Падняць аўтарытэт і знайсці сродкі : якія прыярытэты ставіць перад сабой Магілёўская асацыяцыя Саветаў дэпутатаў

Зігуля, Н. Падняць аўтарытэт і знайсці сродкі : якія прыярытэты ставіць перад сабой Магілёўская асацыяцыя Саветаў дэпутатаў / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 30 лістапада. — С. 21. — Мясцовае самакіраванне.

Тры гады таму Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў аб’яднаўся з гарадскімі і раённымі Саветамі вобласці ў асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яе мэта — каардынаваць працу дэпутатаў у прававой, арганізацыйнай, фінансава-эканамічнай дзейнасці, а таксама абагульніць дзеянні ў рашэнні сацыяльных і іншых праблем. Сёння народныя абраннікі дзеляцца сваімі меркаваннямі наконт моцных і слабых бакоў гэтага ўтварэння.

— Наколькі прадукцыйны быў перыяд станаўлення, што зроблена, якія праблемы вырашаныя? — пацікавілася «МС» у дэпутатаў.

Аксана Агароднікава, старшыня Горацкага раённага Савета дэпутатаў, былы кіраўнік праўлення Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў:

— За час існавання асацыяцыі мы правялі некалькі вельмі важных сустрэч і семінараў. Вывучалі вопыт рэалізацыі мясцовых ініцыятыў, добра адпрацаваны ў Слаўгарадскім, Краснапольскім, Чавускім раёнах, дзяліліся сваімі напрацоўкамі па рэалізацыі праекта «Горкі — здаровы горад», развівалі міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. За кошт добраахвотных узносаў дапамаглі шэрагу абласных і раённых сацыяльных устаноў. Арганізавалі шэфства над магілёўскім спецыялізаваным Домам дзіцяці, аказалі матэрыяльную дапамогу раённым бальніцам, цэнтрам карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі.

На жаль, не атрымалася задзейнічаць патэнцыял асацыяцыі ў рэалізацыі міжнародных праектаў, наладзіць стасункі з асацыяцыямі іншых краін у рамках праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва, а таксама прыцягнуць інвестыцыі для вырашэння больш глабальных праблем у жыццезабеспячэнні насельніцтва.

Дзмітрый Харытончык, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Каля вытокаў стварэння стаялі дэпутаты папярэдняга склікання. Яны сталі першапраходцамі, і тое, што імі зроблена, каштоўнае. Першапачатковая мэта — дапамагчы Саветам мясцовых дэпутатаў дадаткова самаарганізавацца, сканцэнтраваць свае высілкі на рашэнні фінансавых, эканамічных і іншых праблем — дасягнутая. Праводзіліся нарады, семінары, разглядаліся надзённыя праблемы, рабілася спроба сфармуляваць актуальныя пытанні, якія сёння стаяць перад дэпутацкім корпусам. Быў створаны разліковы рахунак, на жаль, сродкі, якія на ім акумуляваліся, не вельмі вялікія. Але яны дазволілі правесці шэраг дабрачынных акцый ад імя дэпутатаў.

Анатоль Мацюлін, старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў, старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў:

— Да 2010 года такой формы работы, як асацыяцыя, наогул не было. І тое, што зараз існуе дадатковая магчымасць аб’яднацца «па інтарэсах», вельмі добра. Сёння насельніцтва лічыць, што ўсе спрэчныя пытанні павінна вырашаць улада.

Нават тыя, дзе можна было б абысціся сваімі сіламі. А гэта чыстай вады ўтрыманства. Трэба пераламаць гэтае меркаванне. І тут вялікія спадзяванні ўскладаем на нашых актывістаў на месцах. Яны з’яўляюцца прыкладам для сваіх землякоў, і ад іх дзеянняў шмат што залежыць. Асацыяцыя — менавіта тая арганізацыя, праз якую мы разам зможам вырашыць нейкія асобна ўзятыя пытанні, выпрацаваць агульныя варыянты дзеянняў. Цяпер мы маем магчымасць заахвоціць сваіх памочнікаў яшчэ і рублём.

— Якія задачы ставіць перад сабой асацыяцыя сёння?

Дзмітрый Харытончык:

— Галоўнымі задачамі асацыяцыі былі і застаюцца — стварэнне выразнай фінансавай асновы за кошт прыцягнення дадатковых сродкаў, пошукі новых падыходаў і метадаў для вырашэння праблемных пытанняў у раёнах, распрацоўка плана работы і кантроль за яго выкананнем. Мы павінны актыўна праз органы тэрытарыяльнага самакіравання ўцягваць у работу насельніцтва. Усё гэта будзе спрыяць развіццю раёнаў.

