Печыва для анёла

Кісель, А. Печыва для анёла : [апавяданне] / Алена Кісель // Маладосць. — 2018. — № 1. — С. 139—142. 

Пра аўтара

Можна даць чалавеку цэлы шэраг азначэнняў: ураджэнка Магілёва, кандыдат філалагічных навук, сябар СПБ. Але за гэтымі азначэннямі хаваецца штосьці яшчэ. Хаваецца асоба. Трапяткое i цёплае — за знешнім.

Алена Кісель — асоба сапраўды ўнікальная. У тым ліку — унікальная сваім літаратурным дарам.

Яна можа напісаць надзвычайна — па-кашэчы — цёплыя вершы, якія, мяркуем, добра памятаюць чытачы часопіса «Неман».

Яна можа напісаць выключны па мастацкай яркасці раман, заснаваны на старажытнагрэчаскай міфалогіі, — і персанажы будуць жывымі, а не чорна-белымі ілюстрацыямі з кнігі Мікалая Куна.

Яна можа напісаць невялікае памерам, але глыбока псіхалагічнае апавяданне пра веру i зняверанасць.

Пра тое, што часам нават анёлы стамляюцца.

Пра тое, як неабходна ўмець шкадаваць, — і ўмець верыць. Па-дзіцячы, беспадстаўна, з палкасцю чыстай душы.

Печыва для анёла

— Та-а-атка… Гро-о-ошыкі…

Жанчына ў паліто бляклага ізумруднага колеру павярнулася, чмыхнула. Сучасныя дзеці, маўляў. Мала лупцавалі, зашмат песцілі, усё ім купі ды яшчэ і грошыкаў дай, вось як!

Андрэй сціснуў зубы і пацягнуў дачку за сабой — у бясснежны снежаньскі дзень, па слоце, уздоўж хмурнай вуліцы.

Дачка ныла ціхенька, без істэрыкі. Затое і жаласна, са слязлівымі ноткамі. Так, быццам з кожным крокам з яе жыццё выцякае.

— Ну-у… калі ласка?

— А мо лепш купім табе шакаладку? — першая спроба падкупіць правалілася. Андрэй уздыхнуў і паспрабаваў яшчэ раз: — Цацку. Ляльку хочаш? Або кніжку. Ты ж хацела — вялікую, міфы там усялякія…

— Ды не… лепш трошачкі… грошыкаў. Грошыкаў. Трошкі… Ну, мы ж ужо зусім прайшлі… я ж сябе добра паводзіла… Хочаш — я посуд памыю?

Дачка ўмела падкупляць лепш. Настойваць на сваім таксама ўмела лепш. Яшчэ ўмела ззяць рах-маным блакітам з-пад бэзавай шапачкі з аднарожкам. Ззяць з асцярожнай просьбай. Так, што ў галаву палезла міжвольнае: «Жонка прыб’е, калі даведаецца…», — а пальцы ўжо намацалі ў кішэні паліто дробную манетку, уручылі дачцэ.

— Мамцы не кажы, — сказаў Андрэй сумна і паглядзеў на вітрыну з велізарным жоўтым плакатам пра калядны распродаж.

Не хацелася глядзець, як Ліка нясецца да гэтай жабрачкі або бамжыхі. Ці тэта там наогул мужык, толькі ў неймаверных лахманах? Пах — прусакоў можна атруціць, шышкаваты нос вытыркае з патлаў, рукі з абламанымі кіпцямі, а перагар які!..

Заняць пазіцыю — бракавала яшчэ, каб дзіця набралася якой заразы, калі будзе працягваць манетку гэтаму… Анастасія Міхайлаўна з яго кафедры казала: люмпірнал. Ёміста. Яшчэ больш ёміста — бомж перагарна-пераходны, пачвара вулічная, жудасная… Якое глупства ў галаву лезе насамрэч.

