Немагчыма, але рэальна
Сярод пэўных маіх калег-журналістаў існуе меркаванне, што акцыя, якая ладзіцца ў Магілёве, — з’ява дастаткова аморфная: кожны раз амаль адны і тыя ж твары, кожны раз адна і тая ж тэматыка дыскусій.
Вазьму на сябе адказнасць аспрэчыць такія меркаванні. Так, збольшага ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы збіраюцца людзі ўжо знаёмыя, але кожнага разу з’яўляецца хтосьці новы і зачаравана назірае за тым, што адбываецца наўкола…. Так, нацыянальныя экзоты ў выглядзе грузінскіх кінжалаў, кітайскай дзелавітасці, узбекскіх цюбецеек і эстонскай павольнасці прысутнічаюць пастаянна. Але тэмы міжнародных навукова-практычных канферэнцый заўсёды новыя. І тройчы я быў гэтаму сведкам. На міжнародным узроўні аналізаваліся песенная і танцавальная спадчына, стан спраў з нематэрыяльнымі каштоўнасцямі, узровень супрацоўніцтва ўстаноў культуры з дзяржаўнымі органамі.
Так што канферэнцыі — заўжды жывыя і надзённыя. Іншая справа, ці прыслухоўваюцца да іх рэзалюцый тыя, хто прымае рашэнні. Гэтым разам, да прыкладу, абмяркоўвалі “Нацыянальны касцюм як элемент гістарычнай спадчыны і сучаснай культуры”. Наколькі гэтыя тэма аказалася шматграннай ды плённай, паразважаем крыху пазней.
А цяпер спыніцца хачу вось на чым. Спачатку форум у Магілёве быў штогадовым. Цяпер ладзіцца раз на два гады. “Трэба ўмець працаваць са спонсарамі!” — сцвярджае дырэктар Магілёўскага метадычнага цэнтра Алег Хмялькоў. Гандлёвыя маркі васьмі прадпрыемстваў Магілёўшчыны, размешчаныя на рэкламных шчытах форуму, пераконвалі, што пры правільнай пастаноўцы справы можна выжываць і ў эпоху аптымізацыі.
Лялькі з 11 краін
Кожнай дэлегацыі было даручана прывезці на форум ляльку ў нацыянальным строі. Дырэктар краявога Камчацкага цэнтра народнай творчасці Вольга Мурашова ляцела са сваёй інтэльменкай (карэннай жыхаркай Камчаткі) у нацыянальным футры ці не палову сутак. У дзень прыезду колькасць лялек няўхільна павялічвалася. І калі мы ўбачылі ўсю “дэлегацыю”, у кулуарах форуму (падаецца, адразу ў некалькіх месцах) узнікла ідэя выпусціць калекцыйныя наборы такіх лялек і рэалізоўваць іх сярод навукоўцаў і не толькі. Чым не міжнародны асветніцка-камерцыйны праект у перспектыве?
Магілёўская і Віцебская вобласці падрыхтаваліся да форуму вельмі годна: выпусцілі маляўнічыя альбомы з выявамі і апісаннямі сваіх традыцыйных касцюмаў. Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука ў адным з такіх касцюмаў прыехала і працавала цягам двух дзён канферэнцыі.
Сёлетні форум адметны яшчэ і тым, што тут сабраліся не толькі кіраўнікі ўстаноў, але і шараговыя работнікі культуры, настаўнікі, метадысты. Выкладчык Каледжа культуры Рэспублікі Комі Ніна Мінгалёва адразу зацікавілася саламянымі павукамі. Не дзіва: пшаніца ў Комі не расце, таму адкуль там узяцца рамяству саломкапляцення?
Загадчыца кафедры “Музыказнаўства і кампазіцыя” Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта з Астаны Гульнар Альпеісава казала пра неабходнасць супраціву камерцыялізацыі народнага мастацтва.
Арт-крытык і педагог Нацыянальнага інстытута мастацтваў і дызайну Рэспублікі Узбекістан Эцібор Мірзаназарава ў Магілёве — упершыню. Яе цікавіла і здзіўляла літаральна ўсё, што яна бачыла і чула. Мы пазнаёміліся і дамовіліся пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва. А вось старшыня Беларускага культурнага цэнтра “Світанак” з Ташкента Святлана Дудзюк — пастаянная ўдзельніца форуму. Дый па нацыянальнасці яна — беларуска. Цудоўны доказ узаемапрасякнення культур і традыцый. Дзеля гэтага форум і шчыруе.
