У межах праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё!» у бібліятэцы адбыўся пазнавальны гульнявы квэст «Знайдзі сваё».
Падчас мерапрыемства юныя чытачы здзейснілі своеасаблівае падарожжа па родным краі. Удзельнікаў чакалі цікавыя заданні, пошук, загадкі і творчыя выпрабаванні, якія дапамаглі па-новаму паглядзець на знаёмыя мясціны.
На першай станцыі «Дзе гэта?» дзеці вучыліся працаваць з картай: знаходзілі месца свайго пражывання, бібліятэку, галоўную раку краю і вядомыя славутасці. Станцыя «Кніжная разведка» запрасіла ўдзельнікаў да краязнаўчай паліцы. Тут яны шукалі кнігі пра родны горад, прыроду і знакамітых землякоў. Падчас задання «Пазнай сваё» юныя краязнаўцы пазнавалі па фотаздымках мясцовыя аб’екты — будынкі, помнікі, славутасці і іншыя знаёмыя мясціны. Не абышлося і без загадак. На станцыі «Таямнічыя канверты» ўдзельнікі разгадвалі пытанні пра прыроду, гісторыю роднага краю і бібліятэку. Кожнае выкананае заданне прыносіла новую літару. У выніку з сабраных літар трэба было скласці сакрэтнае слова і раскрыць галоўную таямніцу квэсту.
Завяршылася сустрэча творчым заданнем «Маё сваё». Дзеці разважалі над тым, за што яны любяць свой край, і малявалі тое, што асабліва дарагое іх сэрцу.
Просмотров: 14








