Смех і слёзы, жыццё і смерць

Грамыка, Л. Смех і слёзы, жыццё і смерць : навошта патрэбны “Март.Кантакт” / Л. Грамыка // Мастацтва. — 2013. — № 5. — С. 20-25.

Навошта патрэбны «Март.Кантакт»

Усе білеты прададзены

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «Март.Кантакт» — адзін з самых паспяховых у Беларусі. Сёлета ягоную рэпутацыю яшчэ больш умацавалі гледачы — квіткі на фестывальныя спектаклі разышліся цягам некалькіх дзён. Падчас праглядаў раз-пораз выбухалі авацыі. Калі хтосьці думае, што такога кшталту папулярнасць можа прыйсці сама сабой, яго меркаванне памылковае. Тэатральны фестываль найперш — цяжкая праца. І формула поспеху на «Март.Кантакце» ўдакладнялася цягам апошняга дзесяцігоддзя — праз кпіны нядобразычліўцаў, беспадстаўныя амбіцыі людзей зайздрослівых, але малаталенавітых, у спрэчках, дыскусіях і крыўдах.

Сёння фестывальны рух ахоплівае ўвесь свет. Ягоны прафесійны ўплыў на дзеячаў тэатра цяжка пераацаніць. Нягледзячы на глабалізацыю сцэнічнага мастацтва, паўсюдна цэняцца творчая індывідуальнасць, уласны твар, нацыянальныя адметнасці.

Вандраваць па гарадах і мястэчках, пашыраючы кола гледачоў, на тэатры прынята спрадвеку. Фестывалі надаюць гэтай уласцівасці сучасны сэнс. Яны зрабіліся своеасаблівымі ростанямі, на якіх у вызначаны час сустракаюцца сцэнічныя калектывы з розных краін свету. Тэатральныя дзеячы невыпадкова так захапляюцца фестывальным рухам. Чым большы горад, тым больш адпаведных прапаноў. Напрыклад, у Польшчы цягам года адкрываецца 350 форумаў: па сутнасці, кожны дзень — за выключэннем Калядных і Вялікодных свят. У Беларусі, безумоўна, усё адбываецца вельмі сціпла. Тым не менш, рэгіёны ганарацца ўласнымі форумамі, калі такія маюцца ў наяўнасці, і дапамогу атрымліваюць на узроўні губернатараў і мясцовага кіраўніцтва.

На пачатку 1990-х, калі першая фестывальная хваля прыйшла ў Беларусь, амаль усе форумы праходзілі ў Мінску пры падтрымцы Міністэрства культуры. Пазней, для таго каб размеркаваць фінансавую нагрузку, яны былі пераведзены ў абласныя гарады. Ёсць шматлікія канцэпцыі, якія развіваюць сцэнічнае мастацтва ў розных накірунках, але ж праводзіць фестывалі на пастаяннай аснове не кожнаму па сілах. Таму штогод у Беларусі праходзяць толькі «Белая Вежа» і «Март.Кантакт». (Створаны нядаўна «ТэАрт» існуе на спонсарскія грошы.) Зрэшты, мець уласны тэатральны фестываль заўсёды прыгожа і прэстыжна.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што часам знаходзяцца і актыўныя праціўнікі фестывальнага руху. Пераважна — сярод рэжысёраў, спектаклі якіх бляклыя і другасныя паводле ўкладзеных думак і прапанаваных ідэй. Калі бракуе самастойнасці ў прафесіі, але даволі імпэту, каб плесці інтрыгі. Дый існаваць у замкнёным коле ўласнай няздатнасці, па-за патрабавальнымі позіркамі тэатральнай грамадскасці зручна і бяспечна.

Канцэптуальна «Март.Кантакт» знаходзіцца на трывалых пазіцыях, мае пэўна вызначаную сацыяльную і культурную скіраванасць. Творчую моладзь пажадана выхоўваць на мастацкіх узорах. Спецлабараторыі, майстар-класы для маладых рэжысёраў, драматургаў, акцёраў, якія праходзяць тут штогод, прыносяць Магілёўскаму тэатру заўважную карысць. Урокі сцэнічнага руху, мовы, акцёрскага майстэрства даюць вядомыя ў краіне і за яе межамі тэатральныя спецыялісты. Карысны вопыт няўхільна распаўсюджваецца, адбіваецца на спектаклях Магілёўскага тэатра, які сёлета стаў лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Апрача гэтага, спектаклі цяпер запрашаюць на прэстыжныя міжнародныя фестывалі, і беларускае сцэнічнае мастацтва такім чынам набірае вагу за мяжой.

