Галоўнае — вучнёўскія дасягненні

Сінькевіч, Г. Галоўнае — вучнёўскія дасягненні : [пра Таццяну Сарапулаву, настаўніцу рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №33 г. Магілёва] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2018. — 27 кастрычніка. — С. 1. 

У кожным ёсць прызванне да той ці іншай прафесіі. Галоўнае — своечасова пачуць голас сэрца і рушыць услед за прафесійнай марай. Менавіта так калісьці зрабіла настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 33 Магілёва Таццяна Сарапулава.



Кім стане ў будучыні, Таццяна Барысаўна ведала яшчэ з дзяцінства. На гэтае пытанне яна заўсёды давала адзін адказ — будзе настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

— Чаму менавіта гэты профіль? Напэўна, адыграла сваю ролю любоў да чытання, ды і школьныя педагогі па гэтым прадмеце ў мяне былі выдатныя. Настаўніцу Любоў Абрамаўну Мінкіну я памятаю і зараз, — успамінае Таццяна Сарапулава.

Ажыццяўляць юнацкую мару Таццяна Барысаўна вырашыла на філалагічным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. І тут ёй зноў пашанцавала на цудоўных выкладчыкаў.

— Галіна Сяргееўна Чарнова, Луіза Сяргееўна Шакірава, Людміла Іванаўна Шапавалава, Барыс Сямёнавіч Бесчарэўных — гэтыя педагогі былі для нас, тагачасных студэнтаў, сапраўдным прыкладам прафесіяналізму, адданасці сваёй справе. Успаміны пра іх плённую працу і зараз працягваюць натхняць на ўдасканаленне ўласнага майстэрства, — расказвае Таццяна Сарапулава.

Атрымаўшы запаветны настаўніцкі дыплом, па размеркаванні Таццяна Барысаўна трапіла ў сярэднюю школу № 33 Магілёва. Тут і працуе да гэтага часу. На сёння яе працоўны стаж складае 26 гадоў. Яна даўно адбылася як педагог, выбудавала эфектыўную методыку педагагічнай дзейнасці. Але займацца павышэннем прафесійнага ўзроўню працягвае.

— Настаўнік застаецца настаўнікам да таго часу, пакуль сам вучыцца. Таму я пастаянна займаюся самаадукацыяй, — адзначае Таццяна Сарапулава.

Таццяна Барысаўна не толькі павышае ўласны прафесійны ўзровень, але і актыўна дзеліцца вопытам з калегамі. Яна ўваходзіць у склад клуба лепшых настаўнікаў вобласці KLUM. by, удзельнічае ў розных семінарах, канферэнцыях. Імкненню да большага яна вучыць і сваіх вучняў. “Калі задумаў скарыць вышыню, то зрабі гэта”, — лічыць педагог.

Вучні 33-й школы чакаюць урокаў Таццяны Барысаўны. Усё таму, што абсалютна з кожным навучэнцам яна ўстанавіла даверныя адносіны.

— Спрыяльная атмасфера ў класе ўплывае на паспяховасць адукацыйнага працэсу. Таму на занятках я прымяняю і калектыўны, і асобасна арыентаваны падыход. Кожны вучань для мяне асаблівы, мае свой патэнцыял, які я стараюся максімальна раскрыць, — гаворыць Таццяна Сарапулава.

Заняткі ў Таццяны Барысаўны сапраўды праходзяць цікава. Педагог умела спалучае класічныя і інавацыйныя падыходы да навучання. Яна імкнецца да таго, каб урок быў працэсам сутворчасці настаўніка і вучня. На яе занятках дзеці не атрымліваюць гатовую інфармацыю, а самі фармулююць важныя думкі, самастойна робяць высновы.

— Школа абавязана выхаваць развітую, адукаваную асобу, здольную арыентавацца ва ўмовах сучаснага свету. Таму ўрокі праводжу такім чынам, каб зацікавіць навучэнцаў, абудзіць у іх творчую актыўнасць, накіраваць на самастойны пошук ведаў, — падкрэслівае Таццяна Барысаўна.

Каб дасягнуць гэтай мэты, настаўніца выкарыстоўвае на занятках метад праблемнага выкладання, пошукавы, даследчы метады, базавыя элементы стратэгіі актыўнай ацэнкі. Яна прыйшла да высновы, што заданні пошукавага характару, пастаноўка праблемных пытанняў і пошук адказаў на іх спрыяюць выхаванню самастойнасці, актывізацыі разумовай дзейнасці навучэнцаў.

Важнае месца ў педагагічнай дзейнасці Таццяны Сарапулавай займае работа з адоранымі дзецьмі. Выяўляючы таленавітых навучэнцаў, яна ўсімі сіламі імкнецца прывесці іх да поспеху. І пэўныя вынікі ёсць. Вучні Таццяны Барысаўны добра выступаюць на розных турах алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, лінгвістычных і літаратурных конкурсах.

Ацэнена і яе ўласная праца. Таццяна Сарапулава ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых улад. А яшчэ яна ўладальніца звання “Лепшы па прафесіі” ў сваім раёне, пераможца абласнога і лаўрэат заключнага тура Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Працоўныя перамогі для Таццяны Барысаўны значныя. Але зусім не за гэта яна нястрымна любіць педагагічную справу. Галоўнае задавальненне ёй прыносяць новыя веды ў дапытлівых вачах вучняў, іх вучэбныя дасягненні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Таццяны Сарапулавай.