Сінькевіч, Ганна. У прыярытэце — патрыятычнае выхаванне / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 9 лістапада. — С. 13.
Фарміраванне ў дзяцей патрыятычных пачуццяў трэба пачынаць з ранняга ўзросту. Такога меркавання прытрымліваюцца ў яслях-садзе № 116 Магілёва.
У гэтай дашкольнай установе ўпэўнены: прывіваць нацыянальную самасвядомасць, любоў да Радзімы неабходна з дзяцінства, прычым у цесным супрацоўніцтве з бацькамі.
— Менавіта такім чынам і працуе наш педагагічны калектыў. А каб зрабіць выхаванне будучых патрыётаў больш эфектыўным, не так даўно мы далучыліся да рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Загорская.
Па яе словах, наватарскай распрацоўкай ва ўстанове займаюцца з мінулага навучальнага года. За гэты час прадметна-развіццёвае асяроддзе ясляў-сада папоўнілася разнастайнымі гульнямі па азнаямленні з беларускай сімволікай. Выхавальнік Святлана Кананенка правяла для калег майстар-класы па стварэнні беларускай нацыянальнай лялькі. На працягу года ўсе выхавальнікі разам з дзецьмі вывучалі пэўны напрамак беларускай культуры. Своеасаблівым вынікам гэтай работы стала афармленне адпаведных праектаў, якія зараз выкарыстоўваюцца ў выхаваўчым працэсе. Акрамя гэтага, кожны выхавальнік стварыў у сваёй групе куток народнай творчасці, дзе перыядычна праводзяцца тэматычныя заняткі, якія далучаюць дзяцей да беларускасці.
— Цяпер нашы малышы маюць магчымасць наглядна вывучаць нацыянальныя традыцыі, родную мову, гісторыю свайго краю. Падобную працу выхавальнікаў мы ўсяляк стымулюем. Якраз нядаўна былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую арганізацыю кутка беларускай культуры і народнай сімволікі. Пераможцамі ў ім сталі выхавальнікі розных узроставых груп — Аляксандра Яршова, Алена Сакалова, Таццяна Раманенка, Святлана Балашэнка і Таццяна Барысенка. Яны былі заахвочаны ганаровымі дыпломамі і грашовымі прэміямі, — адзначыла Ірына Леанідаўна.
Адметна, што значны ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ўносяць і бацькі дзяцей. У такім ключы ў яслях-садзе № 116 плануюць працаваць і далей, бо выхаванне адказных грамадзян — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці дашкольнай установы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.