Нават дзіўна, што такая эфектыўная тэатральная ніша ў Беларусі заставалася свабоднай да 2006 года. У свой час былі зроблены нясмелыя спробы праводзіць агляд тэатральнай моладзі ў Гродне, ды пачын гэты неўзабаве захлынуўся. Вось тады і з’явіўся са сваёй маладой ідэяй малады дырэктар Андрэй Новікаў. І кіраўніцтва Магілёўскай вобласці яго падтрымала. Жадаючых перахапіць ідэю, дапамагчы фінансава, вядома ж, больш не знайшлося. Правесці маладзёжны тэатральны форум у якасці альтэрнатывы таксама ніхто не паспрабаваў.

З таго часу і дасюль «Март.Кантакт» застаецца адзінай у краіне інстытуцыяй, якая на справе падтрымлівае таленавітую тэатральную моладзь. Лагічна было б меркаваць, што памкненні маладзёжнага тэатральнага форуму падхопяць Саюз тэатральных дзеячаў, Саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў, Акадэмія мастацтваў, нарэшце. Нічога падобнага. Наша славутае СТД у бок моладзі нават не пазірае. Што таксама дзіўна. На «Март.Кантакце» пастаянна праходзяць чыткі п’ес, лабараторыі драматургіі, робяцца спробы суаднесці намаганні маладых аўтараў і рэжысёраў. Педагогі Акадэміі мастацтваў, відаць, таксама лічаць форум не сваёй справай. І майстар-класы для маладых акцёраў тут найчасцей даюць лепшыя тэатральныя педагогі Расіі. Уласна кажучы, на форуме стала прапісаўся толькі РТБД, які ад пачатку прымаў у ім самы актыўны ўдзел. Валерый Анісенка прысутнічаў на «М.аrt.Кантакце», глядзеў і паказваў спектаклі, быў экспансіўным на абмеркаваннях. Сёлета ён узначаліў журы.

Для фестывалю, які неўзабаве перасягне першае дзесяцігоддзе, кожны набытак — важкі. А тут заўважныя змены закранулі літаральна ўсё. Дырэктар «Март.Кантакту» Андрэй Новікаў — чалавек з характарам. Часам уздыхае цяжка, але справу сваю ведае і цягне.

Сёлета амаль цалкам быў абноўлены склад журы. Гэта рабіць неабходна. У такіх варунках у справядлівасці прысуду цяжка засумнявацца. Сярод новых асоб у экспертнай камісіі — старшыня Асацыяцыі рэжысёраў Літвы Саўлюс Варнас; тэатральны крытык, член экспертнага савета «Залатой маскі» Аляксандр Віслаў; дырэктар Цэнтра сучаснай драматургіі Малдовы Дарына Халіль-Бутучок. Дарэчы, наяўнасць журы аблягчае фінансавыя выдаткі форуму ў разы. Пра гэта ведаюць усе арганізатары фестывальнага руху. Там, дзе ёсць конкурс, ганарары за спектаклі істотна змяншаюцца. А яшчэ калі ўлічыць, што форум маладзёжны… Прынамсі, на нятанных тэатральных зорак «напаказ» тут ніколі не трацяцца. Затое цягам васьмі год магіляўчане паглядзелі лепшыя спектаклі Купалаўскага і Коласаўскага тэатраў, Тэатра імя М.Горкага.

Sapienti sat

Менавіта таму вельмі здзівіла публічнае сцвярджэнне бабруйскага рэжысёра Максіма Сохара пра адсутнасць у праграме форуму акадэмічных тэатраў з Мінска. Прынамсі, пінігінская «Пінская шляхта» ў афішы «Март.Кантакту-2010» стаяла побач са спектаклем самога Максіма Сохара «Хачу быць хамячком». За словы, прыпісаныя яму Максімам: «Не хачу марнаваць час у гэтай абласной прафанацыі», — Пінігін перапрашае.