Анатоль Мацюлін:

— Гэта вывучэнне праблем і падтрымка органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, іншых грамадскіх фарміраванняў, якія сумесна з дэпутацкім корпусам вырашаюць пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва. Гэта тыя людзі, якія дапамагаюць уладзе выконваць сацыяльныя стандарты, своечасова інфармуюць мясцовыя выканаўчыя і прадстаўнічыя органы. Трэба падымаць аўтарытэт гэтых людзей. Будзе створаны так званы сакратарыят асацыяцыі для каардынацыі дзеянняў органаў грамадскага самакіравання, работы над выкананнем тых задач, якія асацыяцыя запланавала. У яго складзе будзе працаваць бухгалтар, які зоймецца кантраляваннем нашага фінансавага складніка. Будзем шукаць спосабы вырашэння праблем сваімі сіламі, аналізаваць, наколькі танней гэта зрабіць намаганнямі дэпутатаў, неабыякавых людзей і нейкіх базавых прадпрыемстваў. Бо паставіць задачу ўладзе, каб яна вырашыла праблему, гэта адно, а вось як мы зможам зрабіць гэта самі. Каб падтрымаць нашых памочнікаў, плануем на 2019 год закласці фінансаванне і па прынцыпе міжнародных арганізацый, якія выдзяляюць гранты, заахвочваць людзей.

— Якім вы бачыце далейшы лёс асацыяцыі?

Дзмітрый Харытончык:

— Першарадная задача — устанавіць стабільную крыніцу даходаў. Пры сустрэчах
з насельніцтвам дэпутат становіцца сувязным звяном паміж выбаршчыкамі і выканаўчай уладай. Па сутнасці, у дэпутата няма ніякага фінансавага рычага для вырашэння тых ці іншых пытанняў. А людзі вельмі часта закранаюць глабальныя праблемы, для рэалізацыі якіх патрэбны вялікія сродкі. Сёння вельмі шмат існуе грантаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, трэба вучыцца іх прыцягваць і развіваць свае тэрыторыі. Каб дасягнуць рэальнага выніку работы, неабходна спачатку сканцэнтраваць высілкі на нейкіх пэўных кірунках, а далей, развіваючы астатнія, павышаць актыўнасць работы асацыяцыі.

Анатоль Мацюлін:

— Будзем і надалей захоўваць аб’яднальны пачатак — правядзенне спартакіяд. Зараз рыхтуемся да зімовай, каб правесці ў студзені — лютым. Гэта згуртоўвае людзей. Працуем адначасова з усімі праектамі ПРААН, прыцягваем сродкі. На карысць пойдзе стварэнне так званага сакратарыята, пра які я казаў вышэй, адкрыццё свайго сайта, стварэнне лагатыпа — так мы будзем пазнавальнымі. Што датычыцца органаў самакіравання, плануем распрацаваць палажэнне спаборніцтваў.

Плануем вывучаць вопыт расіян. У іх існуе пералік крытэрыяў, па якіх ацэньваецца работа дэпутатаў.

У Расіі ёсць розныя варыянты асацыяцый, якія заснаваны на пэўных інтарэсах. Нам трэба падняць актыўнасць грамадзян і пашукаць грошы ў сябе, захаваць маёмасць, якая нам дасталася. Заканадаўства дазваляе, каб мы бралі частку адказнасці на сябе. Гэта і ў плане навядзення парадку на зямлі, і работы з пустуючымі дамамі. Калі мы кажам пра асацыяцыю, маем на ўвазе аб’яднанне людзей па інтарэсах. У Гродне, напрыклад, па іншым прынцыпе аб’ядналіся, чым у нас, але кожны шукае варыянты падняцця аўтарытэту органаў самакіравання на месцах, каб яны самі былі гаспадарамі.

Андрэй Кіблоў, старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў:

— У рамках дзясятай канферэнцыі параднёных гарадоў Беларусі і Германіі, якая нядаўна адбылася ў Германіі, мы з прадстаўнікамі гарадоў-пабрацімаў абмеркавалі магчымасць вывучэння вопыту работы нашай асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў і падобнага фарміравання з нямецкага боку. Цікавіліся, на якіх прынцыпах будуецца такая работа ў іх, казалі пра свае праблемы і вырашылі, што адным з кірункаў супрацоўніцтва з параднёнымі гарадамі будзе развіццё і гэтай тэмы. Яна вельмі важная для нас і для нашых суседзяў.

А яшчэ, на мой погляд, у асацыяцыю трэба актыўна прыцягваць бізнес, гэта дапаможа ажыццяўляць яе непасрэдныя функцыі. На сёння сфарміраваны падрабязны план дзеянняў на наступны год, які складаўся з канкрэтных прапаноў. Спадзяёмся, што ўсё задуманае ажыццявіцца.

Міраслаў КОБАСА, старшыня праўлення асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі»:

— Шмат хто ў асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў бачыць структуру, якая працуе на прыцягненне інвестыцыйных праектаў. Так, гэта адзін з кірункаў дзейнасці, але асноўная ідэя не ў гэтым. І ўвогуле, нам сёння не хапае разумення мэт і задач асацыяцыі. Тут неабходна дадатковае тлумачэнне.

