Бібліятэка-філіял № 2 імя І. Шамякіна
У кожнай літаратуры ёсць вялікія і выдатныя паэткі. У рускіх — Ганна Ахматава і Марына Цвятаева, ва ўкраінцаў — Леся Украінка і Ліна Кастэнка… I мы, беларусы, таксама маем такіх жанчын-творцаў. Яўгенія Янішчыц — адзін з самых яркіх і выдатных талентаў у нашай нацыянальнай паэзіі.
“Палеская ластаўка, ― Палесся мілае дзіця, ― Палеская летуценніца” – так назвалі ў нашай літаратуры Яўгенію Янішчыц, аб якой ішла размова на інтэграваным уроку “Чароўная кветка беларускай паэзіі”.
Мерапрыемства прайшло для вучняў 11 класаў ДУА “Сярэдняя школа №11 г. Магілёва”, ДУА “Сярэдняя школа №39 г. Магілёва”, ДУА “Сярэдняя школа №41 г. Магілёва”.
На ўроку навучэнцы прагледзелі відэаматэрыялы, дзе з захапленнем, па-мастацку, чыталі вершы паэткі артысты тэатра “Тэррыторыя мюзікла” Ангеліна Падаляк, Ульяна Масаловіч і інш. Усім прысутным прыйшлася даспадобы песня на верш паэткі “Ты пакліч мяне. Пазаві…” у выкананні беларускага гурта “Hasta La Fillsta”.
Падчас мерапрыемства прагучалі песні беларускай бард-спявачкі Таццяны Беланогай “Бэз апаў”, “Не воблака, а проста аблачынка”.
Пад мелодыю беларускай песні “Старана мая азёрная” (словы Я. Янішчыц, муз. З. Яўтуховіча) вядучыя распавялі прысутным пра лёс Яўгеніі Янішчыц, яе геніяльную паэзію. Пазнаёмілі з цікавымі і невядомымі фактамі з жыцця паэткі, зрабілі віртуальны экскурс па музею Я. Янішчыц, фонды якога налічваюць каля 700 экспанатаў, у тым ліку 650 арыгінальных. Гэта – рукапісы твораў і песні на вершы паэткі, крытычныя артыкулы, яе дзённік і рукапісны зборнік вершаў “Першыя россыпы”, медаль лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы, асабістыя рэчы: вяночак, ручкі, адззенне, абутак, сумачкі, партфель, абрус і пасцілка.
Разгледзелі і версіі трагічнай гібелі паэткі, а ў заключэнні ўрока прагледзелі дакументальную стужку пра жыццёвы і творчы шлях паэткі.
Яўгенія Янішчыц пакінула нам шчырыя словы запавету: “Жывіце і любіце, свой беражыце дом”, “…Пачынаецца ўсё з любві, а інакш і жыць немагчыма”.
Паэзія Янішчыц вучыць нас любові, вучыць жыць і працаваць.