Сінькевіч, Г. Спаборнічалі суднамадэлісты : [абласныя спаборніцтвы па суднамадэльным спорце сярод дзяцей і падлеткаў] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 28 лютага. — С. 5.
Абласныя спаборніцтвы па суднамадэльным спорце сярод дзяцей і падлеткаў прайшлі ў Магілёве. Іх галоўная мэта — папулярызацыя сярод навучэнцаў спартыўна-тэхнічных гурткоў, а таксама прадастаўленне юным канструктарам- суднамадэлістам магчымасці праявіць сябе.
Як паведаміла загадчык спартыўна-тэхнічнага адцзела абласнога Цэнтра творчасці Вольга Патапава, сёлета ўдзел у спаборніцтвах прымалі шэсць каманд з Магілёва, Бабруйска, Крычава і Горацкага раёна.
— Спаборніцтвы па суднамадэльным спорце праходзяць у два этапы і патрабуюць сур’ёзнай падрыхтоўкі. Да ўдзелу дапускаюцца караблі, прататыпы якіх існуюць або існавалі. Першы этап — стэндавы агляд, падчас якога ацэньваецца адпаведнасць прадстаўленых мадэлей чарцяжам, захаванне маштабу, дэталіроўкі і афарбоўкі. Суддзі звяртаюць увагу на самыя дробныя дэталі — нават на якасць афарбоўкі, — расказала Вольга Іванаўна.
Другім этапам былі хадавыя спаборніцтвы. У басейне ясляў-сада — сярэдняй школы № 44 Магілёва пабудавалі спецыяльную трасу для караблёў і падводных лодак, якую спартсмены павінны былі пераадолець з максімальнай хуткасцю або дакладнасцю.
— Так, у класе радыёкіруемых караблёў спартсмен павінен прайсці ўсю дыстанцыю максімальна хутка, не закрануўшы пры гэтым буі, і паставіць судна ў док, выкарыстоўваючы задні ход. Максімальны час на праходжанне маршруту — 7 хвілін. У мадэлей у класе “прамаходы” крыху іншая задача: удзельнік павінен выверыць курс і правесці мадэль на фінішы праз спецыяльныя вароты, — адзначыла Вольга Патапава.
Па выніках агульнай колькасці набраных балаў наймацнейшай у спаборніцтвах па суднамадэльным спорце стала каманда Горскай сярэдняй школы Горацкага раёна. Прадстаўнікі гэтай установы адукацыі занялі таксама 3-е прызавое месца. А вось 2-е месца заваявалі спартсмены з абласнога Цэнтра творчасці. Ка- манда-пераможца атрымала ва ўзнагароду кубак, прызёры былі адзначаны дыпломамі.