Магілёўшчына: эстафета добрых спраў

Зігуля, Нэлі. Магілёўшчына: эстафета добрых спраў : [мерапрыемствы прысвечаныя 80-годдзю Магілёўская вобласці] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 16 студзеня. — С. 5.

Сёння Магілёўшчына з’яўляецца галоўным у краіне вытворцам хімічных валокнаў, цэменту, цэглы, будаўнічых блокаў, жалезабетонных рэек, тканін. У цяперашні час аблвыканкамам заключана каля 50 дакументаў аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, краін СНД, блізкага і далёкага замежжа.

Юбілейны год вобласці было вырашана адзначыць эстафетай добрых спраў. У рамках праекта, на працягу месяца з 14 снежня па 15 студзеня ўсе прыемныя падзеі — адкрыццё сацыяльна значных і вытворчых аб’ектаў, канцэрты і творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і дабрачынныя мерапрыемствы — прысвячаюцца юбілейнай даце.

У раёне Казіміраўкі ў Магілёве адкрыўся трохпавярховы дзіцячы садок на 240 месцаў, а для абласнога анкадыспансера пабудаваны новы аперацыйны блок, дзе акрамя васьмі аперацыйных боксаў размясціліся рэанімацыйна-анестэзіялагічнае і цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленні. У Клімавічах адкрыўся кіназал у Цэнтры культуры, у Кіраўскім раёне здадзены першы пускавы комплекс малочнатаварнай фермы ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага», у Глускім раёне на базе «Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» створана аддзяленне набыцця жыццёвых навыкаў. Кожны раён прыклаў намаганні, каб нешта ўкласці ў скарбонку добрых спраў.

— Гэты юбілейны год па-вінен стаць для нас годам новых значных спраў і новых вытворчых вынікаў, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ. — Юбілеі свайго роду бягучы радок памяці, калі ў плыні штодзённых клопатаў мы на імгненне спыняемся, даём ацэнку зробленаму, вызначаем планы на будучыню. А яшчэ — разуменне таго, што мы не першыя і не апошнія на гэтай зямлі, хтосьці быў да нас, хтосьці будзе пасля нас, і ў іх будуць свае юбілеі, а мы станем для іх гісторыяй.

Па традыцыі ў дзень нараджэння вобласці да капліцы на Буйніцкім полі былі ўскладзены «кветкі памяці» ад кіраўніцтва вобласці і горада, дэпутатаў, ваенізаваных службаў, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ветэранаў, моладзі. У гонар тых, хто змагаўся за незалежнасць сваёй радзімы, хто загінуў, яе вызваляючы, адбылася хвіліна маўчання і прагучаў трохразовы ружэйны залп. У гэты ж дзень у аблвыканкаме адбыўся круглы стол з удзелам заслужаных людзей вобласці.

123