Вітаю, мая любая сяброўка

Кісель, А. Вітаю, мая любая сяброўка / Алена Кісель // Маладосць. — 2018. — № 1. — С. 143—144.

Чарговы раз я пераканалася ў тым, што ў нашым жыцці выпадковасцей не бывае. Выпадковыя ўражанні, як незнарок рассыпанае зерне, уразаюцца ў памяць i пакрываюцца налётам мітусні, а пасля свярбяць пытаннямі, прарастаюць развагамі, патрабуюць падсілкавання новымі фактамі. I пат-рэбны час, каб усвядоміць, чаму менавіта цяпер гэта насенне трапіла ў душу і чаму прарасло.

Так атрымалася і гэтым разам.

Я выпадкова ўбачыла артыкул пра 300-годдзе свяціцеля Георгія Каніскага. «Наш святы, а я ўпершыню чую яго iмя!» — з сорамам за сябе падумала і ўзялася чытаць — адзін артыкул, другі, трэці. З прачытанага даведалася, што архіепіскап Магілёўскі i Беларускі Георгій Каніскі на працягу сарака гадоў (1755—1795) узначальваў адзіную праваслаўную кафедру на беларуска-украінскіх землях Рэчы Паспалітай.

Канечне, сорак гадоў — тэрмін сам па сабе даволі значны, але справа не столькі ў тэрміне, колькі ў акалічнасцях часу.

У XVIII стагоддзі ў Рэчы Паспалітай адбывалася прымусовае апалячванне, акаталічванне праваслаўнага насельніцтва. Праваслаўны люд цярпеў прыгнёт і цяжкія нягоды. Яго пазбаўлялі права займаць любыя грамадскія пасады. Праваслаўныя храмы адбіраліся і ператвараліся ва ўніяцкія. У Магілёўскай епархіі ў перыяд з 1721-га па 1747 год у праваслаўных забралі 165 храмаў. Захоп зямель праваслаўнай царквы, яе маёмасці і рэчаў, здзекі над праваслаўнымі святарамі, ганьба-ванне святыняў, разбурэнне праваслаўных могілак і іншае стала звычайнай з’явай і паўтаралася на ўсёй праваслаўнай тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Цяпер нам цяжка ўявіць, што такое магчыма. Але так было. Хрысціяне забівалі хрысціян.

Свяціцель Георгій пісаў: «Цэрквы разрабаваны і больш падобныя на хлявы і свірны, залішнімі падаткамі народ праваслаўны даведзены да крайняй галечы, так, што двараніна ад селяніна нельга адрозніць». Апісваючы гаротнае становішча праваслаўных падданых Рэчы Паспалітай, свяціцель горка ўсклікваў: «Веру праваслаўную… спавядаць не дапускаюць. I калі пасяляне ці грамадзяне слухаць іх вучэнне і ад веры сваёй адступаць не хочуць, — тут яны ўчыняюць жахлівыя пагрозы і страхі: ставяць шыбеніцы, укопваюць слупы, распальваюць вогнішчы; розгі, церні і іншыя сродкі пакут выстаўляюць. Адняўшы дзяцей ад маці і маці ад дзяцей, дзяцей перад вачыма маці пад розгі кладуць, а маці — перад вачыма дзяцей. Тут воплі і рыданні, якія мо хіба толькі ў час біцця немаўлятак ад Ірада чуваць былі… На маіх вачах сечана дзявіца, найперш розгамі, потым шыпшы-най, каб веры нашай ацуралася, — не ацуралася. Летась было шмат разрабаванняў дамоў і пабоі пакутныя, а некалькі чалавек і самую смерць спазналі; дваім галовы адсечаны, з тых аднаму спачатку рукі жывому спалены. Так па-зверску і пакутліва з беднымі сялянамі і мяшчанамі абыходзяцца!..

Маўчу пра пастыраў, пра беднае наша свяшчэнства. Як шмат іх выгнана з дамоў; як шмат у турмах, у ямах глыбокіх, у псярнях разам з сабакамі замкнёныя былі, голадам і смагай мораныя, сенам кормленыя; як шмат іх біта і пакалечана. А некаторыя і да смерці забіты».

У гэты страшны час свяціцель Георгій Каніскі быў пакліканы Госпадам на подзвіг служэння. Чаму менавіта ён быў выбраны Богам? Якімі якасцямі валодаў праваслаўны архіпастыр?

