«Зімовы ліс» сабраў эрудытаў

Сінькевіч, Ганна. «Зімовы ліс» сабраў эрудытаў : [у БРУ працшоў студэнцкі фестываль па інтэлектуальных гульнях] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 23 лістапада. — С. 13.

Сорак каманд з розных гарадоў Беларусі і Расіі з’ехаліся ў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Нагодай стаў студэнцкі фестываль па інтэлектуальных гульнях “Зімовы Ліс”.

— Турнір спрыяе развіццю маладзёжнага інтэлектуальнага руху, пашырэнню сяброўскіх кантактаў паміж студэнтамі. Ён праводзіцца ўжо 21 раз і нязменна збірае разам мноства ўдзельнікаў з усіх рэгіёнаў як нашай, так і суседняй краіны. Гэты год не стаў выключэннем. На фэст з’ехаліся звыш 200 чалавек, — расказаў кіраўнік студэнцкага клуба па інтэлектуальных гульнях БРУ Андрэй Яфрэмаў.

Праграма фестывалю была насычанай і рознабаковай. Усім удзельнікам для перамогі прапаноўвалася адказаць на пытанні гульні “Што? Дзе? Калі?”, прайсці групавы і кубкавы “Брэйн-рынг”, “Сваю гульню” і “Эрудыт-лато”, а таксама адгадаць загадкі “Музычнай шкатулкі”.

Спаборнічалі эрудыты на працягу двух дзён. Пераможцаў журы, у складзе якога былі кіраўнікі рэгіянальных клубаў інтэлектуальных гульняў, вызначала зыходзячы з сумарнай колькасці набраных балаў. Па гэтых выніках самымі кемлівымі ў гэтым годзе аказаліся прадстаўнікі сталічных каманд. Так, лепшымі ў гульні “Што? Дзе? Калі?” была прызнана каманда “Сенат и граждане Гаваны”. Каманда “Чёртовы cookie” заваявала 1-е месца ў “Брэйн-рынгу”. Каманда “Жидкость для розжига” стала лідарам у “Музычнай шкатулцы”. У індывідуальным заліку не было роўных Яраславу Палявому, які перамог у “Эрудыт-лато”, а таксама Мікіту Шавеле, які стаў першым у “Сваёй гульні”. Што ж да галоўнага прыза фестывалю, то пераможны кубак забрала з сабой у Мінск каманда “Жидкость для розжига”.

zilis640 zilis1640-e1511426594298

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.