Працягнулі руку дапамогі

Маркава, Святлана. Працягнулі руку дапамогі : [дабрачынная акцыя па здачы крыві  на бязвыплатнай аснове прайшла ў Магілёве]  / Святлана Маркава // Рэспубліка. — 2017. — 25 лістапада. — С. 8.

Акенца рэгістратуры, працэдурныя, лабараторыі. Механізм Магілёўскай станцыі пералівання крыві толькі на першы погляд здаецца простым. На самай справе ён нагадвае невялікі заводзік: акрамя механізма забору і праверкі крыві, тут акумулююцца магутнасці і па яе першаснай перапрацоўцы. Потым кроў і яе кампаненты адпраўляюцца ў бальніцы, а станцыя зноў адчыняе дзверы для дабравольных донараў.

Падчас трохдзённай дабрачыннай акцыі па здачы крыві на бязвыплатнай аснове колькасць донараў павялічылася. Галоўны ўрач Тамара Бурак не ўтойвае:

— Людзей, якія гатовыя на жэст дабрыні і міласэрнасці, нямала: толькі ў першы дзень на наш заклік адгукнуліся больш за трыццаць чалавек. Радуе той факт, што многія пры гэтым не чакаюць аніякай матэрыяльнай кампенсацыі.

Тым не менш амаль дваццаць рублёў атрымае кожны — гэта сума разлічана на ўзмоцненае харчаванне донараў. А ланчы сухім пайком ім выдаюць у буфеце станцыі. Набор пайка стабільны: зефір, гематаген, пячэнне. Пры гэтым сок, які таксама ўваходзіць у спіс, выпіць трэба да маніпуляцыі. Студэнтка-чацвёртакурсніца Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Яна Коласава на здачу крыві прыйшла ў першы раз:

— Даўно былі думкі зрабіць такi крок. Таму, калі пачула пра акцыю, не стала адкладваць добрую справу. Спадзяюся, што тым самым дапамагу хворым людзям.

А муж і жонка Домкіны спецыяльна запісаліся так, каб прыйсці ў адзін дзень. Першай донарам стала Вікторыя. Потым да яе далучыўся муж Яўген. «Каб жонцы, — кажа, — было весялей». Быў выпадак — пераліванне крыві пры родах рабілі маці Вікторыі. Зараз, лічаць, іх чарга дапамагаць другім. Абое выканалі ўсе медыцынскія патрабаванні: данеслі даведкі ад участковага ўрача, падпісалі паперы аб адказнасці за прадастаўленую інфармацыю аб сваім здароўі. І — правільна паснедалі: аўсянкай на вадзе, салодкай гарбатай з батонам.

Аднак добрыя паказчыкі — яшчэ не ўсё. Пасля здачы якасць крыві правераць ізноў. Зробяць біяхімічны аналіз, пацвердзяць на групу і рэзус, вызначаць, ці ёсць у донара інфекцыі. Дарэчы, кожная з доз атрымлівае пэўны нумар. Па яму нават праз некалькі гадоў можна даведацца імя донара. Намеснік галоўнага ўрача Святлана Пятраніс канстатуе:

— Толькі ў гэтым годзе мы правялі больш за дваццаць акцый па здачы крыві на бязвыплатнай аснове. Спецыяльна завялі свае старонкі ў сацыяльных сетках, дзе тлумачым, што такім чынам можна выратаваць чыёсьці жыццё. Напрыклад, у Магілёве нядаўна ўпершыню была праведзена аперацыя па ўстаноўцы клапана сэрца ад донара. І там таксама не абышлося без пералівання крыві.

Некаторыя з магілёўскіх донараў, якія могуць ахвяраваць яшчэ і стваловыя клеткі, занесены ў спецыяльны рэспубліканскі рэгістр. Яны — апошняя надзея для тых, хто мае патрэбу ў аперацыі на касцявы мозг. І ўрачы, і пацыенты ім за гэта вельмі ўдзячныя.

Некаторыя з магілёўскіх донараў, якія могуць ахвяраваць і стваловыя клеткі, занесены ў спецыяльны рэспубліканскі рэгістр. Яны — апошняя надзея для тых, хто мае патрэбу ў аперацыі на касцявы мозг.

1d8e0fd98d86e9aa3b9b2e482e06b52e 5f840f82fce5588e4167d18fb2b81616 93766d3dc5e276bd5dea089d66310bb9 362617d7682ad0208a78618f33d0bf34 df55770b052071f1d1c2b90165898d1f e58a167ec38ae4816b0fcaa3cfed1559

Святлана МАРКАВА
Svet.markova@gmail.com
Фота аўтара