны, пагуляць і паспаборнічаць з сябрамі.
А вось бібліятэка-філіял № 2 імя І.Шамякіна падрыхтавала займальную пляцоўку «Родная пятніца: гульні і веды на свежым паветры». Гульня-мэм «Наша Беларусь» дапамагла і дарослым, і юным магіляўчанам лепш даведацца пра сваю краіну.
Кожную пятніцу бібліятэка-філіял імя М.Лермантава адчыняе дзверы ў майстэрню роднага слова «Чытай! Слухай! Размаўляй!». Гэта не проста занятак, а выдатная магчымасць акунуцца ў багацце прыгожай роднай мовы, з дапамогай цікавых беларускіх кніг і розных гульняў.
Бібліятэка-філіял № 9 імя Я.Купалы запрасіла сваіх чытачоў на інтэрактыўную пляцоўку «Роднай мовы перазвон». Зацікаўленыя дзеці мелі магчымасць акунуцца ў чароўны свет роднай мовы і літаратуры. Яны тлумачылі значэнне слоў, суадносілі партрэты пісьменнікаў з іх імёнамі, адгадвалі назвы традыцыйнай беларускай ежы. Інтэрактыўны фармат дазволіў кожнаму адчуць жывую энергетыку беларускага слова і яго мілагучнасць.
Просмотров: 144

















