Шчаслівы лік 13

Бунцэвіч, Надзея. Шчаслівы лік 13 : [у Магілёве адкрываецца ХІІІ Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «Март.кантакт»] / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2018. — 17 сакавіка. — С. 2.  

21 сакавіка ў Магілёве адкрыецца XIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М@гt.кантакт”. У чым адметнасць сёлетняга фэсту, пазначанага “небяспечным” парадкавым нумарам?

Насамрэч, лік 13 куды больш шматзначны: усё залежыць ад стаўлення да яго. У тэатральнага ж мастацтва на тыя забабоны свой пагляд: спектакль не зменіцца, калі глядзець яго з 13-га месца, а не з якога-небудзь суседняга. Затое ёсць магчымасць “абыграць” гэтыя абставіны — да прыкладу, надаць цырымоніі адкрыцця яшчэ больш таямнічы каларыт. Ну, а з пункту гледжання фестывалю, 13 — гэта ўжо вельмі трывалая стабільнасць, чым могуць пахваліцца далёка не ўсе форумы ў свеце.

Дык чым жа, акрамя парадкавага нумару, вызна-чаецца сёлетняе тэатра-льнае свята, якое паводле традыцыі злучае Міжнародны дзень тэатра лялек — 21 сакавіка і Міжнародны дзень тэатра — 27-га ў суцэльны святочна-тэатральны тыдзень? За сем дзён у Магілёве пакажуць 24 спектаклі з Германіі, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны і, вядома, Беларусі. Улічваючы, што адзін з іх пройдзе двойчы, а яшчэ адзін завітае напярэдадні ў сталіцу (так і трэба рабіць, ахопліваючы “па дарозе” некалькі гарадоў), лічбу можна пашырыць да 26-ці. А гэта — “двойчы 13”. Будынку Магілёўскага тэатра сёлета спаўняецца 130 гадоў. I гэта — зноў 13, толькі з нулікам.

Ды ўсё ж магілёўскі форум вызначаецца не арыфметыкай з яе магіяй лічбаў і “касмічнай” колькасцю (на адзін з фестывапьных дзён прыпадае ажно пяць паказаў), а ўласна мастацкімі “фішкамі”. Праграма — уражвае, У ёй сабраны спектаклі папраўдзе нешараговыя, кожны — са сваёй рэжысёрскай разыначкай.

— Сёлета практычна няма класікі, — гаворыць дырэктар тэатра і форуму Андрэй Новікаў. — Спрэс — новыя тэксты, новыя формы, шмат невербальных, імправізава-ных спектакляў, а таксама музычных, пластычна-харэаграфічных. Конкурс ужо некалькі гадоў не праводзіцца. Затое, як і заўжды, прадугледжана галасаванне, цягам якога вызначаецца прыз глядацкіх сімпатый. Да таго ж, будуць названы спектаклі, якія прэтэндуюць на “ганаровае званне” падзеі форуму — паводле версіі прафесійных крытыкаў і, асобна, паводле выбару маладзёжнай рэдакцыі фестывалю, якая будзе распаўсюджваць інфармацыю праз інтэрнэт. Застануцца і штодзённыя абмеркаванні спектакляў, майстар-класы, творчыя сустрэчы, круглыя сталы. За некалькі фестывальных дзён будзе падрыхтаваны і паказаны эскіз спектакля. Не забыліся мы і на беларускі складнік: у праграму форуму ўключаны пяць айчынных пастановак, сярод якіх ёсць не толькі сталічныя. Адной з найбольш важных тэм, прызначаных для дыскусіі, стане маладая рэжысура. Сапраўды, каму як не маладым творцам наканавана пракладаць новыя шляхі? А ўжо якімі яны атрымаюцца — даведаемся літаральна праз некалькі дзён.

1

Надзея БУНЦЭВІЧ