Ліка звычайна такіх і выбірала: каб больш страшныя, больш брудныя. Нармальнаму дзіцяці такое паказаць з пяці крокаў — уначы не засне, да таткі-мамкі ў ложак будзе прасіцца.

— Усё! Дала! — а гэтая вяртаецца подскакам. I на косныя погляды мінакоў — хоць бы што. А з раніцы яшчэ сумавала, казала: «I Новы год без снегу, ці што, будзе? Напэўна, на небе ўсе млыны чароўныя паламаліся!»

Нейкі дзядуля з вайсковай выпраўкай угледзеў-такі ў вачах Андрэя сусветную тугу і вырашыў выступіць у ролі мудрага настаўніка-падарожнага.

— Ты дзядзечку навошта грошыкі дала? — спыніўся, нахмурыўся, затрос пальцам, а сам усё міргаў Андрэю: маўляў, глядзі, як трэба! Выхоўваю! — Дзядзечка грошыкі прап’е, будзе пад плотам валяцца…

Андрэй закаціў вочы з пакутай, таму што адцягнуць дачку ўжо не паспяваў. Ліка акругліла вочы, прыўстала на дыбачкі і радасным шэптам выдыхнула проста ў твар дзядулі-выхавальніка:

— А раптам дзядзька — анёл!

«Пытанняў да дысертантаў больш няма», — іранізаваў Андрэй, цягнучы дачку ад знямелага дзядулі. Той замёр — і трэба было прытрымаць досціп, што хіліўся некуды ўбок. Рот у дзядулі -адкрыты ў патэтычным «Шо?!»

«Мая дачка трызніць анёламі», — злосна сказаў на тэта «шо» Андрэй. Не старому i не валацугу ў лахманах. Мабыць, сказаў вітрыне з распродажамі. Яны ж абяцалі сродак ад усяго…

Вось бы знайшоўся ў іх сродак для малой. Ад кніжкі, што хросная прынесла… на Каляды ці мо на Вялікдзень? Ад таннай простай кніжачкі, размаляванай блакітнымі кветачкамі і чымсьці белакрылым. I ад апавяданняў, у якіх у кожным абзацы можна было сустрэць тэта самае, белакрылае і зразумела кім пасланае са светлымі мэтамі на зямлю. У абліччы валацугаў і жабракоў.

Лепш бы падарыла Маршака ці Чукоўскага. Або пра жывёл казачных што-небудзь.

У свеце малой цяпер па вуліцах ‘ходзяць анёлы. Сядзяць у пераходах, кленчаць грошы пракуранымі галасамі. Або нудна цягнуць просьбы аб міласэрнасці ў бліжэйшай царкве. Анёлы шаркаюць нагамі, збіраючы пустыя бутэлькі ля сметнікаў, пішуць напаўпісьменныя запіскі аб тым, што адсталі ад цягніка або пра нейкія аперацыі на дзецях з неверагоднымі хваробамі.

Выпрабоўваюць людзей на дабро (Андрэю заўсёды здавалася, што на зло або на цярплівасць, але дачка ж лепш ведае, бо дарослыя — яны ж анічога не разумеюць). I вось ім, пасланым на зямлю, ніхто нічога не дае, а маленькая Ліка — хоп, і грошык! I анёл тады ўбачыць, што Ліка добрая, і зробіць ёй што-небудзь такое, ну, невядома што, але таксама, напэўна, добрае. А можа, ён нават паляціць на неба i там усім-усім пра яе раскажа, а можа, яшчэ…

— Дачушка, ну навошта спрэе усiм цягнуць? Ну вось паглядзі, які страшны… нямыты… ну, які ён… ?

— Не, ну а калі ж усё-такі…

— Ліка! Адыдзі ад яго, каму кажу?! Ну куды ты панеслася, што гэта такое зноў! Ніякі ён не анёл, гэта ўсё казкі!

— А анёл тады іншы які-небудзь, так? Ты мне скажаш, які? Не-е-е, мы ж не ведаем, які можа аказацца…

—Дачушка, анёлаў не бывае.

