Максімава, Алена. «Апостал» Спірыдона Собаля : [Музей гісторыі Магілёва набыў Апостал С. Собаля] / Алена Максімава // Веснік Магілёва. — 2017. — 29 ноября. — С. 11.
— Эйфарыя! — менавіта так перадаў свае адчуванні дырэктар Музея гісторыі Магілёва. Пяць гадоў Аляксей Бацюкоў сніў і бачыў, як «Апостал» Спірыдона Собаля займае пачэснае месца ў экспазіцыі. 24 лістапада 2017 года мара ператварылася ў жыццё…
Салют, Вера, Надзея, Любоў! Урачыстае імгненне. Па дывановай дарожцы паважна плыве дырэктар Ратушы. Спадар свеціцца, як ліхтарык. У белых пальчатках ён трапятка трымае самую жаданую кнігу ў свеце. «Апосталаў» у свеце — адзінкі. Ратуша набыла рэлігійную кнігу 1632 года — і гэта паставіла Магілёўскі музей гісторыі ў адзін шэраг з Нацыянальным музеем імя Андрэя Шапціцкага ў Львове, з Нацыянальнай бібліятэкай Украіны, з Расійскімі дзяржаўнымі бібліятэкамі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, таксама з Бібліятэкай Расійскай Акадэміі навук. У Беларусі быў толькі «Апостал» 1638 года. Асаблівасць магілёўскага «Апостала» 1632 года — аўтограф Андрэя Шапціцкага. Святар, мітрапаліт лічыцца бацькам нацыі, Маісеем украінцаў.
Вялікалітоўскі друкар, асветнік і літаратар Спірыдон Собаль — выбітны дзеяч, 20 выданняў якога ведаюць калекцыянеры ўсяго свету. У Спірыдона Міронавіча магілёўскія карані. Гасцям паказалі собалеўскі радавод на чатыры калены.
Собаль — уладальнік друкарні на калёсах — імкнуўся прывучыць сваіх суграмадзян да чытання і марыў выдаць «Буквар». Мара ажыццявілася — і «Буквар» выйшаў двумя выданнямі. 1634 года — у Куцейне і 1636 года — у Магілеве. Сёння знайсці адукацыйную кнігу Собаля амаль немагчыма.
Увайсці ў свет старажытнай кнігі — невымоўныя пачуцці. Літаратура — гэта не проста літары. У літары трэба ўзірацца, як у радзімкі на целе каханай. Тады пабачыш, што на першых 5 і апошніх 139 лістах вылучаюцца «3» і «Д». Буквы маюць дзве выявы: элегантную завостраную і акруглую. У літар на 78 лістах пасярэдзіне асобных прыкмет не назіраецца.
Таксама першыя 5 і апошнія 139 лістоў «Апостала» маюць шэсць розных філіграней. Філігрань — гэта вадзяны знак. Багацце аздаблення сведчыць аб тым, што частка «Апостала» была надрукавана ў Кіеве. У Магілёве ж друкар быў абмежаваны ў сродках. Таму на 78 лістах пасярэдзіне мы сустракаем толькі два выгляду філіграні. Усяго ў кнізе 222 старонкі. Кідаецца ў вочы сваёй прыгажосцю «Зорка Давіда» — так назваў філігрань Алексей Бацюкоў.
— Звычайны Герб Ляліва, — не пагадзіўся з сябрам Зміцер Яцкевіч. Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры вылучае версію: лісты з распаўсюджаным шляхецкім гербам друкар браў у Глебовічаў у Дуброўне. Магілёўскі магістрат аддаваў перавагу менавіта гэтай паперні.
У Зміцера Лявонцьевіча таксама ёсць мара: часцей сустракаць у свеце такое паразуменне важнасці культуры, якое спадар назіраў у Магілёве. Ад мэра да чыноўнікаў Магілёўскага гарвыканкама — усе прынялі ўдзел у набыцці «Апостала» Спірыдона Собаля. З гарадскога бюджэту выдзелілі ўсе 5000 даляраў. Салют, магілёўцы! Так гаражане адзначылі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. На-перадзе — 2018…
— Што мы шукаем зараз? — пытаюцца журналісты ў Бацюкова. Дырэктар смяецца, мнецца, потым выпальвае:
— Львоўскае «Евангелле» 1697 года!
Салют, Вера, Надзея, Любоў, Львы Львова і Магілёва!
Алена МАКСІМАВА
Фота mycity.by