Калі працаваць з аддачай, то і вынік будзе

Церахава, Надзея. Калі працаваць з аддачай, то і вынік будзе : [кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 90 Магілёва І. Л. Мядзведская ] / Надзея Церахава // Настаўніцкая газета. — 2017. — 9 лістапада. — С. 1. 

“Дзіцячы сад — гэта маленькі свет, у якім я адчуваю сябе лёгка і свабодна, — гаворыць кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 90 Магілёва Іна Леанідаўна Мядзведская. — Я захоплена сваёй справай, усведамляю яе важнасць і неабходнасць. Ці будуць мае выхаванцы паспяховымі і шчаслівымі? Гэта залежыць і ад стану іх здароўя, як фізічнага, так і духоўнага. У фарміраванні здароўя дзяцей ёсць і часцінка маёй працы. Мая задача — даць выхаванцам правільнае ўяўленне аб здаровым ладзе жыцця, прывіць цягу да заняткаў фізкультурай і спортам, якія спрыяюць выхаванню сілы волі, дысцыплінаванасці, адказнасці і грацыёзнасці”.

У дзяцінстве Іна Мядзведская любіла маляваць і танцаваць. Але больш за ўсё ёй падабалася праводзіць час з сябрамі на вуліцы, катацца на веласіпедзе і самакаце, гуляць у спартыўныя гульні “Гумка”, “Лапта”, “Выбівала”, удзельнічаць у спаборніцтвах і эстафетах. Азам здаровага ладу жыцця яе вучылі бацькі: прывівалі навыкі правільнага харчавання, раілі прытрымлівацца рэжыму дня, займацца фізкультурай.

Методыку фізічнага выхавання дашкольнікаў педагог засвоіла ў Магілёўскім педагагічным каледжы, дзе атрымала спецыяльнасць “Педагогіка і псіхалогія дзяцінства”. У 2003 годзе скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. Здаровы лад жыцця, любоў да дзяцей і педагагічную прафесію выбрала не толькі Іна Леанідаўна, але і яе сястра Ірына, якая зараз жыве ў Нарвегіі, дзе працуе выхавальнікам у дзіцячым садзе. Сёстры часта абмяркоўваюць тэмы выхавання, абменьваюцца відэасправаздачамі заняткаў. Іна Леанідаўна імкнецца павышаць сваё прафесійнае майстэрства, займаецца самаадукацыяй, шукае спосабы рацыянальнага выкарыстання працоўнага часу. Педагог прайшла падрыхтоўку ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка па спецыялізацыі “Кіраўнік фізічнага выхавання ў дзіцячым садзе”, атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і цяпер дзеліцца вопытам работы з маладымі спецыялістамі.

“Штодня на працягу дзевяці гадоў я прыходжу ў фізкультурную залу свайго любімага дзіцячага сада, — гаворыць педагог. — Мне падабаецца тое, чым я займаюся: праводзіць з малышамі ранішнюю зарадку, заняткі фізкультурай, арганізоўваць святы і спаборніцтвы. Адчуваю сябе не проста педагогам, а сябрам усіх дзяцей. Упэўнена, што навучыць чамусьці малышоў можна толькі на асабістым прыкладзе. Усе практыкаванні педагог павінен выконваць разам з дзецьмі. Калі працаваць з аддачай, то і вынік будзе.

Кожны мой дзень у садзе пачынаецца з ранішняй зарадкі для малышоў. У цёплае надвор’е выходзім на вуліцу. Практыкаванні робім пад музыку, выкарыстоўваем мячы, стужкі, сцяжкі, колцы і іншыя яркія атрыбуты. У залежнасці ад узросту, дзеці выконваюць пэўныя комплексы практыкаванняў, разлічаныя на ўсе віды мышцаў”.

У пачатку новага навучальнага года Іна Леанідаўна заводзіць на кожнага выхаванца асабістую карту, дзе ўказвае групу яго здароўя і інфармацыю пра тое, наколькі гарманічна развіваецца дашкольнік, якія ў яго ёсць адхіленні. Аднаму, напрыклад, проціпаказаны бег, а іншаму нельга выконваць пэўныя віды практыкаванняў. У далейшым педагог праводзіць маніторынг фізічнай падрыхтоўкі выхаванцаў, вынікі якой фіксуе, а затым параўноўвае, што было ў пачатку навучальнага года, а што ў канцы. Дзеці з 4 групай здароўя фізкультурай не займаюцца. Але і яны не сумуюць на занятках. Іне Леанідаўне дапамагае выхавальнік, які займаецца з некаторымі дзецьмі асобна: гуляе з імі ў спартыўныя настольныя гульні, напрыклад, прапануе падабраць, да якога віду спорту адносіцца той ці іншы прадмет, або знайсці карцінкі, якія адпавядаюць зімняму або летняму віду спорту, сабраць спартыўнае лато і г.д.