— Нічога… Алінка кажа: прахфесарэй не бывае… Жывых. Як Настассіхалаўны… А яна ж — ёсць. Проста Алінка не бачыла, а калі паказаць, тады…

Позна спахапіліся. Думкі ішлі хмурныя, слотныя, без адзінай белай плямы, як гэты дзень.

Дзіця чытае, мае зносіны з аднагодкамі, гульні выдумляе — i добра. Цешча — педагог у другім пакаленні — забіла трывогу першай: «Што яна ў вас грошы кленчыць? Да кожнага жабрака соваецца?! У яе што — да гэтага часу не прайшло?!»

…Каля перахода ўладкаваўся нейкі малады, у пацёртым паліто з чужога пляча, у чорнай шапачцы. Ліка азірнулася, уздыхнула, пакасілася на бацьку, але ныць пра «грошыкі» не стала. Засапела i паведаміла:

— У мяне ад гэтай цёткі жу-у-у-удасная мігрэнь, — фірмовым матчыным тонам.

У Андрэя ад «гэтай цёткі» таксама была мігрэнь, але з цешчай, якая цётку-псіхолага і параіла, ён гэтым не дзяліўся.

Нафарбаваныя пазногці ў кожны візіт мільгалі перад вачыма, жыццярадаснасць струменіла так магутна, што ў ёй хацелася ўтапіцца. Каб — назаўжды.

I — прафесійная усмешка: «Я звяртаюся да маленькага дзіцяці, ой, вы ўжо дарослы, ну, нічога, выслухай мяне, дарослы зайчык…»

— Зразумела… інтэлігентная сям’я… здзіўляе толькі, што ў дзіцячым садку не звярнулі ўвагі, але нашы дзіцячыя садкі… так, вядома, магла хаваць у сабе. Гэта шчаслівая выпадковасць, што яна падтрымлівае кантакт з іншымі дзецьмі, але такія фантазіі могуць прывесці… Калі ўлічыць стрэс падчас пераходу ў школу…

Назад дачку Андрэй ўжо не цягнуў. Вёў павольна, ленавата пазіраў пад ногі, потым на вітрыны ў святочных агеньчыках. У галаве скакала настойлівае: «…перамыкаць! Вось бачыце, мы з ёй размаўлялі пра сабачак…»

Купіць сабаку. Або лепш — узяць кацяня. Чаму раней у галаву не прыйшло? Зрэшты, яна не будзе яшчэ і кідацца карміць усіх аблезлых катоў: «А хто там ведае, а можа, раптам таксама…»

Яшчэ ён павінен быў ціснуць логікай. I палохаць. «Павольна і з педагагічным тактам» тлумачыць, што калі будзеш вось так даверліва ўсім грошыкі соваць, то які-небудзь такі пракураны і не белакрылы цябе падмане або скрадзе, таму што «была такая гісторыя: дзяўчынка таксама хадзіла, зусім дурная была, давала ўсім грошы, а адзін бандыт падумаў, што яна багатая…»

І яшчэ трыццаць тысяч усялякага рознага павінен, таму што гэта ненармальна, калі дзіця не просіць сабе шакаладку. А калі просіць — дык не шакаладку і не сабе.

На званіцы храма на скрыжаванні дзеялася звычайная вячэрняя гайданка — раздражняльны перазвон, занадта вясёлы для гідкага, золкага, з выгляду зусім не снежаньскага вечара. Тэты, у паліто i чорнай шапачцы, так і сядзеў на верхняй прыступцы падземнага перахода, скурчыўшыся і прыкрываючы твар рукамі ў падраных пальчатках. Спаў, напэўна. У скрынцы вунь папяровая насоўка — забяспечыла нейкая жартаўлівая душа.

Дачка не прасіла грошай. Як выйшла з пагаслым тварам, так і ішла побач — прыціхлая i нейкая насцярожаная. Толькі вінавата скасавурылася на жабрака, калі падышлі.

