“Кожная пятніца – роднае, сваё!”: штотыднёвая акцыя ў бібліятэках горада

Кожную пятніцу бібліятэкі нашай установы ладзяць мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю багатай нацыянальнай спадчыны, прыгажосці роднай мовы і, увогуле, унікальнай беларускай культуры. Усе яны праходзяць у межах рэспубліканскага праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё!».

2 кастрычніка на стаў выключэннем. Інтэрактыўная гульня «Жыві, мая родная мова!», арганізаваная ў бібліятэцы-філіяле №1 імя Я.Коласа запрасіла юных чытачоў у займальнае падарожжа ў свет роднага слова. Дзеці выконвалі цікавыя заданні, адказвалі на пытанні, успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, правяралі свае веды па граматыцы і літаратуры, даведваліся цікавыя факты пра беларускую мову.

Чытачы бібліятэкі-філіяла №2 імя І.Шамякіна – вучні 4-х класаў адправіліся ў займальнае падарожжа — квэст-гульню «У пошуках літары Ў». На час гульні хлопцы і дзяўчаты пераўтварыліся ў сапраўдных даследчыкаў. Ім давялося пераадолець нямала выпрабаванняў: узгадаць сакрэты беларускай кухні, скласці «Ланцужок слоў», адкрыць для сябе «Скарб роднага слова» і інш. Азарт, камандны дух і шчырая цікавасць да роднай мовы дапамаглі школьнікам справіцца з усімі заданнямі. Фінальным пунктам квэста стаў пошук той самай, унікальнай літары «Ў». І, вядома ж, яны яе знайшлі!

А вось чытачы бібліятэкі-філіяла №6 і бібліятэкі-філіяла №9 імя Я.Купалы у гэты дзень з захапленнем адгадвалі беларускія загадкі, чыталі вершы, перакладалі словы на беларускую мову і, нават, сачынялі ўласныя казкі.

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К.Маркса працавала беларуская пляцоўка «Мая сям’я – маё багацце», дзе ўдзельнікі разгадвалі філворды, успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, а таксама вызначалі роднасныя сувязі (напрыклад, кім даводзіцца брат мамы).

Для маленькіх чытачоў дзіцячай бібліятэкі-філіяла №4 прайшла літаратурная вандроўка «Сустрэча з казкай». Дзеці мелі магчымасць акунуцца ў чароўны свет беларускай казкі. З цікавасцю слухалі цудоўныя беларускія творы, якія вучаць сумленнасці, сціпласці, працавітасці, душэўнай чуласці і дабрыні.

Чытанка‑забаўлянка«Сямейны карагод» ‒ гэта не проста сустрэча, а сапраўдныя сямейныя хвілінкі цяпла, дзе ажываюць добрыя гісторыі і застаюцца ў памяці радасныя моманты. 2 кастрычніка чытанку-забаўлянку ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле №9 прысвяцілі святкаванню Дня пажылых людзей. Разам з дзеткамі чыталі ўтульныя вершы і апавяданні пра бабуль і дзядуль каля выставы «Літаратурныя прысмакі», узгадалі «Бабуліны прысмакі». А яшчэ рабілі мілую падзелку «Святочны кубачак».

Кніжныя выставы, арганізаваныя ва ўсіх бібліятэках горада, сталі выдатным дапаўненнем да штотыднёвай акцыі. Усе яны працуюць на працягу года і прысвечаны роднай Беларусі, яе культуры, традыцыям і гістарычнай спадчыне.

Далучайцеся да акцыі і вы, нашы паважаныя чытачы!

 

Просмотров: 14