Ад брыжоў да фартухаў
“К” ужо пісала, што мы не ўмеем выступаць на канферэнцыях, семінарах і іншых калоквіумах. Не вытрымліваем рэгламент. Усё імкнёмся давесці сутнасць справы не фактамі, а колькасцю слоў. Недахоп, аказваецца, міжнародны. А ў мяне хвароба прафесійная: калі шмат гавораць, драмаць пачынаю. Не, рука справу ведае: піша. Але сам з кантэксту выпадаю. І пачало ўжо мроіцца, што калі аб’яднаць нацыянальныя строі свету ды трошкі іх абсучасніць (каб жылі ды вока радавалі), атрымаецца камплект з джынсаў, кедаў ды льняной майкі. Аднак тут свядомасць разварушыла фраза з прамовы Ану Рэндмаа — магістра натуральных навук Талінскага ўніверсітэта, сябры праўлення Эстонскага саюза народных мастацтваў і рамёстваў, гендырэктара некамерцыйнага Эстонскага саюза народных касцюмаў.
Яна казала спачатку пра трансфармацыю народнага адзення ў нацыянальны сімвал. Вось яны, гэтыя этапы: нацыянальнае абуджэнне другой паловы XIX стагоддзя, першае Усеэстонскае спеўнае свята, узнікненне дзяржавы ў 1918 годзе, спосаб выражэння нацыянальных пачуццяў падчас розных рэжымаў, святы песні і танца. А вось якія ўстановы супрацоўнічаюць у справе вывучэння строяў: Акадэмія культуры, Цэнтр навучання Эстонскага нацыянальнага музея, Цэнтр народнай культуры, прафесійныя вучэльні, фонд прафесійнай кваліфікацыі, раённыя групы па інтарэсах… Салідна? І я пра тое ж! Гэта і называецца — “усёй грамадой”.
Уразіла прамова метадыста Краснапольскага раённага цэнтра культуры Валянціны Марчанка. Мы з ёй знаёмыя гадоў дзесяць. Вельмі прыстойны спецыяліст з дарам перспектыўнага мыслення. Сцісла, цікава і пераканаўча яна распавяла пра этнаграфічныя рэаліі бытавання краснапольскага строю на памежжы з Расіяй. “Сапраўдны метадыст!” — заўважыла мадэратар канферэнцыі, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Лабачэўская.
Калі мова, паводле Францішка Багушэвіча, — адзенне душы, дык нацыянальны касцюм — сама душа. Пра гэта ў розных варыяцыях казалі ўсе. Мяне ж, як дылетанта, цікавіла іншае. Мы свой касцюм амаль што адрадзілі, захавалі і папулярызуем. Так ставяцца да помнікаў. Асабіста мяне задавальняе менавіта такое стаўленне? Не вельмі. Давялося на вуліцах аднаго з расійскіх мегаполісаў сустрэць знакамітага земляка ў шыкоўным сучасным гарнітуры і ў вышыванцы. Відовішча падалося мне (як бы нікога не пакрыўдзіць) трошкі архаічным. Я — пра перастварэнне традыцыйнага касцюма ў прывязцы яго да жывога карыстання. Касцюм — гэта не гліняны збанок, дзе пластыка формы дасягнула ідэалу яшчэ пры нашых прадзедах.
Усе мае прэтэнзіі цалкам задаволіла выступленне навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Даны Антановіч-Андрэевай. Яна з веданнем справы гаварыла пра выкарыстанне беларускіх арнаментальных матываў у сучасным дызайне адзення. Гэтая тэма цягам апошніх гадоў стала адной з вядучых не толькі на подыумах Беларусі, але і на яе вуліцах.
Фалькларысты ўсіх краін…
І яшчэ раз пра магчымыя міжнародныя праекты. Калі размова зайшла пра асаблівасці касцюма дзмітрыеўскіх казакаў, дырэктар Камышынскага гісторыка-краязнаўчага музея Марыя Іванова згадала, што ў Расіі іхні кавуновы фэст стаў брэндавым. Грузін Заза Мезурышвілі з веданнем справы пацвердзіў, што меў калісьці пад Камышынам паўсотні гектараў бахчы. Кавуны тут, сапраўды, не маюць роўных па смаку. Пасля ўсяго гэтага не ўтрымалася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Асіповіцкага райвыканкама Ірына Раманчук: “А ў нас ёсць фэст “Гарбузовы рай”! Давайце супрацоўнічаць!”
Хто пасля гэтага скажа, што форум у Магілёве не выконвае сваёй функцыі? Калі людзі імкнуцца сюды ці не праз усе гадзіннікавыя паясы — значыць, гэта камусьці трэба.