«Жонка прыб’е ўдваіх з цешчай», — млява падумаў Андрэй. — «А, добра. Не магу ж я яе такую да іх прывесці».

— Хочаш грошыкаў? — прапанаваў, выцягваючы манетку.

Дачка шмарганула носам, паматляла галавой.

— Цётка сказала… калі даеш, а яны потым на гарэлку марнуюць… то гэта толькі горш тады. Атрымліваецца — не дабро. Зло атрымліваецца.

Пра сабачак яны размаўлялі, як жа…

Андрэй заскрыгатаў зубамі.

— Ну, хочаш… вось, бабуля печыва з сабой дала, ты есці не стала. Хочаш — дай печыва, яго на гарэлку не ўжывеш.

Печыва было — «7 каласкоў», але чамусьці з васількамі на абгортцы. «У дзіцяці павінна быць энергетычнае падсілкоўванне!» — з разумным выглядам вяшчала цешча. Дзіця, праўда, падсілкоўвацца не захацела, затое цяпер прасвятлела з твару i пацягнулася да пачка.

— Толькі не ведаю, навошта печыва анёлу, — амаль весела дадаў Андрэй. — А маме не скажам? Ну?

— А я ведаю, — прыўзнялася дачка на дыбачкі, заміргала, — а калі ў іх яго не робяць… ці калі ты стаміўся такі, сядзіш, ну… і раптам — энергетычнае падсілкоўванне! Я занясу?

— Давай нясі, — велікадушна дазволіў Андрэй і застаўся назіраць збоку — каб паспець, калі што. Раптам буйны.

Ды не, ціхі трапіўся. Прамармытаў нешта ў адказ на дзіцячае: «Ты стаміўся? Так, дзядзечка?» Печыва ўзяў. Яшчэ і забубніў, дзякаваў, напэўна.

Вярнулася малая ўрачыстая і задуменная.

— Вельмі стаміўся, — паведаміла з задавальненнем. — Так і сказаў. Ага. Цётка яшчэ казала, што дабро можна рабіць інакш: ну там, бедныя дзеці таксама ёсць. I ўсялякія хворыя, і наогул. Тат, я больш не буду, добра? Каб вам з мамай за мяне сорамна не было.

Андрэй не ведаў, шго сказаць: гісторыкі — не педагогі, кандыдаты навук — не выхавальнікі. Замармытаў нешта незразумелае, узяў дачку за руку, толькі на твар пазіраў, пакуль ішлі па перахо-дзе: ці не нашкодзіў сваёй выхадкай?

Дачка загаварыла, калі яны ўжо сталі падымацца.

— А да іх мы калі-небудзь пойдзем у госці. Аднойчы. Каб нячаста. Ён кажа: ты наведвай.

— Дзе наведвай? — спытаў Андрэй машынальна. Дачка махнула ў бок белага будынка, пад купаламі якога ўжо сціх звон.

— Там. Тата, а адкуль ён ведаў, што мяне Анжэлікай завуць?

Андрэй замарудзіў крок. Павярнуўся, моцна трымаючы дачку за руку. Паглядзеў праз дарогу назад — туды, дзе віднеўся ўваход у падземку.

На верхняй прыступцы перахода было пуста. Ляжала падраная пальчатка. На ёй сіратліва размясцілася нешта доўгае, белае, быццам згубленае лебедзем падчас прагулкі.

— Тат! — задыхнулася раптам Ліка, тузанула за руку. — Глядзі! Ну, глядзі ж!

Яна скакала і паказвала ўверх, i ён паслухмяна задраў галаву. ,

З чорнага неба падалі белыя пёркі. Велічна слізгалі між зорак. Бясшумна набліжаліся — пухнатыя, ласкавыя, чамусьці здавалася — усмешлівыя.

Потым аселі на каўняры і веях вялікімі сняжынкамі.