Такая кароткая памяць Максіма мяне ўвогуле не здзіўляе. Як галоўны рэдактар «глянцавага часопіса» мушу адзначыць, што гэта адзіны рэжысёр, які падчас форуму паводзіць сябе зусім не глянцава. На спектаклях і абмеркаваннях не прысутнічае, прынамсі, сёлета я ўбачыла гэтага рэжысёра толькі аднойчы — пасля спектакля ў лялечным тэатры: ён няўпэўнена трымаўся на нагах, нецэнзурна лаяўся ў адрас часопіса «Мастацтва», кленчыў выпіўку ў дырэктара тэатра лялек, а пасля ўвогуле на некалькі дзён знік з ключом ад гасцініцы, стварыўшы праблемы арганізатарам фестывалю. Гэта адбывалася на вачах у шматлікіх гасцей і абмяркоўвалася ў кулуарах.

Каму з трох Сохараў — Максіму, Юрыю Максімавічу або Максіму Юр’евічу — трэба растлумачыць, што хлусіць непрыстойна, не ведаю. Дый не маю жадання паглыбляцца ў шэраг брудных інсінуацый, кожная з якіх можа быць абвергнута «па пунктах». Заўважу толькі, што прафесія крытыка і ў нас становіцца небяспечнай. Зборнік п’ес з пагрозамі замест аўтографа на тытульным лісце быў прэзентаваны Юрыем Максімавічам лепшаму беларускаму крытыку Таццяне Арловай. Пачэсна, але я таксама атрымала мяккае папярэджанне. Зрэшты, справа не ў гэтым. Маладых рэжысёраў, вядома ж, трэба выхоўваць. Бо, вобразна кажучы, для таго каб памяняць сыну памперсы, тата побач будзе знаходзіцца не заўсёды. Рэжысёр — прафесія публічная. І калі бярэш на сябе смеласць звяртацца са сцэны да вялікай колькасці людзей, гэта апрыёры значыць: табе ёсць што ім распавесці. У іншым выпадку цябе не прымуць і не зразумеюць. Зробіцца нецікава. Ды Бог з імі, «прыкормленымі» беларускімі крытыкамі. Я прысутнічала на Міжнародным фестывалі ў Кішынёве, куды пачынаючага рэжысёра Максіма Сохара клапатліва (трэба ж пачаткоўцу набіраць моц і развівацца!) вывезлі са спектаклем «Хачу быць хамячком». Дырэктар тэатра Галіна Сцяпанаўна Палюшына, адна з тых, каго Сохар называе «фанабэрыстымі дзялкамі, якія паводзяць сябе нясціпла», няньчыла сваіх акцёраў і рэжысёра, бы малых дзяцей, і ўласнаручна прасавала сцэнічныя касцюмы перад паказам.

У абмеркаванні беларускія крытыкі не ўдзельнічалі, выказваліся ў асноўным эксперты з блізкага замежжа. Шчыра скажу, за дзяржаву было крыўдна. У параўнанні з іншымі спектаклямі, прадстаўленымі ў праграме, «Хамячкі» былі ўспрыняты як «нефармат», рэжысёрскі накід, эцюд, але ніяк не паўнавартасны сцэнічны твор. Магчыма, адсюль у маладога рэжысёра такая нянавісць да фестываляў? Дарэчы, на «Март.Кантакце» абмеркаванне «Хамячкоў» было вельмі добразычлівым. Перадусім па просьбе начальніка абласнога ўпраўлення культуры Анатоля Сінкаўца крытыкі паглядзелі спектакль Максіма Сохара «Кахаеш? Не кахаеш…» па-за межамі праграмы і прааналізавалі яго асобна, як кажуць, не на людзях. У складзе міжнароднай кампаніі крытыкаў была Лідзія Богава — тэатразнавец і літаратурны рэдактар МХТ, аўтар шматлікіх кніг пра Алега Яфрэмава і Алега Табакова. Здаецца, дзеля прафесійнага росту маладога рэжысёра было зроблена ўсё магчымае і нават больш. Так і сталася. Неўзабаве пачаўся буйны прафесійны рост. Дарэчы, галоўную праблему, звязаную з гэтым рэжысёрам, далікатна прапускаю. Гэтую бяду рукамі не развесці.

