Дзяржава заўсёды на належным узроўні ацэньвае намаганні педагогаў : [Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай дню ведаў, у гімназіі №3 г. Магілёва] / па матэрыялах БелТа // Настаўніцкая газета. — 2018. — 4 верасня. — С. 2.
“У нашай краіне сёння ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю сістэмы адукацыі, стварэнню камфортных умоў для работы педагагічных кадраў, павышэнню ўзроўню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, — заявіў на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў, у гімназіі № 3 Магілёва Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.
Асаблівыя словы ўдзячнасці Міхаіл Мясніковіч выказаў педагогам: “Вы вершыце выдатныя справы, і дзяржава заўсёды на належным узроўні ацэньвае вашы намаганні. Мы ведаем пра цяжкасці і праблемы, якія існуюць у сістэме адукацыі. Гэта пытанні, якія тычацца статусу педагогаў, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў і павышэння заработнай платы. Паверце, мы гэта не проста фіксуем, а прымаюцца адпаведныя рашэнні, каб педагогам, людзям, якія сапраўды прысвяцілі ўсё сваё жыццё рабоце з моладдзю, удзялялася належная ўвага”.
Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што, накіроўваючы дзяцей у школу, бацькі не павінны дыстанцыравацца ад іх адукацыі і выхавання. Толькі разам, з удзелам мясцовых органаў улады, школы і сям’і, можна вырашыць пытанні годнага выхавання сапраўдных грамадзян Беларусі.
Падчас наведвання гімназіі Міхаіл Мясніковіч пазнаёміўся з яе гісторыяй, наведаў выставу вырабаў навучэнцаў і майстар-клас.
Старшыня Савета Рэспублікі цёпла і сардэчна павіншаваў удзельнікаў урачыстасці з Днём ведаў і пажадаў, каб усе мэты і задачы, якія вырашаюць сям’я і школа, збыліся, і не толькі канкрэтна ў гэтай навучальнай установе, але і ў цэлым у краіне. Ад Савета Рэспублікі ён уручыў гімназіі ў падарунак інтэрактыўную дошку, а ганаровыя госці свята ведаў перадалі навучэнцам першых класаў у падарунак ад кіраўніка дзяржавы кнігі “Беларусь — наша Радзіма”.
“Сёння на рынку працы вялікая прапанова дыпламаваных спецыялістаў, але многія з іх не запатрабаваны. Таму, магчыма, трэба перагледзець аб’ёмы падрыхтоўкі кадраў, выдаткі, якія нясе дзяржава на гэта, і больш увагі сканцэнтраваць на выпуску менавіта высакакласных спецыялістаў, у якіх мае патрэбу грамадства і эканоміка”, — адзначыў падчас сустрэчы з членамі савета і студэнцкім актывам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, работа па ўдасканаленні сістэмы вышэйшай адукацыі павінна быць нацэлена на больш актыўнае ўключэнне моладзі ў працэс інавацыйнага пераўтварэння эканомікі.
Установы вышэйшай адукацыі, фарміруючы спіс у тым ліку новых спецыяльнасцей, павінны думаць не толькі пра найбліжэйшую, але і пра доўгатэрміновую перспектыву: ці патрэбны будуць гэтыя спецыялісты, іх навыкі і веды праз 3—5 і больш гадоў. “Нам трэба рыхтаваць спецыялістаў з прыцэлам на перспектыву, ідучы не на крок, а на 2—3 наперадзе. Вылучаць таленавітых лідараў, падтрымліваць і сістэмна працаваць з імі”, — перакананы Старшыня Савета Рэспублікі.
Міхаіл Мясніковіч таксама звярнуў увагу на неабходнасць павышэння статусу і прэстыжу прафесійна-тэхнічнай адукацыі, прадастаўленне магчымасці атрымання такой адукацыі ў дыстанцыйнай форме, рэалізацыі адукацыйных праграм пры дапамозе сеткавай формы ўзаемадзеяння і памяншэнне тэрміну атрымання прафтэхадукацыі.
“Сур’ёзных пераўтварэнняў патрабуе сістэма вывучэння замежных моў. Высокакваліфікаваны спецыяліст павінен валодаць свабодна як мінімум размоўнай англійскай. Вывучэнне замежнай мовы павінна стаць нормай і жыццёвай неабходнасцю. Мы будуем дзяржаву, адкрытую для канструктыўнага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, і замежны вопыт, як і цеснае ўзаемадзеянне ў дасягненні тых ці іншых мэт, вельмі неабходны, у тым ліку для прыняцця правільных кіраўніцкіх рашэнняў”, — адзначыў падчас сустрэчы Міхаіл Мясніковіч.