“Падчас традыцыйных дзён здароўя ў садзе расказваю дзецям вуснамі казачных персанажаў, чаму сонца, паветра і вада — лепшыя сябры чалавека. Паралельна на вялікім экране дэманструецца інфармацыя аб здаровым ладзе жыцця, — гаворыць педагог. — Расказваю дзецям пра беларускіх спартсменаў, пра Алімпійскія гульні. Часам да мяне звяртаюцца бацькі з просьбай параіць ім, у якую спартыўную секцыю лепш за ўсё аддаць дзіця. Спасылаюся на рэкамендацыі псіхолагаў аб тым, што пры падборы таго ці іншага віду спорту неабходна ўлічваць не толькі фізічныя магчымасці дзяцей, але і іх тэмперамент. Для вельмі актыўных дзяцей падыдзе, напрыклад, плаванне. Малышу, якому, наадварот, трэба разняволіцца, можна заняцца таэквандо. Амаль 70% маіх выхаванцаў наведваюць розныя аздараўленчыя секцыі: катаюцца на каньках, займаюцца харэаграфіяй, дзюдо, каратэ, аэробікай, усходнімі танцамі і г.д. Увогуле, многія маладыя сем’і пераходзяць сёння да здаровага ладу жыцця, да прынцыпаў здаровага харчавання, перасаджваюцца на веласіпеды і г.д.”.

Жывучы ў Беларусі, дзеці павінны ведаць і любіць родную мову і гісторыю, шанаваць культурную спадчыну народа. Кожны чацвер у садзе праходзіць беларускамоўны дзень, калі выхаванцы на ўсіх занятках размаўляюць толькі на роднай мове. У свае заняткі Іна Леанідаўна ўключае беларускія народныя гульні, элементы свят і абрадаў. Беларускія народныя гульні, як правіла, рухавыя. У комплексе з іншымі выхаваўчымі сродкамі яны становяцца асновай для фарміравання ў дзяцей неабходных фізічных якасцей і навыкаў, выхавання ў іх нацыянальнай самасвядомасці і цікавасці да гісторыі і культуры свайго народа. За аснову тэматычнага планавання Іна Леанідаўна ўзяла народны земляробчы каляндар. Змест працы педагога заключаны ў чатырох асноўных блоках: восень, зіма, вясна, лета для дзяцей старшай групы. Яна падабрала адпаведныя практыкаванні, гульні, фальклорна-этнаграфічны матэрыял (вершы, прыказкі, загадкі, народныя прыметы, лічылкі, забаўлянкі).

“Няма нічога прасцейшага, чым захапіць дзіця гульнёй, а ў маім выпадку — народнымі гульнямі, — гаворыць педагог. — Я заўважыла, што ў гульні, якая праводзіцца на роднай мове, малышам прасцей расказаць пра гісторыю, звычаі нашых бабуль і дзядуляў. Можна пазнаёміць выхаванцаў з элементамі побыту, абрадамі, сезоннымі і каляндарнымі святамі, якія шанавалі нашы продкі. Напеўнасць роднай мовы выдатна ўспрымаецца дашкольнікамі. Падчас гульні лёгка запамінаюцца пацешкі, песенькі, лічылкі. Для правядзення беларускіх гульняў, зразумела, патрэбны атрыбуты. Іх вырабляюць і дзеці, і бацькі, і выхавальнікі. Ёсць гульнявая мэбля, кошыкі, вазы, упрыгажэнні, цацкі, шапачкі, медальёны, касцюмы”.

Вялікая роля ў далучэнні дзяцей да роднай мовы і да народных традыцый адводзіцца педагагічнаму калектыву дашкольнай установы. Родная мова гучыць і на занятках у групах, і ў музычнай зале — на святах і забавах. Разам з музычным кіраўніком і выхавальнікамі груп Іна Леанідаўна распрацоўвае сцэнарыі для правядзення беларускіх народных свят. Пасля таго як дзеці засвойваюць пэўныя рухі на фізкультурных занятках, яны ўключаюцца ў танцавальныя нумары. Бацькі выхаванцаў таксама з задавальненнем удзельнічаюць у народных святах і з’яўляюцца добрым прыкладам для сваіх дзяцей. Такім чынам, адначасова з фізічным адбываецца эстэтычнае і разумовае развіццё дашкольнікаў, яны мацнеюць духоўна, пачынаюць усведамляць сябе грамадзянамі сваёй Радзімы.

“Мы, педагогі, шчыра радуемся поспехам нашых выхаванцаў і верым, што кожнае дзіця непаўторнае і таленавітае, трэба толькі дапамагчы яму раскрыцца, — упэўнена Іна Леанідаўна. — Калі малыш з дзяцінства расце здаровым і душой, і целам, то абавязкова стане дастойным чалавекам, а фізкультура і спорт толькі дапамогуць яму ў гэтым”.

miadzveds350Надзея ЦЕРАХАВА