Толькі ў такім разе спектаклі калег з розных краін свету і сапраўды глядзець неабавязкова. Дый маскоўскія крытыкі тут увогуле не патрэбныя. Хіба што прыедзе Вісарыён Бялінскі…

Гістарычныя заглыбленні і эстэцкія эксперыменты

Паводле існуючай канцэпцыі, сёлета праграма форуму была сабрана бездакорна. Маладзёжны фармат умацоўваўся кожнай пастаноўкай. Сцэнічныя калектывы паўставалі ў непрадказальнай шматстайнасці тэм, тэатральных выяў, рэжысёрскіх ідэй і палётных акцёрскіх увасабленняў. Шматмерная карціна быцця ўзнікала на скрыжаванні класічных і сучасных пастановак. Любоў і нянавісць, жыццё і смерць, бацькі і дзеці, вайна і мір, гістарычныя заглыбленні, вытанчаныя эстэцкія эксперыменты, крохкасць і трываласць існавання — усё гэта прайшло перад вачыма ўсхваляванай публікі, якая не шкадавала часу дзеля таго, каб далучыцца да эфектнага тэатральнага кругазвароту.

У спалучэнні сэнсавых і прасторавых сцэнічных пластоў карціна свету не была толькі дабратворнай. Прычыненне да чалавечага болю — адна з галоўных асаблівасцей гэтага віду мастацтва. У спектаклі «Рамэа і Джульета» Санкт-Пецярбургскага тэатра «На Ліцейным» усё адбывалася з заўзятасцю падлеткавага максімалізму, з інтуітыўным імкненнем да штучнага хараства і прадчуваннем трагедыйнасці чалавечага сыходу. У трактоўцы зусім яшчэ маладога рэжысёра Галіны Жданавай шэкспіраўскі свет выяўлены праз сучасныя артэфакты, «хіпстарскі» выгляд герояў, безабаронную дзявочую пяшчотнасць і крыху нязграбную, вуглаватую пластыку Джульеты. З кранальным абліччам «амаль жанчыны» рыфмуецца прыгожы напаказ, ружовы навакольны свет. Але каляровы дысананс раздражняе, вярэдзіць душу, падзяляе жыццё на існае і жаданае. І ўрэшце выбухае выкідам хараства падчас трагічнага павароту падзей. Як на подыуме, з’яўляецца Джульета ў шыкоўнай спадніцы, утыканай дэкаратыўнымі кветкамі; ляцяць рознакаляровыя мыльныя пузыркі. Здаецца, ружовы колер тут супярэчыць усяму. Жорсткім сутыкненням падлеткаў, хцівасці дарослых, імкліваму руху дзеі і прадвызначанасці трагічнай развязкі. У спектаклі заўважная смелая рэжысёрская рука, імкненне да разгорнутага сцэнічнага мыслення, карпатлівая праца з акцёрамі, уменне стварыць рухомую і змястоўную жыццёвую плынь, прымусіць гледачоў эмацыйна падключыцца да самай сумнай аповесці на свеце.

Сёння да складанай і, на думку многіх, зусім не жаночай прафесіі рэжысёра актыўна далучаюцца прадстаўніцы слабага полу. Тэндэнцыя не адно толькі беларуская. І на «Март.Кантакце» гэтаму было відавочнае пацвярджэнне. Многіх уразіў спектакль Ерэванскага дзяржаўнага тэатра лялек імя Аванэса Туманяна «Палёт над горадам». Рэжысёр і актрыса Нарынэ Грыгаран увасобіла паэтычную драму Ануш Аслібекян пра невідушчую дзяўчыну, што закахалася ў свайго доктара, а потым, калі набыла зрок, расчаравалася ў ім. Адразу кідаецца ў вочы, што тэатр лялек у Арменіі развіваецца ў тым жа рэчышчы, што і тэатр лялек у Беларусі. У спектаклі Нарынэ Грыгаран заўважны рух у бок канцэптуальнага відовішча, калі дзеля выяўлення аўтарскай ідэі актыўна выкарыстоўваюцца сродкі іншых відаў мастацтва. І не адно толькі музыкі і пластыкі. Выяўленчыя элементы набываюць тут асаблівае значэнне. Адбываецца цікавая гульня з колерам, перформанс актыўна далучаецца да дзеяння, дэкарацыі маюць зусім адмысловыя функцыі. Чырвонай ніткай на задніку сцэны ствараюцца малюнкі, цела гераіні агортваецца палатном, на якім з’яўляюцца пейзажы горада, шматпавярховыя дамы, від зверху. «Палёт над горадам» мы ўбачым яшчэ і на відэапраекцыях з вядомым шагалаўскім сюжэтам, а потым гераіня спектакля і сама ўзляціць, на трохметровай вышыні прымацаваная да белага экрана.

