Няўжо за межамі рэальнага?

Бунцэвіч,  Надзея. Няўжо за межамі рэальнага? : [прэм’ера спектакля “Жанчына мора” і адкрыццё выстаўкі “Грані рэальнасці”] / Надзея Бунцэвіч // культура. — 2017. — 12 жніўня. — С.4.

Адзін са шматлікіх філіялаў Музея гісторыі Магілёва, а менавіта Выставачная зала на ра­гу вуліцы Болдзіна, і Магілёўскі абласны драматычны тэатр знаходзяцца побач – проста перайсці дарогу. У адзін і той жа дзень, з розніцай у паўтары гадзіны, у кожнай з устаноў былі важныя падзеі. У тэатры – прэм’ера. У Выставачнай зале – адкрыццё чарговай экспазіцыі. Але, што называецца, кожнаму – сваё. Hi публіка, ні супрацоўнікі двух «куль­турных цэнтраў» не былі ў курсе таго, што робіцца ў суседзяў.

Надзея БУНЦЭВІЧ

А між тым, адметнымі былі і спектакль «Жанчына мора» (гл. «К» № 31), і выстава «Грані рэальнасці», якая спалучала творчасць трох мастакоў. Двое з іх – магіляўчане, трэці – мінчанін. Прадстаўнікі віцебскай мастацкай школы, яны вучыліся на мастацка-графічным факультэце былога Віцебскага педінстытута (цяпер гэта ўніверсітэт імя Пятра Машэрава), разам жылі ў адным інтэрнаіцкім пакоі. А іх творчыя індывідуальнасці настолькі розныя, быццам мастакі прадстаўляюць розныя не то­лькі школы, але і эпохі.

У Дзмітрыя Пухоўскага – прафесійна выкананыя традыцыйныя пейзажы, што вабяць прыгажосцю і прыйдуцца даспадобы прыхільнікам рэалізму. Міхала Максімава можна лічыць аддаленым нашчадкам імпрэсіянізму, супрэматызму і… вясёлкі. Ад першага ў яго – імкненне намаляваць не столькі сам пред­мет, колькі адчуванне, настрой. Ад другога – яркасць, чысціня, незамутнёнасць простых фарбаў. Усё астатняе – аўтарская інтэрпрэтацыя рознакаляровых ліній, «падгледзеных» у вясёлкі. Назву карціны «Палёт душы», што адкрывала экспазіцыю, можна было б адрасаваць усёй творчасці майстра, галоўным у якой становіцца адчуванне святла, руху, радасці, шчасця, пошук адметных ракурсаў гарадскіх пейзажаў, што і складае ўласнае бачанне свету.

Унутраную прастору пакояў, дзе сцены адда дзены карцінам, запоўнілі працы Уладзіміра Макаркова, што звешваліся са столі. Убачыўшы аднойчы хаця б адну з іх, надалей заўсёды пазнаеш руку майстра. Бо рэчышча яго пошукаў пралягае праз саму форму падачы сваіх мастацкіх фантазій, блізкую інсталяцыям. Быц­цам разам з навукоўцамі, толькі на мове жывапісу, ён даследуе «паходжан- не» папяровай кнігі, вынайдзеныя чалавецтвам варыянты яе існавання. Яго творы выклікаюць безліч асацыяцый. Найперш гэта разгорнутыя скруткі-сувоі, якія кожны з гледачоў вольны расшыфроўваць на свой лад, бо яны прынцыпова не маюць назвы. Замацаваныя разам «шыльдачкі», падобныя да павялічаных у памерах старадаўніх караляў якога-небудзь племя мая. Разгорнутая партманетка з кішэнькай. Эфект «кніжкі ў кнізе». А яшчэ аздабленне заклад­камі, прашытымі ніткамі, стужкамі.

Я наведала выставу на другі дзень пасля адкрыцця, увечары. Наведвальнікаў не было. Калі ўжо сыходзіла, забеглі трое выпадковых мінакоў – схавацца ад дажджу. Даведаўшыся пра смешны кошт у паўтары рублі, пайшлі глядзець экспазіцыю. Большасць публікі, як я даведалася, тут бывае на ўрачыстым адкрыцці, калі можна прайсці бясплатна. У тэатры, дарэчы, таксама здараюцца падобныя праблемы: пасля цалкам аншлагавай прэм’еры, на наступных паказах у зале сям-там назіраюцца во- льныя месцы. Дык чаму б не з’яднаць намаганні тэатра і Выставачнай залы?

Апошнім часам куль­турныя ўстановы паспяхова супрацоўнічаюць нават а рэстаранамі ды кавярнямі. Шырокі разгорт атрымаў праект «Мовабокс», калі ў апошніх змяшчаюць палічкі з кнігамі: пі каву ды чытай. Некаторыя тэатры і кіно практыкуюць сістэму зніжак: прад’явіўшы білеты на прагляд у пэўнай «ежавай» установе, можна каштаваць прысмакі з меншай стратай для кішэні. Чаму б не скарыстаць штосьці падобнае? Да прыкладу, наведвальнікі выставы атрымліваюць білет у тэатр. Ці наадварот.

У замежжы я часта сустракала так званую “скрыжаваную” рэкламу. Установы дамаўляюцца між сабой – і кожная змяшчае ў сябе рэкламныя шчыты, афішы, флаеры суседзяў, часта нават патэнцыйных канкурэнтаў. Бо ў выйгрышы – усе. Сапраўды, чаму б не паспрабаваць? Глядзіш, культурная аўра горада атрымае куды больш шырокія межы і «грані рэальнасці».

1

 Фрагмент экспазіцыі “Грані рэальнасці”.