Прыгоды электронікі

Маркава, Святлана. Прыгоды электронікі : [у БРУ прайшоў Магілёўскі фестываль навукі] / Святлана Маркава // Рэспубліка. — 2018. — 24 лютага. — С. 10. 

«Магнітная» вадкасць. Агонь, які разгараецца быццам бы сам па сабе. Прамысловыя ЗD-прынтары. На чацвёртым Магілёўскім фестывалі навукі, які на тры дні прапісаўся ў сценах Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ), было на што паглядзець.

Трэцякурснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова Яўген Траццяк не сумняваецца ў тым, што ўсе прадметы тояць у сабе шмат цікавага. Нават звычайная вада ў бутэльцы можа «па загадзе» прымусіць рухацца змешчаны там жа прадмет. Студэнт лічыць:

— Трэба толькі захацець зрабіць уласныя адкрыцці, а шанц для гэтага ёсць заўсёды. Нават калі ты яшчэ далёкі ад паўналецця.

Гэта даказалі і юныя майстры шматпрофільнага цэнтра «Юнацтва» Магілёва. Выстава іх работ аказалася адной з самых папулярных. Загадчык аддзела цэнтра Ірына Ганчарова не хавае:

— Наши маленькія тэхнікі ствараюць дзеючыя мадэлі планёраў, захапляюцца электронікай, робяць значныя крокі ў кібернетыцы. А яшчэ аднаўляюць у паменшаных маштабах помнікі культуры і гісторыі, даюць другое жыццё аджыўшым сваё гаджатам альбо дробным дэталям электронных прылад. Прынамсі, іх можна скласці  ў даволі цікавыя карціны.

Спецыяльна да фестывалю школьнікі Магілёўскай вобласці намалявалі і сваё бачанне будучыні. У імправізаванай галерэі можна ўбачыць лятаючыя талеркі, дамы да самага неба і фантастычныя дрэвы на дахах. Дарэчы, падчас свята навукі юныя мастакі мелі магчымасць засвоіць азы нетрадыцыйнай тэхнікі малявання. Дзяўчат і хлопчыкаў таксама чакалі інтэлектуальны чэмпіянат «Свая гульня», лекцыі і семінары па матэматыцы, фізіцы, эканоміцы. А міжнародная алімпіяда Mathopen 2018 Belarus сабрала ўдзельнікаў не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Таджыкістана, Узбекистана, Грузіі, Польшчы, Чэхіі, Аргенціны. Будучыя Эйнштэйны і Білы Гейцы мелі магчымасць памерацца сіламі ў веданні начартальнай геаметрыі, праграмавання. Прарэктар БРУ Віктар Пашкевіч зазначыў:

— Фармат фестывалю правераны часам. З моманту яго заснавання мы зрабілі значны крок наперад. У тым ліку адкрылі шэсць новых сучасных лабараторый з перадавым абсталяваннем. Але навука — гэта не толькі адкрыцці і вынаходствы. Гэта яшчэ і кадравая перспектыва. Калі бачыш, як загараюцца вочы ў школьнікаў, з якой цікавасцю яны задаюць пытанні, разумеет: свята навукі мае быць.

Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія пакуль знаёмяцца з навукай у гульнявой форме, заўтра стануць студэнтамі i змогуць заняцца ею ўсур’ёз. Значыць, у навукі ёсць будучыня.

5d823294ca3c2ff0a2258d104ec8e9b9 8a35227e2e6985646e79fc6370bab45a 9ff281b33e161d5f7aee00588ce7e148 34fc4b93e5a4c9ee9fcace742f5f131e 98e98869e06dd532989ea63f7e1776ed 139a34c5de0d1624484b61e4d62bcc4e be5478dd3dd7678cf415b9030db0ab70 eed557925a786bc463ec5db30ac8712c