Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса
21 лютага ў бібліятэцы ў межах Дня роднай мовы адбылася дыктоўка 2020 «Прага да ведаў», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Для напісання быў выбраны ўрывак з твора У. Караткевіча «Дрэва вечнасці». Поўны тэкст дыктоўкі можна пагледзець далей.
Уладзімір Караткевіч
Дрэва вечнасці
І зноў пушча. Зноў ствалы волатаў, а за імі гараць крылы соцень жар-птушак. Гараць і дымна згараюць у цішыні.
І раптам я ўбачыў: вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін. Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат. Здавалася, метраў на сорак — пяцьдзясят — бо яго ні з чым вакол нельга было параўнаць — вышэйшы за ўсё на зямлі. Роўны амаль да самай верхавіны, гладкі, амаль як мармур, карою (так уяўлялася ўпрыцемку), без адзінай шышкі на ёй, без адзінага наросту ці галінкі, ён толькі ля верхавіны шырыў недзе ў саміх нябёсах магутныя свае лапы.
Ён быў вечны і неўміручы. Ён, здавалася, павінен быў быць нязменны і канчатковы ў сваёй класічнай закончанасці. І, аднак, ён рос. Разумееце? Ён яшчэ рос.