Лукашэвіч, У. «Выбары будуць складаныя» : Усяго ў мясцовыя Саветы дэпутатаў будзе абрана 18 111 дэпутатаў / У. Лукашэвіч // Звязда. — 2017. — 1 лістапада. — С. 2. — Мясцовае самакіраванне.
Такую лічбу назвала старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына падчас семінара-вучобы для актыву Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» па падрыхтоўцы да ўдзелу ў выбарчай кампаніі дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання. Падчас мерапрыемства яна распавяла пра асноўныя аспекты арганізацыі выбараў, а таксама выказала ўпэўненасць у тым, што грамадскія аб’яднанні возьмуць актыўны ўдзел у электаральным працэсе.
— Праект указа аб прызначэнні выбараў ужо накіраваны на ўзгадненне ў Савет Міністраў і Камітэт дзяржкантролю, — адзначыла Лідзія Ярмошына. — Пасля атрымання адказу мы яго накіруем кіраўніку дзяржавы для разгляду і падпісання. Мы прапануем, і я думаю, што гэта адзіная верагодная дата па тэрмінах, каб выбары прайшлі 18 лютага 2018 года.
Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама дадала, што выбарчая кампанія ў мясцовыя Саветы дэпутатаў стартуе праз некалькі тыдняў. «Да 23 кастрычніка ўжо павінны былі прайсці сесіі мясцовых Саветаў, якія прынялі рашэнні па колькасці і напаўняльнасці выбарчых акруг. Пасля прызначэння выбараў пачнецца працэс утварэння выбарчых камісій», — сказала Лідзія Ярмошына.
Акрамя таго, яна заявіла, што мясцовыя назіральнікі на мясцовыя выбары не запрашаюцца. Аднак ёсць іншая прапанова. «У нас захавалася традыцыя — і калі кіраўнік дзяржавы яе падтрымае, то так будзе і на гэтых выбарах — што паслы дзяржаў, якія пастаянна працуюць у Мінску, маюць права ажыццяўляць функцыі міжнародных назіральнікаў. Думаю, яны папрацуюць не толькі ў Мінску, але і паездзяць па рэгіёнах», — паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама.
— Выбары будуць вельмі складаныя — і гэта сапраўды так, — адзначыла Лідзія Ярмошына. — Пры любым развіцці падзей складанасць будзе існаваць. Калі мы гаворым пра выбары спакойныя, пра малую альтэрнатыўнасць, пра адсутнасць цікавасці, то будзе праблема з яўкай выбаршчыкаў. Калі выбары будуць альтэрнатыўныя, то абавязкова з’явяцца спробы разгайдаць нашу палітычную і сацыяльную лодку.
Дарэчы, у параўнанні з мінулым чатырохгадовым перыядам колькасць мясцовых Саветаў зменшылася на 19, а колькасць саміх дэпутатаў — на 705 чалавек. У першую чаргу, гэта адбылося за кошт скарачэння Саветаў дэпутатаў у сельскай мясцовасці. «Таксама ў нас зменшылася колькасць адзінак раённага ўзроўню. Нават не колькасць Саветаў, а колькасць выбарчых акруг, — дадала яна. — Трэба павялічваць колькасць выбарчых акруг да максімуму ў Мінску». На думку Лідзіі Ярмошынай, ёсць сэнс скарачаць выбарчыя акругі там, дзе адбываецца адток насельніцтва, аднак гэта павінна вырашацца на ўзроўні мясцовых улад.
Як адзначыў старшыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Аляксандр РАДЗЬКОЎ, арганізацыя плануе ажыццявіць маніторынг грамадскіх настрояў. «У нас шмат задач, і мы з цікавасцю будзем удзельнічаць у гэтых выбарах, прапаноўваць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Мы будзем назапашваць вопыт для свайго развіцця, для развіцця грамадства — і дзяліцца ім, — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў. — Адна з нашых задач — маніторынг. Мы хочам адчуць, чым людзі занепакоеныя, якія ў іх праблемы».
У «Белай Русі» сапраўды назапашаны вопыт удзелу ў выбарчай кампаніі — на гэты момант у мясцовых Саветах дэпутатаў працуе больш за 5 тысяч членаў гэтага грамадскага аб’яднання, ёсць яны і ў Савеце Рэспублікі, і ў Палаце прадстаўнікоў. Па словах старшыні арганізацыі, выбары — «гэта магчымасць прадстаўляць свае ідэі, напрацоўкі, даводзіць іх да нашых суграмадзян».
Усяго ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 200 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны — гэта старшыні, намеснікі старшыняў абласных, раённых арганізацый «Белай Русі», а таксама прадстаўнікі органаў выканаўчай улады.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
lukashevich@zvіazda.by
Фота БЕЛТА