Такое свабоднае аўтарскае выказванне, існаванне ў прафесіі з’явілася не адразу. Рэжысёрскую адукацыю Нарынэ атрымала ў Ерэване, але потым яшчэ шмат гадоў вучылася — у творчых лабараторыях Анатоля Васільева, Льва Додзіна, у інстытуце Гратоўскага ва Вроцлаве, на курсах менеджменту тэатра ў Нью-Ёрку. Са сваімі пастаноўкамі гастралюе па ўсім свеце.

Амаль у кожным спектаклі, паказаным сёлета на форуме, акрэслівалася арыгінальная тэатральная ідэя. У гэтым адна з ягоных галоўных вартасцей. Недаатрыманыя ўражанні былі звязаныя з дэфіцытам сцэнічных пляцовак. З-за гэтага часам даводзілася больш актыўна падключаць уяўленне. Тым не менш, на абмеркаваннях скідак на такія акалічнасці практычна не рабілася. Відавочна «не на сваю» пляцоўку патрапіў спектакль Тэатра.dос «9 месяцаў/40 тыдняў», у якім сем брутальных мужчын спасцігалі асаблівасці светаадчування цяжарных жанчын. Вядомы расійскі крытык Павел Руднеў зазначыў, што гэты verbatim пра парадзіх «становіцца сродкам пазбаўлення ад псіхозаў і фобій» і проста «прымушае нараджаць дзяцей безадмоўна». Падчас дыскусіі рэжысёр спектакля і зорка расійскіх тэлесерыялаў Сяргей Шаўчэнка актыўна, на ўласным прыкладзе, заклікаў усіх рабіць гэта абавязкова. Атрымалася міла, і, галоўнае, ідэйная скіраванасць гэтай пастаноўкі набыла абсалютную непахіснасць. Думаю, невыпадкова спектакль займеў на форуме Прыз глядацкіх сімпатый.

Чарнігаўскі акадэмічны музычна-драматычны тэатр імя Тараса Шаўчэнкі прывёз на «Март.Кантакт» спектакль па знакамітай п’есе Торнтана Уайлдэра «Наш гарадок». Рэжысёр Андрэй Бакіраў — асоба добра вядомая ў Беларусі. У нас была магчымасць прасачыць за ягонай творчасцю літаральна з першых крокаў. Менавіта на бакіраўскім спектаклі «Сон у летнюю ноч», паказаным падчас «Славянскіх тэатральных сустрэч» у Гомелі, гледачы плакалі і смяяліся ад шчасця. Потым Бакірава часта запрашалі на пастаноўкі ў Беларусь. У Чарнігаве ён паставіў цэлы шэраг выбітных спектакляў, яму ўдалося стварыць каманду аднадумцаў, і для нас, у 1990-х, гэта было цудоўным узорам узнікнення сучаснага аўтарскага тэатра ў невялікім правінцыйным гарадку. Спектаклі Бакірава захаплялі. На іх, як некалі ў Магілёў, на спектаклі Валерыя Маслюка, або зараз у Гродна, на спектаклі Алега Жугжды, імкнуліся патрапіць, і многія прыязджалі наўмысна. Потым усё распалася. Новае з’яўленне Андрэя Бакірава ў Чарнігаве адбылося ў 2010 годзе. Яму давялося пачынаць усё спачатку. Для маладых рэжысёраў — гэта прыклад нялёгкага рэжысёрскага лёсу і адначасова мэтанакіраванасці, упартага жадання дасягнуць вышыні ў прафесіі. Зразумела, што ідэй і таленту Бакіраву хапае.

«Наш гарадок» раскрываецца перад гледачамі, як жывая істота — прасякнуты абаяннем маладосці, тонкімі хітраспляценнямі ўзаемаадносін, напоўнены трапятлівасцю першага кахання і мудрай клапатлівасцю сталых гадоў. Самае цікавае ў спектаклі — як рэжысёр перакрыжоўвае лёсы і жыцці, як нястрымна ў акцёраў ірвуцца вонкі пачуцці. Яны рыфмуюцца і тыражуюцца, падтрымліваюцца крохкай і тонкай сцэнічнай канструкцыяй. Тут не патрэбна важкая дэкарацыя: дакладны рух рукой — і ўяўныя дзверы адчыніліся. Сцэнічная прастора ўтвараецца з тонкіх і высокіх перагародак, таму і жыццё па-за сценамі дома, з аднаго боку, размежаванае на сегменты, з іншага — перагародкі толькі ўяўныя, як і ва ўзаемаадносінах насельнікаў «Нашага гарадка».