Канечне, свяціцель Георгій быў чалавекам нязломнай сілы духа і мужнасці. У сваёй эпітафіі ён пісаў: «Сямнаццаць гадоў я змагаўся з ваўкамі». Сямнаццаць гадоў ён вёў барацьбу ў варожым асяродку за веру праваслаўную і прыгнечаны, забіты праваслаўны народ. Свяціцель Георгій прапаведаваў у храмах і манастырах, выкрываючы зло, несправядлівасць, няпраўду. Ён смела адстойваў правы пакрыўджаных перад каралём Польшчы, прасіў абароны ў расійскай імператрыцы.

Любамудрасць — яшчэ адна якасць уладыкі. Свяціцель Георгій гаварыў з польскім каралём на лаціне, з аўстрыйскім — па-нямецку. Ён дасканала валодаў не толькі лацінай і нямецкай, але і польскай, і старажытнаяўрэйскай мовамі. У эпітафіі чытаем: «Калыска — Нежын, Кіеў — мой настаўнік. Я ў трыццаць восем гадоў названы: Свяціцель». За трыма словамі: «Кіеў — мой настаўнік» — пятнаццаць гадоў вучобы ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі і дванаццаць гадоў выкладання ў ёй. Доктар філасофіі і багаслоўя, які прайшоў шлях ад выкладчыка піітыкі да рэктара акадэміі, ад манаха да архімандрыта. Яго працы перакладзены на многія еўрапейскія мовы. Абара-няючы правы праваслаўных, свяціцель збіраў старыя каралеўскія граматы і склаў рэестр адабраных храмаў. На базе гэтых’матэрыялаў выдаў даведнік «Права и вольности исповедующих грековосточную веру в Польше и Литве». Яго пропаведзі лічыліся ўзорамі дасканаласці.

У 1755 годзе адбылася хіратонія архімандрыта Георгія (Каніскага) у епіскапа Магілёўскага. Ву-чоны муж, поўны духоўнай мудрасці, ён пачаў адраджэнне царкоўнага жыцця епархіі з рэлігійна-маральнай асветы духавенства і паствы. Пры архіерэйскім доме ўладыка Георгій адкрыў друкарню і выдаў для прыходскіх святароў «Катэхізіс» са сваімі каментарыямі. У Магілёве былі адкрыты школьныя класы і духоўная семінарыя. Школы адкрыты былі і ў Быхаве, Гомелі, Мсціславе, Оршы, Рагачове. Адначасова з гэтым свяціцель клапаціўся пра будоўлю: пры ім быў асвечаны кафедральны Праабражэнскі сабор у магілёўскім Праабражэнскім манастыры, узведзены будынкі кансісторыі і духоўнай семінарыі, шэраг храмаў. Па ініцыяітыве епіскапа Георгія прывялі ў парадак епархіяльную дакументацыю і сфарміравалі архіў. Ён пакінуў таксама вялікую бібліятэку рэдкіх кніг і рукапісаў.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Георгій Каніскі выступіў за неадкладнае масавае вяртанне ўніятаў у праваслаўе. Намаганнямі ўладыкі ў лона праваслаўя вярнулася больш за сто дванаццаць тысяч чалавек. Успомнім эпітафію свяціцеля:

«Сямнаццаць гадоў я змагаўся з ваўкамі,
А дваццаць два, як Пастыр, адпачыў з авечкамі.
За вытрыманыя працу і непагадзь
Архіепіскапам і Членам стаў Сіноду».

Усё жыццё яго было напоўнена любоўю і міласэрнасцю. Ён адкрыў некалькі шпіталяў i багадзельняў, завёў традыцыю раздаваць па суботах у храмах грошы жабракам, калекам і сіротам.

Навуковец, філосаф, багаслоў, прапаведнік, гуманіст, асветнік — Георгій Каніскі — стаў тым светачам веры, чыё святло з’яўляецца незгасальным. Ведаеш, мая дарагая, я зразумела вельмі простую і важную рэч: Бог ніколі не пакідае свой народ. I ў самы цяжкі час пасылае на зямлю сваіх выбраных герояў і падзвіжнікаў. Дзякуючы святому Георгію мы жывём у свеце, дзе верацярпімасць стала нормай чалавечых стасункаў. У нашай краіне наладжаны пазітыўны дыялог паміж хрысціянскімі канфесіямі, захаваліся старыя храмы і ўзводзяцца новыя. Дзакуй Богу за ўсё!