Да навукі — праз фестываль

Сінькевіч, Г. Да навукі — праз фестываль : [у БРУ адбыўся чарговы фестываль навукі] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 28 лютага. — С. 5. 

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Магілёўскі гарвыканкам, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і Ліцэй БРУ. Але ініцыятарам маштабнага форуму з’яўляецца непасрэдна УВА. Установа — буйны рэгіянальны навукова-адукацыйны цэнтр. Толькі за апошні год тут адкрыліся ўнікальныя навуковыя лабараторыі па робататэхніцы і фатоніцы.

Сёлета форум, накіраваны на прыцягненне да навукі і даследаванняў моладзі, сабраў разам сотні ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Таджыкістана і Грузіі. Праявіць сябе на фестывалі навукі маг­лі навучэнцы старшых класаў школ, ліцэяў, каледжаў, студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, якія прымаюць удзел у любых формах навукова-тэхнічнай творчасці.

Першая магчымасць паказаць свае здольнасці маладым навукоўцам і пачынаючым даследчыкам прадастаўлялася на выставе-дэманстрацыі “Навука ўчора і сёння”. Увогуле, падчас фестывалю было прадугледжана мноства мерапрыемстваў. Моладзь запрашалася да ўдзелу ў адкрытай міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы, гарадской алімпіядзе па матэрыяла­знаўстве і тэхналогіі матэрыялаў, абласной рэгіянальнай каманднай алімпіядзе студэн­таў і школьнікаў па праграмаванні, Міжнароднай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Гульні розуму”. Педагогам прапаноўвалася паўдзельнічаць у Рэспубліканскім адкрытым конкурсе педагагічных праектаў “Ёсць ідэя!”. Акрамя таго, усіх жадаючых чакалі інтэлектуальны чэмпіянат “Свая гульня”, дэманстрацыя работ пераможцаў Міжнароднага фестывалю вучэбных фільмаў, маладзёжны форум “Маркетынг-NEXT”, а таксама розныя круглыя сталы, лекцыі-дыспуты ад лепшых беларускіх і замежных навукоўцаў.

Шырокія магчымасці для самапрэзентацыі ўдзельнікі фестывалю навукі выкары­сталі ў поўнай меры. У дзень закрыцця форуму не адзін дзясятак ганаровых прызавых дыпломаў знайшоў сваіх уладальнікаў. Але галоўнае, што фестываль зноў прыцягнуў увагу моладзі да заняткаў навукова-даследчай дзейнасцю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.