Спартыўны «Алімп» Саюзнай дзяржавы

Бачкарова, Ю. Спартыўны «Алімп» Саюзнай дзяржавы : [Спартакіяда навучэнцаў «Алімп» праходзіць у Магілёве] / Ю. Бачкарова // Настаўніцкая газета. — 2018. — 11 кастрычніка. — С. 1. 

Спартакіяда навучэнцаў “Алімп” сабрала на магілёўскай зямлі каля 200 юных спартсменаў з шэрага рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Спаборніцтвы праходзяць 15-ы раз, аднак упершыню як адно з мерапрыемстваў форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Яны арганізаваны ў рамках спартакіяды Саюзнай дзяржавы і аб’ядноўваюць у сабе не толькі спаборніцкі момант, але і шырокую культурна-масавую праграму.

“З 2003 года спартакіяда навучэнцаў “Алімп” з’яўляецца адным з самых значных і маштабных маладзёжных праектаў Саюзнай дзяржавы, — адзначыў на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў намеснік кіраўніка Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргей Пятровіч Місюраў. — Штогод у ёй прымаюць удзел сотні юных таленавітых спартсменаў, якія імкнуцца да заваявання сусветных спартыўных алімпаў. Для многіх з іх спартакіяда стане важнай прыступкай на шляху да запаветнай мэты — адкрыцця рэальных перспектыў і магчымасцей дасягнення вяршынь спартыўнага майстэрства”.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў спартыўнага мерапрыемства, Сяр гей Місюраў выказаў упэўненасць, што цяперашняя сустрэча моладзі дзвюх краін прынясе ім радасць знаёмства з новымі сябрамі, незабыўныя ўражанні і яркія ўспаміны пра спартыўныя дасягненні і перамогі.

Спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва складаецца з чатырох этапаў: два праходзяць на тэрыторыі Расіі, два — у Беларусі. Спартакіяда навучэнцаў “Алімп” стала трэцім з іх. Першым юных спартсменаў прымаў Жлобін (5—10 чэрвеня), другі этап — фізкультурна-аздараўленчы фестываль студэнцкай моладзі Расіі і Беларусі — завяршыўся ў Краснадарскім краі на спартыўных пляцоўках Анапы 6 кастрычніка. Беларускія каманды там былі прадстаўлены студэнтамі з БДУІР (Мінск), ВДТУ (Віцебск), БДУФК (Мінск) і МДУ імя А.А.Куляшова (Магілёў). Фіні-шуюць спаборніцтвы ў Валгаградзе (16—21 кастрычніка). Ва ўсіх чатырох этапах прымуць удзел больш за 1 тысячу чалавек.

“У спартакіядзе няма абмежаванняў па колькасці відаў спорту, адзінае — на кожным з этапаў іх павінна быць заяўлена не больш за пяць, — адзначыў Сяргей Місюраў. — З году ў год, ад этапу да этапу ўдзельнікі спаборнічаюць у розных відах. Якія будуць заяўлены ў чарговы раз — вырашаюць арганізатары. Узрост удзельнікаў кожнага этапу спаборніцтваў таксама мяняецца: паводле палажэння, мы маем права дапускаць да спартакіяды дзяцей і моладзь ад 8 да 21 года”.

Удзельнікамі спартакіяды, якая праходзіць у Прыдняпроўскім рэгіёне з 8 па 13 кастрычніка, сталі школьнікі ва ўзросце 12—13 гадоў. Каб трапіць у склад зборнай каманды і змагацца за сцяг сваёй краіны, навучэнцам давялося прайсці нацыянальны адбор. Лепшых з лепшых адбіралі больш чым з 1,5 тысячы чалавек з кожнага боку.

На трэцім этапе юныя спартсмены змагаюцца за ўзнагароды ў трох відах спорту на некалькіх спартыўных пляцоўках рэгіёна. Так, спаборніцтвы па валейболе сярод дзяўчынак праходзяць у гульнявым зале спартыўнага комплексу “Алімпіец” у Магілёве, хакейныя баталіі — у Лядовым палацы Шклова, спаборніцтвы па шахматах — на базе Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа.

“Арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў для дзяцей і юнацтва Саюзнай дзяржавы — адзін з галоўных кірункаў работы Пастаяннага камітэта, — падкрэсліў Сяргей Пятровіч. — Акрамя спартакіяды, для гэтай узроставай катэгорыі мы праводзім алімпіяду школьнікаў па рускай мове і літаратуры, шэраг спартыўных спаборніцтваў і мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. Гэта вельмі важна, за гэтым стаіць наша будучыня, бо дзеці, якія неўзабаве стануць дарослымі, будуць у далейшым будаваць дзве нашы дзяржавы”.

Арганізатары ўпэўнены: калі спорт аб’ядноўвае, спрыяе развіццю фізкультурна-спартыўнага руху і папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод падрастаючага пакалення, то наладжванне кантактаў паміж моладдзю дзвюх краін дапаможа ўмацаваць сяброўскія сувязі паміж Беларуссю і Расіяй. З гэтай мэтай, акрамя спартыўных сустрэч, для юных спартсменаў падрыхтавана насычаная культурная праграма: яны ўбачаць славутасці Магілёва, правядуць вечар сяброўства і пазнаёмяцца з традыцыйнымі народнымі промысламі ў этнаграфічным комплексе “Зялёны гай”, наведаюць Магілёўскі заасад. Таксама школьнікі будуць задзейнічаны ў мерапрыемствах V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіць у абласным цэнтры 10—12 кастрычніка.

noemebp640

noemebp1640

Юлія БАЧКАРОВА
Фота аўтара