Сітуацыя з мясцовымі Саветамі сёння такая, што ў іх фактычна не хапае ні фінансавых, ні кадравых рэсурсаў. Таму рэалізаваць тое, што напісана ў законе пра паняцце мясцовага самакіравання праблематычна. Дзе тады выйсце?

Але найлепшы замежны вопыт краін Цэнтральнай Еўропы (Польшча, Чэхія, Венгрыя), Скандынавіі (Швецыя, Данія, Фінляндыя) дэманструе, што мясцовае самакіраванне павінна быць больш развітое. Гэта азначае, што чым больш мясцовае самакіраванне самастойнае, самадастатковае і дасканалае, тым больш высокім і больш якасным з’яўляецца ўзровень жыцця і дабрабыту грамадзян.

Людзям трэба тлумачыць, што сапраўднае эфектыўнае мясцовае самакіраванне — не міф, а рэальнасць, якая заснавана на іх ініцыятыве і адказнасці. Што мясцовае самакіраванне — гэта іх права і рэальная магчымасць самастойна вырашаць мясцовыя пытанні, але гэта таксама адказнасць кожнага за тых людзей, якіх мы абіраем дэпутатамі, за тыя рашэнні, якія імі будуць прымацца, у тым ліку па распараджэнні агульнай камунальнай уласнасцю і бюджэтнымі сродкамі, гэта непасрэдны ўдзел у працэсе прыняцця рашэнняў.

Зноў спытаем, хто павінен давесці спадзяванні супольнасці грамадзян да самых вярхоў і якім чынам? Кожны Савет будзе дзейнічаць паасобку? Напэўна, не! Хтосьці павінен акумуляваць і выказваць агульную волю органаў мясцовага самакіравання і там, дзе ёсць заганы і праблемы, рабіць усё, каб яны былі ліквідаваныя. На пытанне «Хто гэта зробіць?» ёсць адказ «Асацыяцыя!».

Другая функцыя — адукацыйна-кансультацыйная, трэцяя — развіццё міжнароднай дзейнасці. Навошта нам вынаходзіць кожнага разу ровар, калі ён ужо прыдуманы? З аднаго боку, нам трэба вывучаць станоўчы міжнародны вопыт і ўкараняць яго ў Беларусі з улікам існуючых у нас асаблівасцяў, з другога — засцерагчыся ад відавочных і прыхаваных памылак.

Чацвёртая функцыя — гэта інвестыцыі ў інтэлект праз арганізацыю адукацыйнай дзейнасці (семінары, круглыя сталы, канферэнцыі, навучальныя візіты, стажыроўкі) і грашовыя праекты (за перамогай у конкурсе ідуць і сродкі).

Калі грамадская арганізацыя, як наша, на рэалізацыю міні-праектаў ТАНДЭМ змагла ў суме прыцягнуць паўмільёна еўра, то такога роду орган, як асацыяцыя, можа за адзін праект прыцягнуць суму, над якой мы працавалі сем гадоў. Бо яна будзе прадстаўляць публічную галіну ўлады ўсёй краіны, калі весці гаворку аб Нацыянальнай асацыяцыі.

Яшчэ адна функцыя — абарона правоў і законных інтарэсаў сваіх членаў.

Самакіраванне — гэта публічная ўлада, якая не ўваходзіць у сістэму дзяржаўных органаў. Але гэтую самастойнасць ні ў якім выпадку не варта ўспрымаць як адасобленасць або як структуру, накіраваную на супрацьстаянне.

Тут трэба разумець, што ўся эвалюцыя чалавецтва — спрадвечная барацьба ідэй: хтосьці прапануе адно, хтосьці нешта іншае, і ў выніку аб’яднання ідэй нараджаецца трэцяя ідэя — новая і лепшая. Гэты доўгі шлях трэба прайсці.

Асацыяцыя павінна ўдзельнічаць ва ўсіх вызначальных рашэннях, якія датычацца інтарэсаў самакіравання, і яна па гэтых рашэннях павінна быць завадатарам.

Яшчэ адно важнае пытанне. На сёння дзве першыя асацыяцыі (Гродзенская і Магілёўская) былі сфарміраваны па тэрытарыяльным прынцыпе. Што гэта азначае?

Кожны дэкларуе, што ў рамках сваёй вобласці будзе рабіць усё, каб у нас было лепш за ўсіх. Але калі ў кожнай з шасці абласцей будзе створана свая асацыяцыя і кожная будзе імкнуцца дасягнуць найлепшага выніку ў сваёй асобна ўзятай вобласці, а «пірог», фігуральна кажучы, адзін, — то падобная сітуацыя не будзе дзейнічаць на кансалідацыю, а наадварот. А значыць, і кансэнсусу будзе дабіцца цяжэй, і эфектыўнасць будзе ніжэй. А калі фарміраваць асацыяцыі не па тэрытарыяльнай прыкмеце, а па ўзроўні інтарэсаў (абласныя Саветы аб’ядноўваюцца ў адну структуру, раённыя — у іншую) — то эфект, на маю думку, будзе больш істотны

Нэлі ЗІГУЛЯ