Синькевич, Г. Інтэрнацыяналам за экалагічнасць : [мижнародная летняя школа NEXT «Прыродныя рашэнні для разумных гарадоў» на працягу 12 дзен працавала ў Беларуска-Расійскім універсітэце] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2018. — 4 верасня. — С. 7.
Як паведамілі ў прэс-службе УВА, праект быў арганізаваны пры падтрымцы міжнароднага Вішаградскага фонду, праграмы Еўрапейскага саюза Erasmus+ і ERA-NET Smart Urban Futures, Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD). Удзельнікамі школы сталі 46 студэнтаў, аспірантаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый з Германіі, Чэхіі, Венгрыі, В’етнама, Манголіі, Расіі, Індыі, ЗША, Канады, Украіны, Малдовы, Пакістана, Польшчы, Латвіі, Нідэрландаў, Бразіліі, Бангладэш і Беларусі. Маладыя людзі былі адабраны з амаль двухсот прэтэндэнтаў, якія даслалі заяўкі з 45 краін свету. У якасці выкладчыкаў выступілі эксперты і сусветна прызнаныя спецыялісты ў галіне гарадскога планавання і кіравання.
Інтэрнацыянальная каманда студэнтаў і выкладчыкаў дасканала абмеркавала сучасныя канцэпцыі фарміравання зялёнай інфраструктуры і гарадскіх ландшафтаў. Таксама ўдзельнікі праекта шукалі практычныя рашэнні канкрэтных праблем, звязаных з развіццём зялёных прастор. Вынікам заняткаў сталі інавацыйныя прапановы па добраўпарадкаванні зялёных зон Магілёва і прыгарада. Яны ўжо даступныя ўсім зацікаўленым, уключаючы мясцовыя ўлады і грамадскасць. Магчыма, што ў найбліжэйшы час ідэі будуць выкарыстаны для рэальных мерапрыемстваў па развіцці зялёнага каркаса, павышэнні камфортнасці горада і паляпшэнні яго экалагічнага стану.