У спектаклі цудоўна працуюць маладыя акцёры, здатныя да глыбокага псіхалагічнага і ансамблевага выканання. Другая дзея спектакля пераносіць нас за межы зямнога існавання, але ў дзвюх паралельных прасторах па-ранейшаму існуюць блізкія адно аднаму людзі. Цяпер яны недатыкальныя, па розныя бакі быцця.

Шкада, што пра спектакль мы маглі скласці толькі прыблізнае ўяўленне. Бо ў Чарнігаве сцэна трансфармуецца падчас другой дзеі. Падмосткі ўзнікаюць проста пасярод глядзельнай залы. Гледачы апынаюцца нібыта ў гушчыні падзей. Якія пачуцці яны спазнаюць, можна толькі здагадвацца. Сярод водгукаў на спектакль запомніліся словы: «Гэта выбух эмоцый, якія ты можаш перажыць. Ты разам з героямі плачаш, смяешся, старэеш, паміраеш і зноў нараджаешся». Калі гэта так, на спектаклі Бакірава трэба ехаць.

Сёлета ўсе станоўчыя якасці ранняй адукацыі, магчымасці, якія дае акцёрам цесная звязка «педагог — рэжысёр — сцэнічны калектыў», яшчэ раз прадэманстраваў кішынёўскі Маладзёжны тэатр «З вуліцы Руж». У спектаклі Юрыя Хармеліна «Эквус» па п’есе Пітэра Шэфера пра хлопчыка, які знайшоў свайго Бога — Каня, пра вопыт першага кахання, пра галоўнае пачуццё на ўсё жыццё малады выканаўца існаваў на магчымай эмацыйнай мяжы.

Беларускі акцэнт

Галоўная адметнасць «Март.Кантакту-2013» — якасная беларуская праграма. Пасля апошняй Нацыянальнай прэміі (многія спектаклі паставілі пад сумненне мэтазгоднасць яе штогадовага фармату) гэта выклікае захапленне і прымушае зрабіць пэўныя высновы. Прынамсі, прэм’еры, якія цягам апошняга часу давялося пабачыць у розных тэатрах краіны, ззяюць зусім на іншым тэатральным небасхіле. Атрымліваецца, што не ўсё так блага ў нашым каралеўстве. І гэта ўпэўнена давёў «Март.Кантакт».

Так сталася, што сярод чатырох прапанаваных гледачам беларускіх спектакляў быў толькі адзін халасты стрэл. Крыўдна, але яго зрабіў менавіта Магілёўскі драматычны тэатр. П’еса Рыгора Горына «Блазан Балакіраў, або Прыдворная камедыя» ў пэўным сэнсе сталася для трупы няўздымнай. Так здараецца «на тэатры» — раптоўна ў ягоным надзейным механізме штосьці безнадзейна разладжваецца. Кожны акцёр паасобку быў пераканальным, усе разам — нібы цеста для дранікаў, у якое не паклалі яйка. Было вельмі крыўдна, тым больш што на абмеркаванні крытыкі і члены журы аказаліся надзіва аднадушнымі. І проста няўмольнымі. Гэта якраз той факт, калі на памылках вучацца. Часам яны вельмі дорага каштуюць, але становяцца своеасаблівым крытэрыем мастацкасці на будучыню.

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы зрабіў на гледачоў моцнае ўражанне спектаклем «Над безданню ў жыце». І адразу пасля паказу атрымаў некалькі запрашэнняў на міжнародныя фестывалі, сярод іх — вельмі прэстыжныя для краін СНД санкт-пецярбургскія «Сустрэчы ў Расіі».

Тэатр паспяхова авалодаў культавай у 1970-я гады аповесцю Джэрама Сэленджэра: разгарнуў перад гледачамі імклівую і няспынную жыццёвую плынь, узбагаціў яе пазнавальнымі і далікатнымі падрабязнасцямі. Закруціў у віхуры рок-н-ролу, напоўніў дзеянне — да захаплення — кранальнымі інтанацыямі. Рэжысёр Цімафей Ільеўскі не толькі зрабіў выдатную інсцэніроўку, але і выйшаў на ўзровень абагульнення, калі простыя і шчымлівыя гісторыі з жыцця падлеткаў уздымаюць нябачную заслону часу для таго, каму даўно нашмат больш, чым пятнаццаць. Маладыя акцёры — многія выхаванцы Цімафея Ільеўскага — працавалі проста выбітна. Шчырасцю і чалавечай далікатнасцю ўразіў выканаўца ролі Холдэна Анатоль Баранік (лепшая мужчынская роля). Сярод іншых вылучылася Ірына Пашэчка (Спявачка). Самыя высокія ацэнкі заслужыла і сцэнаграфія Васіля Бурдзіна.

Упершыню ў праграму «Март.Кантакту» ўвайшлі спектаклі тэатра лялек. Перакананая, што аб гэтым ніхто не пашкадаваў. Беларускі «трэці тэатр» працягвае ствараць на айчынных падмостках надвор’е. І тых, хто здзіўляецца, калі не бачыць тут лялек на шырмачках, застаецца ўсё менш.

І ўсё ж «Шоўк» паводле Алесандра Барыка, які паказаў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, стаўся нечаканасцю для многіх. Выдатная літаратура ўвасоблена рэжысёрам Аляксеем Ляляўскім і мастачкай Таццянай Нерсісян у па-эстэцку вытанчаным дзеянні. Ягоная тонкая візуальнасць вартая асобнага артыкула. Ды самае нечаканае — амаль гіпнатычная атмасфера, якая літаральна ахінае гледачоў. Для таго каб дасягнуць такога, вельмі рэдкага на тэатры, патрэбна рэжысёрскае майстэрства. Яно падмацоўваецца не толькі работай сцэнографа, але і акцёрскім выкананнем. Спектаклі Ляляўскага заўсёды пазбаўлены ўсялякага фальшу. Ягоныя акцёры — асаблівая тэатральная плынь, з імі можна дамагчыся многага. Падчас абмеркавання «Шоўку» мы даведаліся, што прозвішча гэтага рэжысёра — сярод самых паважаных у замежжы.

Сенсацыяй на фестывалі стаў спектакль Магілёўскага абласнога тэатра лялек «Гамлет», які паставіў Ігар Казакоў. Малады рэжысёр, дарэчы, вучань Аляксея Ляляўскага, так «замахнуўся на Уільяма нашага Шэкспіра», што, здаецца, незнарок разбурыў усе існуючыя тут сцэнічныя табу. Быў створаны зусім адметны рэчава-касцюмны сусвет, у якім гісторыя пра прынца Дацкага набыла пранізлівы сучасны кантэкст, амаль на фізічным узроўні адчувальную брутальнасць. У гэтай неахайна ўздыбленай зямной мяшанцы (жанр спектакля вызначаны як «трагіфарш»), дзе ўсё, здаецца, б’ецца, ламаецца і звініць, цяжкімі крокамі рухаецца велізарнае каралеўскае дзіця, Гамлет. У выкананні Юркі Дзівакова ўражвае ягонае адчуванне сіроцтва як непазбыўнай сусветнай бяды. Яго безабаронная разгубленасць перад здрадай маці. Немагчымасць змірыцца з несправядлівасцю і няздатнасць перажыць яе. Асабістая трагедыя, з’асацыяваная з нямогласцю сучаснага чалавека змяніць «расхістаны век», узнімае спектакль да філасофскага абагульнення. Выдатная работа мастака Аляксандра Вахрамеева. Цудоўны акцёрскі ансамбль. Урэшце, Гран-пры. І спектакль, які абавязкова трэба паглядзець яшчэ раз.

Сёлетні «Март.Кантакт» упрыгожыла спецыяльная праграма. Адбыліся чыткі п’ес «Ціхі шорах адыходзячых крокаў» Дзмітрыя Багаслаўскага (рэжысёр Кацярына Аверкава), «Двое бедных румын, якія размаўляюць па-польску» Дароты Маслоўскай (рэжысёр Шаміль Дыйканбаеў, Кыргызстан), «Вій» Наталлі Варажбіт (рэжысёр Глеб Чарапанаў, Расія). Абмеркаванні праходзілі з гледачамі, якія яшчэ раз засведчылі свой актыўны інтарэс да фестывалю.

Усё, што адбылося падчас сакавіцкай сустрэчы, можна назваць коратка — падзея.